Аляксандр Шпакоўскі некалі быў у апазіцыйным «Правым альянсе» і ахоўваў Аляксандра Мілінкевіча, а ў выніку зблізіўся з «еўразійцамі». Цяпер яго звязваюць са структурамі Міністэрства ўнутраных спраў. Фота zviazda.by.

Аляксандр Шпакоўскі некалі быў у апазіцыйным «Правым альянсе» і ахоўваў Аляксандра Мілінкевіча, а ў выніку зблізіўся з «еўразійцамі». Цяпер яго звязваюць са структурамі Міністэрства ўнутраных спраў. Фота zviazda.by.

На думку Шпакоўскага, палітыка Захаду ў дачыненні Беларусі добра прадуманая і адпрацаваная. Галоўнымі мэтамі гэтай палітыкі ён лічыць навязванне Беларусі ліберальна-рыначнай эканамічнай мадэлі, а таксама прадухіленне стварэння паўнавартаснай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

Палітолаг мяркуе, што супраць Беларусі вядзецца сапраўдная інфармацыйная вайна. Захад нібыта імкнецца стварыць негатыўны вобраз беларуска-расійскай інтэграцыі. Пры гэтым заходнія медыя, як сцвярджае Шпакоўскі, імкнуцца прапагандаваць у Беларусі заходнія інтэграцыйныя структуры.

Асобным пунктам ідзе «прапаганда нацыяналізму» ў Беларусі.

«Для лепшага разумення сучаснага становішча адзначу, што падтрымка беларускага нацыяналізму і выкарыстанне гэтай ідэалогіі ў геапалітычным проціборстве з Расіяй з'яўляецца традыцыйнай устаноўкай знешняй палітыкі ЗША»,

— упэўнены Шпакоўскі.

Палітолаг сцвярджае, што Захад актыўна інфільтраваў у беларускую палітыку і журналістыку нацыяналістаў, але безвынікова:

— Праект пабудовы ў Рэспубліцы Беларусь празаходняй нацыяналістычнай дзяржавы пацярпеў паражэнне.

З 1995 па 2011 год, мяркуе палітолаг, Захад спрабаваў некалькі раз ажыццявіць у Беларусі каляровую рэвалюцыю. Гэтыя дзеянні нібыта хаваліся за фігавым лістком «абароны правоў чалавека». Але ў Захаду нічога не атрымалася, таму, мяркуе Шпакоўскі, яны змянілі сваю тактыку пры нязменнай стратэгіі.

«Ад курса на «каляровую рэвалюцыю» Захад перайшоў да новага курса, які атрымаў назву «трансфармацыя» і «ўцягванне». Ён прадугледжвае паступовую негвалтоўную змену ўлады і геапалітычнага выбару Рэспублікі Беларусь з дапамогай змены грамадскай свядомасці і каштоўнаснай базы насельніцтва»,

— кажа Шпакоўскі.

З 2015 года заходнія некамерцыйныя арганізацыі пачалі выдзяляць грошы не на рэвалюцыю, а на падтрымку грамадска карысных апалітычных ініцыятыў, мэта якіх — змена настрояў беларускага грамадства і эліт.

Галоўнымі заходнімі фондамі, якія працуюць з Беларуссю, Шпакоўскі называе IRI (Міжнародны рэспубліканскі інстытут Рэспубліканскай партыі ЗША), NDI (Нацыянальны дэмакратычны інстытут Дэмакратычнай партыі ЗША), NED (Нацыянальны фонд у падтрымку дэмакратыі, ЗША), GMF (Германскі фонд Маршала, Германія-ЗША), PACT (ЗША), SIDA (Шведскае агенцтва па дапамозе развіццю), KAS (Фонд Конрада Адэнаўэра Хрысціянска-дэмакратычнага саюза Нямеччыны), FES (Фонд Фрыдрыха Эберта Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны), якія разам з асобнымі грантамі ўрадаў падтрымліваюць розныя інтэрнэт-рэсурсы і блогераў:

«Створана, матэрыяльна абсталявана магутная прапагандысцкая машына, якая працуе на тое, каб перарабіць свядомасць беларускага грамадства».

Аднак асаблівых поспехаў, мяркуе Шпакоўскі, заходнія структуры не дасягнулі. Толькі невялікая частка насельніцтва ўспрыняла ідэалогію, якую нібыта прапагандуе Захад. У першую чаргу — у пытанні нацыянальнай ідэнтыфікацыі. Але крытыкуе Шпакоўскі не толькі Захад (які прапагандуе нацыяналізм), але і расійскіх чарнасоценцаў, якія адмаўляюць існаванне асобнай беларускай нацыі.

Вінаваціць Шпакоўскі і расійскі істэблішмэнт, які замест таго, каб будаваць раўнапраўную Саюзную дзяржаву разам з Беларуссю, развязвае гандлёвыя войны. На думку праўладнага палітолага, гэта шкодзіць геапалітычным інтарэсам самой Расіі, бо толькі ўмацоўвае пазіцыі Захаду ў Беларусі:

«Пры ацэнках беларускай сітуацыі расійскаму кіраўніцтву, СМІ і экспертным колам варта пазбягаць як меркаванняў аб «падтрымцы» нацыянал-радыкалізму з боку афіцыйнага Мінска, так і вялікадзяржаўных нападак на дзяржаўную незалежнасць, гісторыю і культуру Беларусі. Усё гэта неадкладна выкарыстоўваюць нацыяналісты для далейшай дыскрэдытацыі беларуска-расійскага саюза, распальвання нянавісці і варожасці».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?