Варта з 12 да 24 гадзіны штодня, адказваць за якую будуць 7 арганізацый — сустаршыня партыі БХД Павал Севярынец паведаміў Радыё Свабода, што так званы плян «Чахольскага-Дашкевіча» зацьвердзяць 11 чэрвеня.

Плян будзе распрацаваны па прапанове адказнага сакратара ўправы сойму КХП БНФ Алеся Чахольскага і грамадзкага актывіста Зьмітра Дашкевіча. Адказваць за варту бяруцца 7 арганізацый: «Альтэрнатыва», Рух салідарнасьці «Разам», Беларуская Хрысьціянская дэмакратыя, Беларускі Народны фронт, Малады фронт, Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя — БНФ, «Эўрапэйская Беларусь».

Павал Севярынец паведаміў, што 10 чэрвеня пратэсты каля рэстарацыі працягваюцца. У іх удзельнічаюць 10 чалавек. Наведнікаў рэстарана няшмат. Некаторыя зь іх разьвяртаюць аўтамабілі, калі бачаць пратэстоўцаў і атрымліваюць улёткі зь інфармацыяй пра Курапаты.

На актывістаў Натальлю Гарачка і Дзяніса Урбановіча склалі пратаколы супрацоўнікі ДПС за знаходжаньне на праезнай частцы.

11 чэрвеня ў 12.15 каля брамы рэстарана «Поедем поедим» адбудзецца нарада, на якой зацьвердзяць новы плян варты.

12 чэрвеня ў 12.30 на гэтым месцы зьбярэцца «юрыдычная камісія». Будуць падрыхтаваныя звароты ў Міністэрства культуры, Менскі раённы выканаўчы камітэт, Менскі абласны выканаўчы камітэты, Камітэт па дзяржаўным кантролі і Міністэрства гандлю. У зваротах актывісты і экспэрты патрабуюць «зачыніць, зьнесьці альбо перанесьці гэты будынак», — паведаміў Павал Севярынец Радыё Свабода.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?