Калі над вясковымі стрэхамі месяц засвеціць
І самае чорнае з чорным спляцецца ў суквецці,
То зменіцца голас старых, што ўвесь дзень гаманілі ля тыну,
Іх твары збялеюць і вочы заззяюць бурштынам.
Яны павыносяць бажкоў са спархнелых каморак
І, плачачы, будуць шаптаць у калодзежны морак:

— Ў людзей такія пяшчотныя, белыя шыі,
Галовы людскія нібыта ў пажоўклым кавылі.
— І сэрцы такія, што спіца навылет прашые.
— І целы такія, што спіца прашые навылет!
— Крыві ў іхных целах так мала, так мала, так мала,
Амаль і няма. І таму ад няма на амалі
У іх кожная ножка жыве, каб яе паламала.
— У іх кожная ручка жыве, каб яе паламалі.
Каб зводзіць пахілыя вузкія, вузкія плечы,
Рыпець і гайдацца, нібыта пяцелька на браме.
— Такія, нібыта каб толькі ламаць і калечыць
Ці песціць і гладзіць па свежананесенай ране.
— Іх жылы імкнуцца сабой завязацца на вузел
Ці лезуць з-пад скуры агрызкам капронавым вонкі.
— Бо ўсё, што рабіў іх кравец, — бессардэчна завузіў
І шыў усляпую, абмётваў, не бачачы кромкі.
— Ад рання да рання такія сляпыя, сляпыя,
Прыгожыя, тонкія, крохкія зрання да рання.
Яны паміраюць заўчасна такія любыя,
Бо створаны так — для заўчаснасці і памірання.

Так будуць старыя глядзець у калодзежны сподак,
І шэпт іх заціхне, і рэха закончыць размову.
А слёзы, якія, зляцеўшы, застынуць у водах,
На дне месяц прыме лагодна за дождж бурштыновы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?