Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытаньні закон «Аб масавых мерапрыемствах» у Рэспубліцы Беларусь. Супраць галасавалі двое — дэпутаткі Алена Анісім і Ганна Канапацкая, піша Радыё Свабода.

Разгляд законапраекту не заняў і дзесяці хвілін. Намесьнік старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Валер Саўко выступіў перад дэпутатамі з характарыстыкай закону. Пытаньняў яму не задавалі.

Калі параўноўваць канчатковы варыянт з варыянтам 1-га чытаньня, то прынцыповых зьменаў у ім амаль няма. Адзіная істотная зьмена тычыцца прадстаўнікоў СМІ. У прыватнасьці, калі раней было прапісана, што пры асьвятленьні масавых мерапрыемстваў журналіст павінен мець альбо надпіс «Прэса», альбо нейкую нарукаўную павязку, то ў новай рэдакцыі прапісана, што журналіст мусіць мець пры сабе ясна бачны знак адрозьненьня. Што тычыцца іншых прапаноў, якія ўносілі праваабаронцы, то ў законапраекце яны не былі зафіксаваныя.

На пытаньне, чаму, напрыклад, не дазволена асьвятляць мерапрыемствы ня толькі штатным, а і пазаштатным супрацоўнікам СМІ, Валер Саўко адказаў, што справа ў тым, што «ня ўсе пазаштатныя карэспандэнты маюць пасьведчаньні, і мы стараліся зрабіць так, каб не ствараць арганізатарам мерапрыемстваў дадатковых складанасьцяў».

Цяпер закон будзе перададзены на разгляд у Савет Рэспублікі, а адтуль на подпіс Аляксандру Лукашэнку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?