Сёння зноў шмат пішуць пра Курапаты, у тым ліку — і рознага прахалоднага, кшталту «увесь Менск на касцях», «вялікая ахоўная зона», «экспрапрыяцыя» і гэтак далей. Усё разумею, і нават гаспадароў «Бульбаш-хола» ў нечым разумею: яны ўклалі ў будаўніцтва такія грошы, якія надзейна выпальваюць унутры чалавека любое сумленне. Я пра іншае ўвесь час думаю.

Я займаюся імі, людзьмі з тых, хто там, імаверна, ляжыць. Біяграфістыка — захапляльная навука, і жыццё маіх герояў часам падаецца мне зусім адчувальным, бачным, іншы раз мне здаецца, я ведаю нават іх сны і ўспаміны, бо ўвесь час маю справу з іх лістамі, творамі, дакументамі, дзённікамі, мемуарамі, выдавецкімі дагаворамі, метрыкамі, гімназічнымі ведамасцямі… Канешне, я думаю пра тое, як яны паміралі.

Недзе я прачытала: «Як чакалі смерці нашы пісьменнікі? Якія песні яны пелі ў камеры?»

Я не думаю, што яны пелі песні. Гэта рамантызаваны погляд на смерць, выхаваны ў нас савецкімі фільмамі пра герояў. Сёння ёсць некаторая колькасць больш праўдзівых тэкстаў пра тое, што робіць чалавек у камеры смяротнікаў. Чалавеку страшна, яму можа вельмі балець жывот. Ён можа думаць пра тое, колькі часу ён не кахаў — і ўжо ніколі не пакахае — жанчыну. Вядомае сведчанне Майсея Сяднёва, са словаў чалавека, які нейкім неверагодным чынам пазбег смяротнага прыгавора і быў пераведзены 28 кастрычніка з камеры смяротнікаў у звычайную камеру, што ў той камеры засталіся Зарэцкі і Дудар, і яны чакалі памілавання. Вядома, што Ізі Харык біўся галавой у сцяну камеры і крычаў на ідыш: «За што? За што?» Вядома, што Платон Галавач пакінуў запіску: «Гісторыя яшчэ скажа праўду пра нас». Вядома, што Міхась Чарот выразаў на сцяне камеры апошні свой верш — «Прысяга».

Але як было ў Курапатах і ці было гэта наогул у Курапатах — мы не ведаем. Іх маглі пасадзіць у душагубкі, атруціць газам і скінуць у ямы ўжо мёртвымі — у 1937 такое практыкавалася, — пастраляць за ноч 100 чалавек — справа складаная. Іх маглі прывозіць па дваццаць, саджаць на край ямы, у якой ужо ляжалі папярэднія дваццаць — і страляць па чарзе, пасадзіўшы апошнім якога-небудзь самага непрыемнага, самага зацятага, таго, хто і ў машыне глядзеў злымі вачыма, каб пачуў усе дзевятнаццаць стрэлаў, покуль дойдзе да яго.

З іх усіх лепш за ўсё я ведаю Дудара. Пра яго я баюся думаць, сказаць па праўдзе, калі ты два гады займаешся тым, каб вярнуць чалавеку ягонае жыццё, цяжка думаць пра смерць, але яно часам думаецца. І я думаю, што, седзячы на той апошняй сваёй строме, чакаючы патыліцай стрэл, ён заплюшчыў вочы і глыбока дыхаў. Удых — выдых. Удых — выдых. Стрэл — удых. Стрэл — выдых. Ён быў мужным чалавекам. Кажуць, ён не надта супрацоўнічаў са следствам (кажуць і іншае), да таго ж ішоў па дакументах следства як кіраўнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі — разам з Чаротам і Зарэцкім. Яго цалкам маглі пасадзіць апошнім. Ён доўга дыхаў. Калі так доўга глыбока дыхаць — у галаве робіцца, нібыта ты моцна п'яны.

Проста такія вось думкі. Няхай пра іх ведаюць тыя, хто паедзе абедаць у Курапаты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?