Бачыла ў фэйсбуку водгук Антона Рудака на аповесць Зараславы Камінскай, якая сёлета выйграла прэмію «Дэбют». Водгук быў настолькі няўхвальны, што вырашыла і не марнаваць часу на тых «Русалак». Даўно ўжо нічога добрага і свежага не чакаю ад беларускай літаратуры, ні ў плане сюжэта, ні ў плане мовы ды стылю. Святлана Курс маўчыць, Віктар Шукеловіч маўчыць. Вось хіба Валер Гапееў апублікаваў у фэйсбуку ўрывак з будучага рамана, сімпатычны, але калі яшчэ той раман.

Выпадкова пабачыла «Русалкі клічуць» у «Акадэмкнізе». Закарцела глянуць, што ж так узлавала майго любімага беларускага паэта. Адкрыла — дзіўлюся: пачатак добры. Спакойны, але дае прадчуванне развіцця падзей. Прагартала — і нішто не разанула, наадварот. Ужо дачытаўшы «Русалак», зразумела для сябе: Антон Рудак геніяльны паэт, але як да мастацкага крытыка, бадай, прыслухоўвацца да яго больш не буду.

Магчыма, хтосьці чакаў ад кнігі гістарычнага асэнсавання жыцця беларусаў 1920—40-х на фоне біяграфіі Алены Кіш. Гэта, канечне, і блізка не яно. Зараслава Камінская напісала вельмі цэльны твор, выключна мастацкую прозу з мінімумам самарэфлексій (якіх са страхам чакаеш сустрэць у беларускіх кнігах). У гэтай кнізе ўсё да месца. Чытаючы «Русалак», не прыходзіцца рабіць скідку на тое, што твор беларускі (нашым аўтарам можна многае дараваць проста за тое, што яны ёсць).

Сюжэты тонка, прыгожа закальцоўваюцца. Мова кніжкі простая, але жывая. Метафар няшмат, але ўсе харошыя.

Канечне, месцамі адчуваецца, што ў аўтара гэта кніга першая. Можа быць, трохі не хапае распрацоўкі персанажаў. Можа быць, не ўсе стадыі аповеду аднолькава ўдалыя. Але за ўсім гэтым вялікі патэнцыял, і

«Русалкі» — яўна адзін з найлепшых узораў беларускай прозы апошніх гадоў.

Гэта, бадай, досыць жаночая, нават дзявочая літаратура, але ў гэтым хутчэй плюс: нішавых твораў у нас вобмаль. Дзве паралельныя сюжэтныя лініі, адна ў нашым часе, другая ў паваенныя гады.

Галоўныя гераіні — маладая манікюрніца, якая нічога не чакае ад жыцця, і таго ж веку калгасніца, якая жыве самотным жыццём і сябруе хіба з суседскай бабуляй. У жыццё абедзвюх уплеценае знаёмства з наіўнай мастачкай, аўтаркай маляваных дываноў Аленай Кіш. З гэтага знаёмства ў аповесці пачынаецца Караткевіч, «Вій» і Эдгар По.

Атмасфера створаная па-майстэрску. Кніга ператвараецца ў дэтэктыў, трылер, трымценнік незаўважна, але выразна. Дачытаўшы, прыслухалася да сябе: сэрца тухкае, святло выключаць страшна. Даўно ўжо не чытала нашай прозы з такім захапленнем.

Відаць, кніга для аўтаркі пачалася з мастацтва Алены Кіш. Яе дываны прасякнутыя нейкай незямной энергіяй. Мо нават злавеснай. На іх няўтульна глядзець, але цяжка адарвацца.

У час чытання, бывае, здаецца, нібы ўся апісаная гісторыя насамрэч прамалявана на палатне, у чырвона-жоўтай гаме, трывожная і прыцягальная.

Хто яго знае, можа, наша жыццё — гэта таксама проста малюнак на чорным на дыване ў даўно закінутай хаце? Самотная мастачка нешта знала. А Зараслава Камінская паспрабавала адчуць услед за ёй.

Кніжка невялікая, старонак на сто. Гэтага, канечне, мала. Хочацца, каб Зараслава напісала нам раман. Камінская цалкам можа стаць нашай, беларускай, Донай Тарт. Або Джаан Харыс. Або кім захоча.

Чытайце таксама: Пісьменніца Зараслава Камінская пра балеткі ад Belwest, стары Наваполацк, байдаркі і мінскі пах шакаладу

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?