14 чэрвеня гульнёй Расія — Саудаўская Аравія ў 18:00 стартуе Чэмпіянат свету па футболе. Цэлы месяц найлепшыя майстры гэтай гульні будуць вызначаць найлепшую каманду. Падзея, якую футбольныя заўзятары чакалі чатыры гады.

У гэтым аглядзе мы прапусцім яўных фаварытаў, такіх як Германія, Бразілія, Францыя ці Аргенціна, а затое больш пільна паўзіраемся на каманды, якія могуць паднесці сюрпрыз.

Польшча

Можа, для вас будзе дзівам, але наша суседка ўваходзіць у топ-10 наймацнейшых каманд свету паводле рэйтынгу ФІФА. Палякам дасталася не самая моцная група: і з Сенегалам, і з Японіяй, і Калумбіяй можна гуляць і перамагаць.

Гэта наймацнейшая польская каманда ад часоў Гжэгажа Лята і Збігнева Бонека. Тыя палякі двойчы бралі бронзавыя медалі на мундыялях. Няўжо цяперашняе пакаленне горшае?

Палякаў наперад павядзе іх бамбардзір Роберт Левандоўскі. 29-гадовы нападаючы «Баварыі» ў адборы забіў аж 16 галоў, а ў яго гонар у Польшчы ўжо называюць вуліцы. Левандоўскі на сённяшні дзень топ-5 найлепшых форвардаў свету, партнёры ў яго падабраныя не самыя благія.

Першы матч Польшча гуляе з Сенегалам, паядынак адбудзецца ў аўторак (18:00).

Ісландыя

Калі гэтыя рудабародыя і блакітнавокія вікінгі выходзяць на поле, то страшна становіцца ўсім. Не верыце, спытайце ў англічан, якія недаацанілі паўночны народ на мінулым Еўра. Ім проста немагчыма не суперажываць.

У зборнай Ісландыі няма ніводнага футбаліста, якога смела можна назваць топам. Гільфі Сігурдсан (футбалістаў з такім прозвішчам у зборнай Ісландыі аж трое)? Ды ну, кіньце, ён нават да ўзроўню Аляксандра Глеба не дацягвае. Гучыць як штамп, але ісландцы моцныя каманднай гульнёй. Ну калі гэта праўда, то што з гэтым зробіш.

Група ісландцам дасталася такая, якую прынята называць «групай смерці»: Аргенціна, Харватыя, Нігерыя. Але вікінгам не прывыкаць. Яны ўжо пакінулі за бортам чэмпіянату моцных галандцаў і туркаў. Могуць паўтарыць.

У першым матчы ў суботу ісландцы гуляюць з Аргенцінай (16:00).

Каб сачыць за чэмпіянатам было яшчэ цікавей, раім вам зрабіць стаўку ў Букмекерскай канторы Марафон!

Харватыя

Ніколі харваты не прыязджаюць на буйное спаборніцтва статыстамі. Ізноў немагчыма не прывесці паралелі з мінулым. Бліскучая зборная Харватыя ўзору 1998 года, якая толькі па няшчасці саступіла ў паўфінале Францыі. Тады лідарам зборнай быў Давар Шукер.

Цяпер наперад харватаў вядуць два абсалютна геніяльныя футбалісты — Лука Модрыч і Іван Ракіціч, якія прадстаўляюць «Рэал» і «Барселону». А ёсць жа яшчэ Манджукіч з «Ювентуса», Перышыч з «Інтэра», Ковачыч з «Рэала». Многія могуць пазайздросціць такому складу.

Гульня Харватыі з Аргенцінай на групавой стадыі будзе шмат значыць для балканскай дружыны. Стане ясна, ці здольныя харваты змагацца за высокія месцы ці абмяжуюцца ўсяго толькі «годным удзелам».

Харватыя — Нігерыя (субота, 22:00).

Егіпет

Цікавасць да егіпцян найперш зашквальвае праз асобу іх галеадора Мухамеда Салаха. Форвард правёў неймаверны сезон у «Ліверпулі», вывеўшы каманду ў фінал Лігі чэмпіёнаў. Траўма перашкодзіла Салаху выйграць той турнір. Цяпер у Мухамеда менш майстравітыя партнёры, але гэта яшчэ больш цікава, як Салах прадэманструе сябе цяпер.

Калі Егіпет пройдзе раўнд ці два ў плэй-оф, то Салах, безумоўна, будзе галоўным прэтэндэнтам на «Залаты мяч». Манаполія Месі і Крыштыяну Раналду шмат каго ўжо стаміла. Зрэшты, Салаху трэба пакуль вылечыцца ад траўмы.

Адметна, што егіпецкая зборная спынілася перад чэмпіянатам у Грозным. Калі Салах адпачываў у гатэлі, то яго пабудзіў Рамзан Кадыраў, які захацеў фотку з зоркай. «Робіць ён, а сорамна нам», — самыя папулярныя на гэтую тэму каменты ў расійскім інтэрнэце.

У пятніцу Егіпет гуляе з Уругваем (15:00), а аўторак — гульня з Расіяй (21:00).

Панама

Прызнавайцеся, колькі з вас не падазравала, што Панама будзе гуляць на мундыялі? Уявіце сабе, галандцы не будуць, італьянцы не будуць, амерыканцы не будуць, а панамцы будуць. Невялікая цэнтральнаамерыканская краіна акурат і выбіла ЗША. Ну як выбіла, амерыканцы самі сенсацыйна саступілі Трынідаду. Панама — абсалютны дэбютант чэмпіянатаў свету.

Гэта зборная, ад якой ніхто не чакае нічога. Толькі добрага настрою. І панамцы «запальваюць» у Саранску, робячыся ўлюбёнцамі мясцовых заўзятараў. Група панамцам дасталася з віду суворая, але з Тунісам можна гуляць на роўных, а Англія і Бельгія часта паплачваюць за сваё піжонства.

Чым яшчэ прыцягвае Панама, дык тым, што ў складзе каманды гуляе самы «тоўсты» футбаліст Мундыялю. Раман Торэс з амерыканскага «Сіэтла» важыць 99 кілаграмаў.

У панядзелак Панаме адразу суворае выпрабаванне — Бельгія (18:00).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?