Расійскі журналіст Аркадзь Бабчанка заявіў, што яму паведамілі аб падрыхтоўцы яго забойства месяц таму і папрасілі аб садзейнічанні.
Пра гэта ён паведаміў асабіста на сумесным брыфінгу з кіраўніком Службы бяспекі Украіны Васілём Грыцаком.
Ён папрасіў прабачэння ва ўсіх за тое, што прымусіў перажыць «усё гэта». Асобна ён папрасіў прабачэння ў сваёй жонкі і падзякаваў СБУ за тое, што захавалі яму жыццё.
«Я не ведаю пра што гаварыць. Тут было без варыянтаў», — сказаў Бабчанка.
Журналіст патлумачыў, што аперацыя рыхтавалася два месяцы, але пра замах на яго яму паведамілі месяц таму, варыянтаў прымаць ці не прымаць удзел у інсцэніроўцы ўласнага забойства, паводле яго слоў, у яго не было.
«Я бачыў, як хлопцы працавалі, носам бурылі, як буйвалы. Сёння гэты чалавек затрыманы. Дэталі казаць не буду. Злачынства даказана. Усе доказы відавочныя», — сказаў Бабчанка.
«Маё жыццё захавалі, але самае галоўнае прадухіленыя больш сур'ёзныя тэракты і людзі рыхтаваліся сур'ёзна», — дадаў ён.
Паводле яго слоў, у заказчыкаў было яго фота з пашпарта, якое ёсць толькі ў пашпартным стале, што, на яго думку, сведчыць пра дачыненне расійскіх дзяржорганаў да падрыхтоўкі яго забойства.
Ён адзначыў, што злачынства рыхтавалася да Лігі Чэмпіёнаў і ён як мог зацягваў час.
«То нагу зламаў, якую не ламаў насамрэч, то нібыта з'ехаў куды-небудзь», — растлумачыў журналіст.
«Палова справы зроблена, я сваю працу выканаў. Я пакуль яшчэ жывы. Не дачакаюцца», — дадаў Бабчанка.