Лідэр «Выбарчай акцыі палякаў Літвы» Вальдэмар Тамашэўскі раскрытыкаваў тэлеканал Белсат. Паводле літоўскага эўрадэпутата, «Белсат на беларускай мове русіфікуе палякаў Літвы». Пра гэта палітык заявіў у эфіры польскага каталіцкага тэлеканалу «TV Trwam», піша Радыё Свабода.

«Чаму 25 мільёнаў злотых ідзе на тэлевізію Белсат, якая на беларускай мове русіфікуе палякаў у Беларусі. А чаму мы, у Літве, ня маем польскамоўнага каналу?» — сказаў Тамашэўскі.

Вальдэмар Тамашэўскі амаль 20 гадоў узначальвае галоўную польскую партыю Літвы. Быў дэпутатам літоўскага Сэйму, у 2014 годзе быў абраны дэпутатам Эўрапейскага парлямэнту.

Пракамэнтаваць заяву Вальдэмара Тамашэўскага Свабода папрасіла старшыню Саюзу палякаў Беларусі Анжаліку Борыс.

«Белсат незалежны канал і на сёньня гэта адзіная незалежная тэлевізія ў Беларусі. Там ёсьць перадача для палякаў і пра палякаў, па-польску — «Nad Niemnem». Гэта каштоўная тэлевізія. У Беларусі вялікія праблемы са свабодай слова, блякуецца партал «Хартыя’97″. І таму Белсат мае вялікае значэньне. І для беларусаў, і палякаў, грамадзян Беларусі. І я не пагаджаюся з дэпутатам Тамашэўскім, што Белсат русыфікуе. Наадварот. Белсат супраціўляецца татальнай русыфікацыі Беларусі», — сказала Борыс у інтэрвію Свабодзе.

Вялізны скандал у Літве некалькі гадоў таму выклікала зьяўленьне Тамашэўскага на Антокальскіх могілках з георгіеўскай стужкай на пінжаку. Сам палітык тлумачыў, што лічыць стужку сымбалем рыцарскага духу. Мясцовая эліта тлумачыла, што гэта быў тактычны крок у польска-літоўскай палітычнай гульні, каб здабыць прыхільнасьць расейскамоўных выбарцаў у Літве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?