Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц заявіў, што назіраецца прадузятае стаўленне спецыялістаў Рассельгаснагляда да беларускіх прадпрыемстваў, адзначае «РІА Новості».

«Мы бачым, што ідзе прадузятае стаўленне з боку Рассельгаснагляда да нашых прадпрыемстваў. Ідзе неабгрунтаванае абвінавачванне з боку спецыялістаў Рассельгаснагляда, гэта праяўляецца на (прыкладзе) малочных прадпрыемстваў, прадпрыемстваў птушкагадоўлі…

Я сказаў бы нават, што, можа быць, і падтасоўваюцца вынікі лабараторных даследаванняў», — сказаў Заяц у інтэрв'ю тэлеканалу АНТ, якое было паказана ў нядзелю.

У сувязі з гэтым ён заявіў, што беларускаму боку «трэба мэтанакіравана, больш напорыста працаваць па абароне сваіх інтарэсаў», быць больш актыўным і «адпрацоўваць ўзаемадзеянне з расійскім бокам».

Паводле яго слоў, падчас яго візіту ў Маскву ў канцы гэтага тыдня з расійскімі калегамі адбыўся канструктыўны дыялог, былі адпрацаваныя пункты «дарожнай карты» для зняцця абмежаванняў у дачыненні да беларускай прадукцыі.

Адказваючы на пытанне аб магчымасці паўтарэння сітуацый з абмежаваннямі беларускай прадукцыі ў будучыні, міністр адзначыў, што «за апошні час шмат такіх прыкладаў, калі дамаўляліся, але не выконваюцца дамовы з расійскага боку».

Рассельгаснагляд з 6 чэрвеня ўвёў часовыя абмежаванні на пастаўкі ў Расію з Беларусі малака і некаторых відаў малочнай прадукцыі ў спажывецкай тары аб'ёмам большым за 2,5 літра.

У суботу прэс-сакратар Рассельгаснагляда Юлія Мелано па выніках нарады паміж бакамі паведаміла, што профільныя ведамствы дзвюх краін падпісалі «дарожную карту» па працэдуры ліквідацыі ўзаемных абмежаванняў па пастаўках малочнай прадукцыі. Пазней было паведамлена, што Рассельгаснагляд з 11 чэрвеня здымае абмежаванні на пастаўкі малочнай прадукцыі ў РФ з трох беларускіх прадпрыемстваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0