Імя былога старшыні Мінскага аблвыканкама Барыса Батуры ўсплыло ў сувязі з сітуацыяй з адкрыццём рэстарана ў Курапатах. Высветлілася, што яшчэ ў 2012 годзе Генеральная пракуратура сумесна з Міністэрствам культуры прапаноўвала яму спыніць будаўніцтва так званага «Бульбаш-хола», які цяпер мае назву «Паедзем паядзім».
Барыс Батура. Фота mlyn.by.
Тагачасны намеснік генеральнага пракурора Мікалай Кукліс дасылаў на імя Батуры прадстаўленне, дзе пісаў аб парушэннях пры будаўніцтве, а таксама заклікаў пакараць вінаватых і, магчыма, нават спыніць будаўніцтва. Аднак Батура гэтага не зрабіў. У 2018 годзе рэстаранны комплекс запрацаваў.
Мы датэлефанаваліся да былога чыноўніка, але надта шмат словаў з Барыса Батуры выцягнуць не атрымалася.
«Я не помню. Я не помню абсалютна. Можа быць іншыя людзі гэтым займаліся, а не я. Можа, і быў такі зварот ад генпракуратуры, але я гэтым не займаўся», — сказаў Батура.
«НН»: А вы сочыце за сітуацыяй у Курапатах сёння?
ББ: Ды не… Я ж цяпер пенсіянер.
«НН»: І не ведалі, што ваша імя цяпер сталі ўспамінаць у сувязі з гэтай гісторыяй?
ББ: Не чуў [кажа па-беларуску — «НН»].
«НН»: Пра сам рэстаран помніце хоць нешта?
ББ: Ды даўно гэта было. Шчыра кажучы, і ўспамінаць не хочацца.
«НН»: Як вы ставіцеся да Курапатаў? Што думаеце пра гэтае месца?
ББ: Я б зрабіў там мемарыял, каб нармальна было ўсё.
«НН»: А тое, што побач рэстаран, нічога кепскага не бачыце?
ББ: Я не бачу. А што бачыць? Увесь свет такі. Жыццё ж працягваецца. А вось комплекс у саміх Курапатах трэба нейкі зрабіць.
«НН»: Вы самі бывалі ў Курапатах?
ББ: Быў, канечне.