Наша НІва і Белгазпрамбанк
АД ВКЛ ДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ:
ГАЛОЎНЫЯ МЕЦЭНАТЫ РАДЗІМЫ
Кароткая хроніка вяртання культурных здабыткаў
Культура не толькі фарміруе новыя каштоўнасці праз досвед і ўзаемадзеянні людзей, але і стварае тэхналогіі, здольныя ўплываць на ўсё грамадства. Наша Ніва пры падтрымцы Белгазпрамбанка прасачыла гісторыю беларускіх мецэнатаў і фундатараў культуры. Нам цікава распавесці пра тых, хто ўкладаў рэсурсы ў культурныя здабыткі, творы мастацтва, архітэктуру, ідэі і ўсё тое, што стварала наш культурны ландшафт ад часоў ВКЛ да Рэспублікі Беларусь.

Мы не прэтэндуем на энцыклапедычную паўнату і не хочам нікога пакрыўдзіць, не згадаўшы тут. Нам важна паказаць, хто стаіць за творамі мастацтва ў разрэзе гісторыі беларускай культуры.

Не будзем удавацца ў дэфініцыі, а прымем «мецэнацтва» (падтрымку дзеячаў мастацтва і навукі) і ўзніклае ўжо ў ХХ стагоддзі «спонсарства» за сінонімы.

Мы папрасілі старшыню праўлення Белгазпрамбанка Віктара Бабарыку, прадстаўніка інстытуцыі, якая найбольш шчодра падтрымлівае беларускую культуру, стаць правадніком у свеце заможных беларусаў — мецэнатаў, спонсараў і ўсіх тых, хто рабіў і робіць жыццё сучасных беларусаў больш разнастайным і цікавым.

БЕЛГАЗПРАМБАНК

СТАРШЫНЯ ПРАЎЛЕННЯ БАНКА ПРА АСАБЛІВАСЦІ БЕЛАРУСКАГА МЕЦЭНАЦТВА

БАБАРЫКА

Віктар Дзмітрыевіч

Нарадзіўся ў 1963 годзе ў Мінску. У 1988 скончыў БДУ з дыпломам «Тэарэтычная механіка», у 1995 — Акадэмію кіравання пры Кабінеце міністраў (сёння — Акадэмія кіравання пры прэзідэнце Беларусі), у 2000 — Магістратуру БДЭУ. У 2000 стаў старшынёй праўлення Белгазпрамбанка. Калекцыянер. Банкір. Культурны і грамадскі дзеяч. Аматар тэатра і дайвінгу.
Гутарку мы дамовіліся рабіць у выставачнай зале, дзе захоўваецца карпаратыўная калекцыя Белгазпрамбанка. На сценах — мапа ВКЛ, Суцін, Шагал, Бакст і музейны спакой за ўсіх акцыянераў.

Самы вядомы банкір у беларускім мастацтве не спазняецца. Ён уваходзіць і запаўняе прастору сваёй упэўненасцю. Відаць, так і павінна быць, калі ўлічыць, што на сценах — некалькі мільёнаў даляраў.

Гаворым пра мецэнатаў, багацці беларусаў, заможных суайчыннікаў, поле беларускай культуры і тых, хто яго ствараў на працягу гісторыі ад ВКЛ да Рэспублікі Беларусь.
У бізнэсменаў «першага пакалення» не было прынята купляць мастацтва — не тыя запыты. Магчыма, гэта міф. Як у вас з'явілася цікаўнасць да калекцыянавання? Як гэтая ідэя стала не проста стратэгіяй для банка?
Гэта былі 2000-я. Мы, менеджары-пачаткоўцы, разумелі, што ў нас з'явіўся дадатковы прыбытак і яго трэба ўкладаць у развіццё, а не проста праядаць. І вырашылі развіваць сваю кліенцкую базу, абапіраючыся на моцны бок — мастацтва.

Я не памятаю, хто прынёс у банк кнігу Уладзіміра Шчаснага «Мастакі Парыжскай школы з Беларусі». Гэта быў 2008 ці 2009 год. Нам трапілася на вочы пытанне недзе ў канцы кнігі: «Ці здарыцца такое, што працы мастакоў вернуцца на радзіму?». І мы зразумелі: «ваў!», будзе крута паспрабаваць вярнуць. Для Белгазпрамбанка гэта быў выклік.

Калі мы першы раз убачылі цэны на работы Шагала і Суціна — нам «стала млосна». У той час мы былі не настолькі магутным банкам, каб марыць пра такія шэдэўры.

«Калі мы першы раз паглядзелі на кошты работ Шагала і Суціна — нам «стала млосна». У той час мы былі не такім моцным банкам, каб марыць пра такія шэдэўры»


Мецэнат — асоба, якая бескарысліва спрыяе развіццю мастацтва, дапамагаючы яму матэрыяльна. Але быў і чалавек з такім прозвішчам у Старажытным Рыме: Гай Цыльній Мецэнат (70 г. да н.э. — 8 г. да н.э.). Гай, як сябра імператара Актавіяна Аўгуста, укладаў сродкі ў развіццё мастацтва і быў першым «міністрам культуры» Рымскай імперыі. Афіцыйна не займаў ніякай пасады.

На фота: бюст Мецэната ў парку ў Ірландыі / Wikimedia
Трэба падзякаваць самому Уладзіміру Шчаснаму, які жыў гэтым праектам. Ён пазнаёміў нас у Парыжы з галерысткай Надзін Незавер. У Надзін была калекцыя «другой хвалі» Парыжскай школы: Царфін, Кікоін, Крэмень…

Мы проста скантактаваліся і прыехалі ў Парыж утраіх — я, мая жонка і Шчасны. Да гэтага часу я ўвогуле не калекцыянаваў жывапісу. Галоўнай натхняльніцай была мая жонка, якая ім якраз цікавілася. Яна і была нашым экспертам. Цэны на гэтых мастакоў былі нам па сілах. Па-мойму, тады мы набылі 27 прац.

А любоў да калекцыянавання была ў мяне яшчэ з часоў СССР. Хаця якое калекцыянаванне тады было магчымае, калі мама — прадавец, а бацька — слесар-эксперыментальшчык. У мяне было традыцыйнае савецкае дзіцячае збіральніцтва — маркі. Да гэтага часу тыя тры альбомы захаваліся. Пасля, як вырас, — вінілавыя кружэлкі. Тыя плыткі, якія я збіраў, у дзяржаўных крамах не прадаваліся. Тады гэта называлі спекуляцыяй. Пасля гэта ўсё перарасло ў збіранне кніг.
«Культура, мецэнацтва і спонсарства будуюцца на трох рэчах: дзяржава, бізнэс і людзі»

цытата
Віктар Бабарыка
2012 год

Перадача ў падарунак Нацыянальнаму мастацкаму музею арыгінальных малюнкаў Марка Шагала. На фота: міністр культуры Павел Латушка, Віктар Бабарыка і дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў. Калекцыя банка ў той час яшчэ актыўна фарміруецца.
Пачыналі вы з куплі карцін у прыватных зборах, а прыйшлі да аперацый вялікіх аўкцыённых дамоў — Sotheby's, Christie's і іншых. Гэты ўзровень, што ён значыць для вас як мецэната?
У нас страчана ўяўленне пра паняцці мецэнацтва і спонсарства. Ёсць тры складнікі мецэнацтва: бескарыслівасць, добраахвотнасць і ўласныя сродкі. Мне, як менеджару Белгазпрамбанка, пасуе толькі адно — добраахвотнасць. Нас ніхто не прымушае гэта рабіць.

А мецэнаты — нашы акцыянеры. Гэта за іх кошт мы вядзём мецэнацкую дзейнасць. Для нас гэта праект, што звязаны з развіццём краіны, у якой мы жывём.

Аўкцыёны. Любы беларус можа набыць працы вядомых мастакоў праз інтэрнэт на самых вядомых аўкцыёнах. І карціны каштуюць не мільёны. Гэта міф, што там адны мільянеры. Да таго ж, ёсць спецыяльныя рассылкі. Тэхналагічна цяпер гэта рабіць нашмат прасцей.

Хаім Суцін. «Ева», 1928 г.

Першы вялікі «дыямент» у калекцыі Белгазпрамбанка. Карціна была набытая ў 2013 годзе на нью-ёркскім аўкцыёне Sothbey's. Цана — 840 тысяч фунтаў сцерлінгаў.
Асноўнае, што адрознівае нас ад усёй беларускай дабрачыннасці і сацыяльнай адказнасці, — шматкрокавасць. Мы працуем не на тое, каб дзяржава сказала адзін раз «дзякуй». Нашы праекты этапныя: збор базы (на што абапірацца), стварэнне сістэмы (для росту на базе) і, як вынік, — развіццё маладых пакаленняў.

Таму тры нашыя кірункі — гэта калекцыя Арт-Беларусь (як аснова культурнага бэкграўнду), Восеньскія салоны (як падтрымка маладых мастакоў) і, можа быць, Арт-Мінск, што толькі пачынае прасоўваць беларускае мастацтва. Я б хацеў, каб гэта стала асноўнай падзеяй на беларускім арт-рынку.

Замест таго, каб тлумачыць, што культура шматгранная, у нас робяць выгляд, што ёсць толькі «адна культура». Тое, што мы не ганарымся інтэлектуальнымі здабыткамі, не развівае ані асобу, ані дзяржаву. Увогуле, усе дзяржавы мусяць падтрымліваць культуру, а не ідэалогіі. Канфуцый казаў: у добрай дзяржаве саромеюцца беднасці, а ў кепскай — саромеюцца багацця. У 1990-я ў нас стала сорамна быць заможным і разумным.

Культурныя праекты Белгазпрамбанка
Культурны інкубатар у гістарычным будынку ХХ стагоддзя на Кастрычніцкай вуліцы ў Мінску.
Больш за 50 шэдэўраў беларускіх мастакоў і нацыянальных каштоўнасцей.
— «Мастакі Парыжскай школы.
Ураджэнцы Беларусі»
— «Х вякоў мастацтва Беларусі»
Фестывалі
«Арт-Мінск» з 2018 года і
«Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам» з 2015 года.

ВКЛ

РЭНЕСАНС
Традыцыі мецэнацтва прыходзяць у Беларусь разам з эпохай Рэнесансу. Пакуль Ягайла з Вітаўтам дзеляць уладу, б'юць крыжакоў і будуюць Вялікае Княства Літоўскае, у Італіі паступова фарміруецца новае мысленне і новы светапогляд. Урбанізацыя, кнігадрукаванне, капіталізм і Рэфармацыя — так у Еўропе сканчалася эпоха Сярэднявечча і феадалізму.

Уплывовыя роды, дынастыі і манархі пачынаюць падтрымліваць мастакоў, вынаходнікаў і творцаў. Гэта стварае новае культурнае асяроддзе і сістэму каштоўнасцяў, а таксама развівае тэхналогіі і адкрывае новыя сферы.

На тэрыторыі Беларусі на першы план у грамадскім і культурным жыцці выходзяць прадстаўнікі буйных магнацкіх і арыстакратычных родаў — Радзівілы, Агінскія, Сапегі, Вішнявецкія, Храптовічы і іншыя. Менавіта іх дзейнасць доўгія гады ўплывае на культурнае жыццё.

Гальшанскі замак
Палацава-замкавы ансамбль роду Сапегаў. Гальшанскі замак пакінуў след не толькі ў гісторыі краіны, але і ў мастацкай літаратуры. Менавіта гэты палац трымаў у думках Караткевіч, калі ствараў знакаміты гісторыка-дэтэктыўны раман «Чорны замак Альшанскі».
Радзівілы
З XV ст. у Вялікім Княстве мацнее род Радзівілаў. Яны першыя перанялі ў Еўропе ідэі Рэфармацыі ды навуковы і тэхнічны прагрэс, што суправаджаў іх. Згодна з пратэстанцкай этыкай, наяўнасць у чалавека грошай — вынік пабожнага жыцця. Таму менавіта пратэстантызм моцна паўплываў на развіццё эканамічнай самастойнасці беларускай шляхты.

Пачынальнікам актыўнай фундатарскай дзейнасці стаў Мікалай Радзівіл Чорны. Паводле веравызнання — кальвініст. Свае творы яму прысвячаў сам заснавальнік веравызнання Жан Кальвін. Мікалай праводзіў шырокую асветніцкую дзейнасць і адкрываў пры кальвінскіх зборах школы. Практычна ўся будучая эліта Вялікага Княства аж да пачатку XVII ст. вучылася ў такіх школах. Створаная ім Віленская школа прэтэндавала на статус Акадэміі.

Дзякуючы Мікалаю Радзівілу Сіротку, які запрасіў у Нясвіж італьянскіх архітэктараў і з іх удзелам наноў збудаваў каменны замак і ўзвёў іншыя каменныя пабудовы ў горадзе, што зберагліся да нашых дзён, — Нясвіж быў ператвораны ў горад-крэпасць.
У XVI ст. Нясвіж становіцца галоўным цэнтрам Рэфармацыі ў ВКЛ. Каля 1560 г. Мікалай Радзівіл Чорны засноўвае тут друкарню, дзе выдаюцца творы Сымона Буднага і іншых філосафаў.

З Радзівілам Чорным таксама звязанае стварэнне знакамітай нумізматычнай
і медальерскай калекцыі.
У Італіі ў той час было ўжо 380 такіх кабінетаў, таму Мікалай вырашыў заснаваць уласны кабінет
у Нясвіжы.
Будны
У Нясвіжы была надрукаваная першая кніга на старабеларускай мове на тэрыторыі сучаснай Беларусі — «Катэхізіс», выпушчаная ў 1562 годзе Сымонам Будным.

* * *

Нашчадкі роду Радзівілаў працягнуць развіваць Берасце І Нясвіж. Вялікая частка архітэктурнай спадчыны Радзівілаў вядомая нам па турыстычных сімвалах Беларусі.
Міхал Казімір Агінскі
Дзяржаўны і вайсковы дзеяч Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, кампазітар, паэт і мецэнат.

Партрэт мастачкі Аны Розіны дэ Гаск, 1755 г.
Міхал ужо ў 18 гадоў быў дэпутатам Сейма Рэчы Паспалітай. Музычную адукацыю атрымліваў у Вене і Парыжы — тагачасных культурных цэнтрах Еўропы. Французскі літаратар Дэні Дзідро адзначаў у мемуарах талент Агінскага.

Пасля жаніцьбы стаў гаспадарыць у Слоніме, дзе ў другой палове XVIII ст. заснаваў рэзідэнцыю. Агінскі адкрыў друкарню, капэлу, тэатральную трупу, балетную і музычную школы. Будаваў на ўласныя сродкі Агінскі канал — водны шлях з Дняпра ў Нёман.

Сучаснікі называлі Слонім «Палескiмі Афінамі». Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, канфіскацыі маёнткаў і ад'езду Агінскага, мецэнатская дзейнасць у Слоніме заняпала. Частка яго музыкаў пераехала ў капэлу да Радзівілаў у Нясвіж.

Міхал Клеафас Агінскі, аўтар славутага «Паланэза», быў яго пляменнікам.
Францішка Уршуля Радзівіл
Пісьменніца, першая ў ВКЛ жанчына-драматург, паэтэса і мастачка.

Партрэт Францішкі Уршулі Радзівіл, XIX ст.
Выйшла замуж у 20 год (у той час лічылася, што позна) за найвялікшага магната ВКЛ — Міхала Казіміра Радзівіла «Рыбаньку». Князёўна з Карыбут-Вішнявецкіх, яна мела выдатную хатнюю адукацыю, пісала вершы — у тым ліку палкія паэтычныя прызнанні ў каханні мужу. Уршуля ўгаварыла сужэнца аднавіць у Нясвіжы друкарню, занялася бібліятэкай і архівам палаца.

Паколькі Міхал Радзівіл часта пакідаў Нясвіж па дзяржаўнай службе, Уршуля асабіста займалася гаспадаркай. Яна кіравала рэстаўрацыяй Нясвіжскага замка пасля разбуральных войнаў са Швецыяй, бараніла Нясвіж ад наездаў расійскіх войскаў у 1730-х гадах.

Але найбольш уславіў яе самабытны замкавы тэатр. Уршуля сама яго заснавала і сама пісала для яго п'есы — камедыі, трагедыі. Сюжэты брала з італьянскай ды французскай літаратуры, а таксама з беларускіх народных паданняў.
Яўхім
Храптовіч
Грамадскі і дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, апошні канцлер вялікі літоўскі, мецэнат.

Партрэт Яўхіма Ігнацыя Юзафа Храптовіча, які напісаў аўстрыйскі мастак Юзаф Грасі, 1795 г.
Яго кар'ера была тыповай для нашчадкаў магнацкіх родаў у ВКЛ — хатняя адукацыя, вучоба ў Еўропе, дзяржаўная служба і візіты па ўплывовых дамах. Там Храптовіч і захапіўся калекцыянаваннем кніг.

У спадчыну ён атрымаў родавы маёнтак Шчорсы. Галоўнай для яго там стала бібліятэка, адкрытая для наведванняў збор Храптовіча налічваў каля 20 тысяч тамоў. У свой час там працавалі Адам Міцкевіч (нібыта ў Храптовіча ён ствараў «Гражыну»), Ян Чачот і Уладзіслаў Сыракомля.

У канцы XIX ст. нашчадкі вырашылі перадаць кнігазбор на захаванне ў бібліятэку Кіеўскага ўніверсітэта.
З умовай, што пасля адкрыцця ўніверсітэта на радзіме бібліятэку вернуць. БДУ адчынілі ў 1921 годзе, наркам асветы БССР прасіў украінскіх калег вярнуць кнігі. Згода была, але кнігі так і не вярнуліся. За дзве сусветныя вайны збор Храптовіча двойчы эвакуявалі. Цяпер ён налічвае ўсяго 2005 экзэмпляраў кніг — дзясятую частку ранейшага збору.

Белгазпрамбанк пачынаў збіраць калекцыю з аўтараў Парыжскай школы.
Але пасля вы пашырылі стылістыку і перыяды. Навошта? Можа, варта было сфакусавацца на канкрэтнай тэме
і ўдасканальваць ваш унікальны збор?
Аказалася, што ў беларускіх музеях адсутнічае вялікая колькасць важных імёнаў. З гэтага разумення і ўзнік праект Арт-Беларусь. Мы пачалі фарміраваць экспертную раду, узяліся праводзіць даследчую працу. У нас было адно пытанне: якія імёны мусяць вярнуцца ў Беларусь?

За «Малую падарожную кніжку» Скарыны мы таргаваліся некалькі гадоў — патрэбны быў час, каб унармаваць нашыя запыты. Трэці крок — як канцэнтрацыя праектаў — Кастрычніцкая, 16. Там будзе месціцца асноўная інстытуцыя ўсіх нашых праектаў, звязаных з інавацыйным развіццём банка.

Парыжская школа
(фр. ?cole de Paris)
Умоўнае абазначэнне некалькіх пакаленняў мастакоў, якія стваралі ў Парыжы ад 1900 да 1960-х гадоў. Тэрмін «Парыжская школа» ўвёў ў 1925 годзе мастацкі крытык Андрэ Варна.


Мастакі Парыжскай школы з Беларусі:

Марк Шагал, Леон Ідэльбаум,
Міхаіл Кікоін, Пінхус Крэмень, Восіп Любіч, Оскар Мяшчанінаў, Хаім Суцін, Восіп Цадкін, Шрага Царфін



«дзяржавы мусяць падтрымліваць культуру,
а не ідэалогіі»

Самая свежая праца, што ёсць у вас, — Барыса Заборава, гэта 1981 год. Ваш партнёр у Расіі — Газпрам — даўно збірае актуальнае мастацтва 1990-х. Будзеце імкнуцца да такога «амаладжэння»?
У нас ёсць тры асноўныя крытэры пры фарміраванні калекцыі: мастак нарадзіўся ў Беларусі, атрымаў прызнанне за мяжой (выставы, крытыка, наяўнасць у музеях), яго прац няма на радзіме. Калі гэта сыходзіцца, а за гэтым сочыць наша экспертная рада, то нам гэта цікава.

Чакаць, што мы ў гэткіх жа тэмпах будзем развіваць сваю калекцыю, не варта. Мы не канкуруем за тое, каб сабраць найлепшую ў свеце калекцыю Шагала ці Суціна — гэта бессэнсоўна. Але ў чым каштоўнасць нашай: яна адна з самых поўных, калі гаварыць аб прадстаўніках Парыжскай школы з Беларусі. Мы разумеем: тое, што можна пабачыць у Арт-Беларусі, не ўбачыць больш нідзе.
У нас няма задачы набыць штосьці таннае і чакаць, пакуль яно падаражэе. Галоўнае для нас — вярнуць працы беларусаў дамоў. Гэта не следаванне трэндам, а задача запоўніць пустэчу ў беларускім мастацтве.

Мы б хацелі і дзяржаўна-прыватнага партнёрства, мы доўгі час біліся, каб яго наладзіць. Хоць уся калекцыя належыць Белгазпрамбанку, мы былі нават гатовыя перадаць яе ў новую інстытуцыю з асобным будынкам, але дамовіцца не ўдалося. Таму набыццё будынка на Кастрычніцкай — часткова вымушаны крок. Пакуль партнёрства з дзяржавай падобна на бутэрброд. Нам кажуць: хлеб і каўбаса вашы, але есці мы будзем разам.
У Беларусі ёсць установы з уласнымі арт-калекцыямі. Ці карэктна казаць пра канкурэнцыю ў гэтай сферы і ці ёсць тут у вас пэўныя амбіцыі?
Любая канкурэнцыя, калі яна з'явіцца, будзе радаснай для нас. Беларусь здзіўляе іншым. Людзі тут адмаўляюцца развіваць рынак, развіваючы свой «маленькі агародзік». Канкурэнцыі як такой няма. Ідзе абарона — партнёраў, тэм, прадуктаў. А мы спрабуем развіваць рынак. Чым больш будзе гульцоў, тым шырэйшы будзе рынак. Вось кажуць: «У тэатр ходзіць 200 чалавек». Гэтыя 200 падзелены паміж чатырма тэатрамі. Тут з'яўляецца пяты — і ўсе абураюцца. Маўляў, кепска. Хоць, здаецца, чаму? Мы заўсёды думалі пра развіццё і інтэграцыю як мага большай колькасці людзей у культурніцкія праекты.

X стагоддзяў мастацтва Беларусі — 28 музеяў падзяліліся экспанатамі і выставілі свае скарбы ў адным месцы. Ніхто ў гэта не верыў. Арт-Мінск у нас — 18 экспазіцыйных пунктаў. Трэба не біцца за 200 разумных гледачоў, а рабіць так, каб іх было хоць бы дзве тысячы.
У чым прычыны такога мыслення? Вузкі рынак? Уплыў каланіяльных культур?
У нас нізкія запыты. «Папіццот» — яркі прыклад чакання беларусаў. Мы хочам нічога не рабіць і атрымліваць грошы — гэта наша мара. Як толькі ў нас падае ўзровень жыцця, то ўся дыскусія ў інтэрнэце не пра тое, як зарабіць больш (тысячу), а пра тое, як выжыць на грошы, якія ў нас ёсць (трыста). Мы не змагары, мы ментальна не гатовыя змагацца. Мы проста хочам, каб нас пакінулі ў спакоі.

У межах ВКЛ мы проста дадавалі самастойныя тэрыторыі і ў выніку нарадзілі «ліберум вета». Мы апярэдзілі час са сваёй талерантнасцю, але не былі асноўнымі гульцамі ў гісторыі. Таму мы і не былі нацыяй доўгі час. Ну і нас жа ўсё «вызвалялі»: палякі ад рускіх, рускія ад палякаў. Але ніхто не вызваляў беларусаў. І лепшага рашэння ў канцы ХІХ ст., чым называць беларусаў «тутэйшымі», не знайшлося. Але гэта не песімістычна. Наша талерантнасць, наша негатоўнасць ваяваць апярэдзіла свой час. Бо сучасны свет не будзе ваяваць. Я веру ў гэтую Беларусь. Але мы не верым у сябе. Калі нехта хоць крыху выйшаў за межы нашага атачэння, то гэта ўжо ўспрымаецца як звышдасягненне. Наколькі хутка беларусы бранзавеюць! Як толькі беларускі аўтар атрымлівае маленькую бірульку і прызнанне, то ён адразу перастае размаўляць і пачынае вяшчаць.
Бізнэсмен Алег Хусаенаў пачаў фарміраваць сваю арт-калекцыю напрыканцы 1990-х. Мастацкі збор налічвае больш за тры сотні прац сучаснага беларускага мастацтва. Па апошняй інфармацыі, Хусаенаў спрабуе прадаць частку калекцыі, каб сфакусавацца на зборы актуальнага беларускага мастацтва 2000-2020-х.
Зубр Капітал
Галерэя Ў
ZBOR — унікальны зрэз беларускага неафіцыйнага мастацтва СССР і актуальнага мастацтва незалежнай Беларусі. Калекцыя фарміравалася дзякуючы даследчыцкай працы пляцоўкі Калектар, а таксама саміх мастакоў. ZBOR — прыклад фарміравання калекцыі «знізу», калі самі мастакі групіруюцца вакол інстытуцыі.
Пріорбанк
Дзякуючы мастацкім захапленням старшыні праўлення Сяргея Касцючэнкі, карпаратыўная калекцыя банка налічвае больш за 600 работ. Сам Касцючэнка не называе свой збор калекцыяй, а сціпла кажа пра «карціны беларускіх мастакоў-сучаснікаў, якія пішуць алеем на палатне», што збіраюцца без канцэпцыі. З дарагіх работ тут прысутнічаюць працы Мая Данцыга.
Калекцыя Плясанава
Беларускі мастак і музыка Адрэй Плясанаў адным з першых пачаў калекцыянаваць беларускі авангард, яшчэ ў 1970-я. Адметнасць калекцыі ў тым, што асноўная частка прац была падорана калекцыянеру знаёмымі мастакамі, а не набыта. Калекцыя сфарміравалася ў цыкл нефармальных выстаў «Майстэрня мастака» яшчэ ў часы СССР.
Найбольш значныя калекцыі беларускага мастацтва

АБУДЖЭННЕ

АБУДЖЭННЕ
Пачатак ХХ стагоддзя прынёс Усходняй Еўропе вялікія перамены. Рэвалюцыйныя выступленні і Першая сусветная вайна падтачылі стары імперскі парадак. Народы Расійскай імперыі асэнсавалі, што маюць права на самастойнае дзяржаўнае і культурнае будаўніцтва. З развіццём урбанізацыі і прамысловасці беларускія мецэнаты паступова адыходзяць ад «маёнткавага» перыяду і ўпарадкавання сваіх палацаў. Цяпер гэта адукаваныя і забяспечаныя жыхары гарадоў — арыстакраты, палітыкі, землеўласнікі. Яны верылі ў перспектыву незалежнай дзяржавы і звязвалі з ёй сваю будучыню.
Эдвард
Вайніловіч
Гаспадарчы і палітычны дзеяч Беларусі, фундатар і мецэнат.
Вядомы беларусам найперш як будаўнік Чырвонага касцёла — адной з візітовак Мінска. Мала хто ведае, што ён, шчыры каталік, укладаў таксама грошы і ў праваслаўныя цэрквы, і ў мячэці, і ў сінагогі. А таксама падтрымліваў вучылішчы, сялянскія банкі, інтэрнаты для сіротаў, першую беларускую газету «Наша Ніва»… У часы Расійскай імперыі Вайніловіч быў сенатарам і адстойваў ідэю аўтаноміі беларускіх земляў. У 1918-м ён быў блізкі да ўраду БНР. Памёр ён у польскім Быдгашчы, куды пераехаў пасля таго, як палова Беларусі адышла савецкай уладзе. У 2006-м яго парэшткі ўрачыста перапахавалі ў Чырвоным касцёле ў Мінску.

Магдалена Радзівіл
Арыстакратка, дзяячка беларускага культурнага руху і мецэнатка.
Радзівіл — яе прозвішча па другім мужу. Любоў да беларускай мовы і народнай культуры ёй прывіў бацька, граф Ян Завіша, археолаг і этнограф. Падтрымлівала беларускія выдавецтвы, газеты «Беларус» і «Наша Ніва», бальніцы, сіроцкія прытулкі. Адчыніла беларускія школы ў сваіх маёнтках. Ахвяравала дыяментавае калье беларускім грэка-каталікам (сродкі ад продажу калье пайшлі на ўтрыманне марыянскага кляштара ў Друі). Памерла ў Варшаве. Ад 2018-га яе прах спачывае ў касцёле Святога Роха на Залатой Горцы ў Мінску.
Караль
Чапскі
Мінскі гарадскі галава, філантроп і прадпрымальнік.
Дзесяць гадоў - ад 1890 да 1901 — займаў пасаду мінскага гарадскога галавы. З’яўленне ў Мінску электрастанцыі, тэлефоннай станцыі, спарткомплекса ў Губернатарскім садзе, трамвая-конкі - яго заслуга. Ён падтрымліваў шматлікія грамадскія арганізацыі: таварыствы аматараў спорту, сельскай гаспадаркі, аховы жанчын, крэдытнае, а таксама шпіталі, ламбарды, начныя прытулкі… Дзякуючы Чапскаму, у Мінску быў дабудаваны гарадскі тэатр (цяпер Купалаўскі), з’явіўся піўны бровар. Граф Чапскі пахаваны ў сваім маёнтку ў Станькаве.

Кастрычніцкая, ОК16 — гэта не проста чарговая інвестыцыя, а ўдзел у новай гарадской эканоміцы. Якое ваша бачанне гэтых працэсаў у будучыні?
Гэта новая гісторыя развіцця, новы прынцып фарміравання эканамічных адносін. Мне пашанцавала, я жыў не толькі ў эпоху злому СССР — гэта быў цывілізацыйны злом экспертнай эканомікі. Дзе на словах усё было пабудавана дзеля чалавека, а насамрэч толькі для тых, хто казаў ад імя гэтага чалавека. Цяпер мы жывём у эпоху пабудовы новых эканамічных адносін. Малое прадпрыемства ці нават адзін чалавек могуць стварыць і рынак, і прадукт.

Я бачу некалькі галін і сегментаў, якія могуць прасунуць Беларусь і ўпісаць яе ў заўтрашні дзень. Гэта ІТ, калі зможам перайсці ад афшорнага праграмавання да стварэння прадуктаў. І гэта фінансавы сектар — прадпрыемствы, якія працуюць на экспартных рынках і з'яўляюцца ўдзельнікамі глабальных рынкаў. Вось гэта тыя драйверы, што вядуць нас у заўтра.
У гэтай парадыгме, калі ўспрымаць Беларусь комплексна, дзе мы цяпер знаходзімся?
На жаль, я пакуль увогуле не адчуваю жадання прызнаць глабальны свет. Пакуль я толькі чую, што нам трэба «нешта захаваць». Гэта значыць, тое, што было ўчора, перацягнуць у заўтра. А гэта тупіковы шлях. Таму Беларусь у цэлым, на справах і словах (акрамя, магчыма, дэкрэту па ПВТ, скіраванага ў будучыню), — гэта спроба захаваць нешта з учорашняга дня. Самую вялікую крыўду ў мяне выклікае наша сістэма адукацыі. Яна не спрыяе развіццю самастойнага мыслення. Пакуль настаўнікамі могуць быць тыя, хто здаюць тэсціраванне на 10 балаў, я не магу глядзець на гэта без асцярогі.

Каб у Беларусі існавалі спонсары і мецэнаты, трэба, каб тут былі заможныя людзі. Неабходна і цвярозае стаўленне, спецыфічная павага да нешматлікага класа багатых людзей. Пакуль мы назіраем толькі барацьбу з заможнымі людзьмі. Багаты чалавек для беларусаў — вораг. Для мяне гэта шок.

У сённяшніх крытэрах пабудовы Беларусі як сучаснай дзяржавы не знаходзіцца месца для разумных, заможных і прыгожых людзей. Мы будуем сацыяльную дзяржаву роўных. Але роўнымі можна быць толькі ў беднасці. Такая дзяржава не будзе заможнай. У такой структуры спонсары і мецэнаты не з'явяцца і будуць адзінкавымі маргіналамі. Каб гэта змяніць, трэба зрабіць адну простую рэч — сфарміраваць структуру эканомікі як ва ўсім цывілізаваным свеце.

ТУТ І ЦЯПЕР

новыя
мецэнаты

У савецкі перыяд публічная дабрачыннасць, мецэнацтва і калекцыянаванне мастацтва было амаль немагчымым і існавала ў неафіцыйным полі.


Новы этап падтрымкі культуры і дабрачыннасці пачаўся ўжо ў незалежнай Беларусі. Паступова ў краіне фарміруецца бізнэс-эліта з уласным капіталам. Акадэмічная супольнасць пачынае вяртаць з нябыту і адкрываць для беларусаў наноў культурную спадчыну мінулых эпох. На дапамогу беларусам прыходзяць сучасныя тэхналогіі, і ўжо ў 2010-х колькасць мецэнатаў у беларускім грамадстве рэзка ўзрастае.

2012 год можна лічыць пунктам адліку і новай плынню ў беларускім мецэнацтве — дэцэнтралізаваным і масавым. Само сабою мецэнацтва перастае быць з'явай толькі для забяспечаных людзей. На першы план выходзяць арганізатарскія здольнасці менеджараў і актывістаў культурных праектаў.


БАЦЮКОЎ РАДКОЎ ЯЦКЕВІЧ
БАЦЮКОЎ РАДКОЎ ЯЦКЕВІЧ

Аляксей Бацюкоў, Андрэй Радкоў, Зміцер Яцкевіч. «Людзі года», выніковы нумар Нашай Нівы, 2012 г.
Дзякуючы групе спецыялістаў з Музея гісторыі Магілева, стала магчымым неймавернае — вяртанне ў Беларусь арыгінала Статута ВКЛ 1588 года. Заклік Аляксея Бацюкова, Андрэя Радкова і Змітра Яцкевіча аб выкупе гістарычнай спадчыны на радзіму атрымаў шырокі розгалас. Грошы на Статут збіралі ўсёй краінай, унутры і за межамі, ад Нацбанка да ананімных ахвярадаўцаў. Ад дабрачынных канцэртаў да «збору ў капялюш» проста на імпрэзах і вечарынах. Летам 2012 года ў Нацыянальным гістарычным музеі адбылася прэзентацыя выдання.

Набыты старадрук — віленскае выданне Статута Вялікага Княства Літоўскага з друкарні Мамонічаў 1594-1595 гадоў. Статут 1588 года друкаваўся тройчы: уласна ў 1588 годзе, потым у 1592-1593 гадах, і яшчэ раз у 1594-1595 гадах. Гэтыя тры выданні друкаваліся на старабеларускай мове, мелі юрыдычны статус закона і лічацца арыгіналамі.

Сёння гэта цяжка ўявіць, але шэсць гадоў таму, у 2012-м, збор сродкаў праводзіўся сапраўды архаічнымі метадамі: ахвяраванні наяўнымі грашыма дзясяткі разоў уносіліся на спецыяльны рахунак. Пасля сродкі з усімі распіскамі перавозіліся цягніком у Маскву прадаўцу Статута. Бацюкоў пасля расказваў, што для бяспекі быў выраблены муляж, у якім нібыта былі грошы, бо падзея прыцягнула ўвагу вымагальнікаў. Прыгодаў з вяртаннем нацыянальнай рэліквіі хопіць на цэлы раман жанру нон-фікшн.

Прэзентацыя выкупленага экзэмпляра Статута ВКЛ 1588 года. Чэрвень, 2012 г. Гэты асобнік захоўваецца ў Музеі гісторыі Магілёва.
Напрыканцы года Аляксей Бацюкоў, Андрэй Радкоў, Зміцер Яцкевіч парадавалі беларусаў яшчэ раз: на радзіму вярнуўся старадрук Казіміра Семяновіча «Вялікае мастацтва артылерыі» 1729 года на нямецкай мове.


Цікавая дэталь таго гістарычнага вяртання — кнігу везлі ў Беларусь у простай дарожнай сумцы. Зрэшты, усе нацыянальныя каштоўнасці, якія ўдалося вярнуць на радзіму гэтай троіцы, ехалі такім чынам. Фатограф Нашай Нівы сустрэў Асобаў году (за гэтыя высілкі НН назвала Бацюкова, Яцкевіча і Радкова «Людзьмі 2012 года») на аўтавакзале «Маскоўскі». Фота друкуецца ўпершыню.

БЕРАГОВІЧ
БЕРАГОВІЧ

Заснаваная Паўлам Бераговічам прэмія імя Максіма Багдановіча «Дэбют» стала знакавай падзеяй у беларускім літаратурным працэсе.
Павел Падкарытаў нарадзіўся ў расійскім Екацярынбургу. Займаецца бізнэсам у сферы энергетыкі ў Расіі. Бераговіч — беларускае прозвішча яго бабулі, якая паходзіць з Віцебшчыны. Ад яе Павел чуў беларускае слова і дзякуючы ёй у ім узгадавалася любоў да беларушчыны. Нават прозвішча Бераговіч стала для мецэната родным.

Бераговіч — класічны мецэнат у сучаснай Беларусі як па форме (траціць уласныя сродкі), так і па змесце (не набывае мастацкія творы). Сярод мецэнатаў яго вылучае якраз вузкая спецыялізацыя — беларуская літаратура і друкаванае слова. Хаця імя Бераговіча як спонсара ці фундатара можна часта пачуць у шэрагу беларускіх культурніцкіх ініцыятыў.
Бераговіч сістэмна падтрымлівае маладых літаратараў — заснаваў прэмію «Дэбют» імя Максіма Багдановіча, якая штогод адзначае найлепшых перакладчыкаў, празаікаў і паэтаў. Акрамя гэтага, Павел Бераговіч выкупіў сядзібу «Падароск» у Ваўкавыскім раёне за 120 тысяч даляраў і стварае на яе базе музей беларускай шляхты.
КРАЎД-ТЭХНАЛОГІІ.
НАРОДНАЕ МЕЦЭНАЦТВА
Выкуп Статута Бацюковым, Радковым і Яцкевічам у 2012 годзе стаў гістарычнай акумуляцыяй рэсурсаў актыўнай часткі беларускага грамадства вакол «культурнай місіі». Адбылося гэта задоўга да стварэння моды на краўд-тэхналогіі: «Талака» запрацавала толькі восенню 2013-га, «Улей» — вясной 2015-га.

Менавіта гэтыя пляцоўкі далі новы штуршок развіццю культурных праектаў, спонсарства і дабрачыннасці ў сучаснай Беларусі. З аднаго боку, асобу мецэната як асноўнага спонсара творцы замяніў масавы фундатар-глядач, чытач і гэтак далей. З другога — менавіта праз кампаніі на краўдфандынгавых пляцоўках у публічнай прасторы сталі з'яўляцца новыя імёны сучасных беларускіх фундатараў. І што важна, дзякуючы новым тэхналогіям у Беларусі пачалі фарміравацца новыя дабрачынныя інстытуцыі.


ШТО ДАЛЕЙ?

АРТЭФАКТЫ

Каштоўнасці, якія чакае Беларусь
Калі маштабна ацэньваць дзейнасць мецэнатаў, спонсарскіх інстытуцый і менеджараў культуры па вяртанні ў краіну культурнай спадчыны, то гэты працэс толькі пачынае зараджацца. Адзінкавыя ініцыятывы, як выкуп Статута ВКЛ ці збор калекцыі Белгазпрамбанка, даказалі, што гэта магчыма ў сучаснай Беларусі. Але цяпер вяртанне нацыянальных каштоўнасцей не можа адбывацца без комплекснага супрацоўніцтва і дыялогу паміж дзяржаўнымі інстытутамі, грамадствам, зацікаўленымі спонсарамі і прыватнымі калекцыянерамі. Здабыткі нацыянальнай культуры - супольныя для ўсіх беларусаў. І не так важна, у чыіх зборах яны захоўваюцца.
Тураўскае Евангелле
і помнікі пісьменства
Рукапіснае Евангелле, створанае ў XI стагоддзі, напісана кірыліцай. Захоўваецца ў бібліятэцы Акадэміі навук Літвы. Адзін з найбольш ранніх помнікаў славянскай кніжнай пісьменнасці. Ад рукапісу захавалася 10 лістоў, іх знайшлі ў Тураве ў 1865 г. У Нацыянальным гістарычным музеі захоўваецца толькі муляж Евангелля.

Значная частка важных для беларускай культуры помнікаў пісьменства захоўвалася ў бібліятэках Радзівілаў і Храптовічаў, якія былі вывезены з тэрыторыі Беларусі ў ХХ стагоддзі.
Лісіцкі, Страмінскі
і невядомы авангард
Вялікая частка вядомых ва ўсім свеце імёнаў абстрактнага мастацтва, звязаных з Беларуссю, яшчэ чакае мінскага гледача. Напрыклад, творы Уладзіслава Страмінскага ці Лазара (Эль) Лісіцкага, якіх дагэтуль няма ў Беларусі.

Страмінскі нарадзіўся ў Мінску, жыў у Вілейцы. Лічыў сябе прадаўжальнікам ідэй Малевіча. Педагог і тэарэтык мастацтва памёр у Лодзі і шануецца польскай мастацкай школай.

Лісіцкі працаваў у Віцебску на запрашэнне Шагала. Даследаваў спадчыну яўрэяў на тэрыторыі Беларусі і Літвы, ілюстратар, архітэктар. Спрычыніўся да выяўлення ідэй супрэматызму ў архітэктуры. На фота — праца Эль Лісіцкага «Ленін на трыбуне», 1920 г.
Слуцкія паясы і іншыя
культурныя каштоўнасці
Элемент традыцыйнага параднага мужчынскага строю шляхты ў ВКЛ лічацца важным беларускім помнікам матэрыяльнай культуры. Цяпер у Беларусі захоўваецца не больш за 20 паясоў, пераважна ў фрагментах. Дзве вялікія калекцыі паясоў (са збору Радзівілаў і Беларускага дзяржаўнага музея) страчаны падчас Другой сусветнай вайны. Страчанай аказалася і тэхналогія ткацтва паясоў. Дарэчы, цікавая дэталь вытворчасці: слуцкія паясы ў ВКЛ пераважна ткалі мужчыны. Цэльныя вырабы захаваліся ў Расіі (выстава «Дэкада беларускага мастацтва»), эмігранцкіх асяродках і прыватных калекцыях.

Вялікая частка помнікаў матэрыяльнай і рэлігійнай культуры беларусаў захоўвалася ў зборах Радзівілаў. Спадзяёмся, гэтыя культурныя здабыткі чакаюць мецэнатаў, менеджараў і актывістаў, якія вернуць іх на Радзіму.


канцэпцыя / тэкст / фота / графіка - Сяргей Гудзілін
мэнэджмент - Ягор Хаванскі
экспертная дапамога — Сяргей Харэўскі / Віктар Марціновіч