Адна рускамоўная выкладчыца Кембрыджскага ўніверсітэта дзялілася сваім досведам работы ў гэтай установе. З допісу вынікала маляўнічая карціна старой брытанскай адукацыі.

Адукацыя ў Оксбрыджы (Оксфард і Кембрыдж) арганізаваная спрэс вакол пісьма. Курс называецца paper, якая дзеліцца на 12 тэм; яны называюцца эсэ. Кожная з іх складаецца з загадзя сфармуляванага пытання, адказваючы на якое, студэнт піша невялікі тэкст. Той у далейшым абмяркоўваецца з выкладчыкам. Таксама і выніковы экзамен уяўляе сабой пісьмовую работу.

Відавочна, што дыдактычная мэта такой арганізацыі заняткаў — навучыць пісаць. Напытваць, аргументаваць. Гэта тэхнічнае мэтавызначэнне: не «што», а «як». З прыгожай высновай: «У Кембрыджы веды — гэта пісьмо».

У сучаснай педагогіцы гэта называюць «кампетэнтасным падыходам», «напрацоўкай здольнасцей».

Я магу спаслацца таксама на ўласны досвед. Дзякуючы кантактам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта з нямецкімі ўніверсітэтамі я меў магчымасць два семестры павучыцца ў Лейпцыгу (там некалі Жылуновіч друкаваў беларускія падручнікі).

Проці БДУ гэта быў іншы сусвет. Пачынаючы з таго, што трэ было самому клапаціцца пра свой расклад, і канчаючы акурат дыдактычнай штодзённасцю. Змоўчу, наколькі вальней пачуваецца чалавек у заходнім кампусе (дый не такі ўжо і Захад тая Саксонія). Скажу толькі пра курсы.

Цэлы семестр, напрыклад, мы вывучалі П’ера Бурд'ё. Другі семестр — Райнхарта Казэлека. Тыдзень пры тыдні чытаюцца тэксты аднаго аўтара — артыкулы, даклады, урыўкі з кніг — і абмяркоўваюцца. У канцы зазвычай пішацца так званая хатняя работа (Hausarbeit). Гэта — іспыт.

Не трэ было вучыць два семестры агульную педагогіку, семестр — гістарычную дыдактыку і семестр — педагогіку вышэйшай школы (такі прафесійны бэкграўнд магістра гісторыі з дыпломам БДУ), каб убачыць, што цяперашняя беларуская адукацыя бясконца далёкая і ад Кембрыджа, і ад Лейпцыга. Будзе гэта БДУ ці Універсітэт імя Шамякіна, у Беларусі вучаць аднолькава. За семестр праходзіцца, напрыклад, уся філасофія (у элегантнай, нязмушанай вікіпедыйнай манеры). У канцы здаецца кафкіянскі іспыт на паўсотню пытанняў.

Таму рэформа гістарычнай адукацыі, анансаваная Марзалюком, не павінна выклікаць наогул ніякіх пачуццяў, акрамя déjà vu. Зачароўвацца не тое каб рана: зачароўвацца няма чым. Нацыянальная перспектыва, дзяржаўнасць, філасофія — царыца навук? Тэмы пачатку 90-х ці нават даўнейшай пары. Гэтыя захады нічога не зменяць у беларускіх універсітэтах.

Бянтэжыць у гэтай кароткай гісторыі не маштаб ці змест рэформы. Знаючы, у якой рамцы працуе цяперашні ўрад, здзіўляцца не выпадае, а пасля скасавання конкурснага адбору ў гімназіі дык і наогул няма пра што гаварыць, акрамя болю. Бянтэжыць змест і кірунак дыскусіі аб адукацыі.

Толькі аднойчы ў Марзалюка мільганула «студэнцкацэнтрычнасць» (хіба выпадкова). Голубеў і Пашкевіч, каментуючы, пагадзіліся, што змены добрыя, але разышліся ў меркаванні, ці будуць яны ажыццёўленыя. Хоць розніцы ніякай: будуць ці не будуць. З 1993-га года ў Беларусі гісторыю выкладаюць з таго самага «беларускага гледзішча». Змяняліся нюансы, але не сама перспектыва. І заўсёды ў цэнтры была дзяржаўнасць (гэта яшчэ Карамзін).

Уласна пра ўніверсітэт, пра ягоную адлучанасць ад еўрапейскай сучаснасці ніхто не рупіцца. Тое самае адбываецца пакуль што і вакол Універсітэта імя Гілевіча. Яшчэ ніхто не растлумачыў, як там будзе весціся навучанне. Кепска будзе, калі рэй павядуць вадзяністыя кампіляцыі і бязглуздыя іспыты, але па-беларуску.

Трэба ясна разумець. Галоўны дэфіцыт беларускай адукацыі, ейная функцыя ў падтрыманні беларускай оруэлаўшчыны палягае ў тым, што студэнтаў вучаць, імкнучыся абняць як мага больш інфармацыі. Гэтая прыкрасць — спадчына савецкай адукацыі. Тут няма чаго думаць: савецкая адукацыя — зло, якое трэба выкараніць. Сёння ў беларускіх універсітэтах мусілі б не зубрыць, а вучыцца аналізаваць і ўжываць веды.

Не пераказваць на семінары артыкул з вікіпедыі пра Мішэля Фуко, а чытаць і разбіраць урыўкі з «Гісторыі сэксуальнасці» ці глядзець ягоную дыскусію з Хомскім. Не завучваць, хто і ў які дзень у пару рэвалюцыйных войнаў 1917—1920 гадоў займаў Менск, а аналізаваць «Тутэйшых» Купалы, разважаючы пра посткаланіяльную сітуацыю і суб’ектнасць.

Вучыць чытаць і вучыць пісаць. Ужо далей, можа, удасца паправіць і псіхалагічны клімат ва ўніверсітэтах, і перагледзець дыпломы (у Нямеччыне гісторык і настаўнік гісторыі — розныя прафесіі; варта пра гэта задумацца), і ўвесці крэдытную сістэму.

Можа, некалі такі шчаслівы дзень настане. Але для гэтага трэба хаду дыскусіі змяніць, прымусіць яе працаваць на мадэрнасць. Перагледзець хібны парадак дня, дакладней аналізаваць бягучую сітуацыю. Урэшце, пашырыць сістэму каардынат: каб Кембрыдж і Гілевіч суседнічалі ў разважанні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?