Храмы з найбагацейшай гісторыяй, наднёманская архітэктура і краявіды, адпачынак на адным з найпрыгажэйшых вадаёмаў Беларусі — усё гэта ў экскурсіі, у якую запрашае фонд «Краіна замкаў».
Найперш яе ўдзельнікі агледзяць сапраўдны шэдэўр беларускай сярэднявечнай архітэктуры: Сынковіцкую царкву-крэпасць Архангела Міхаіла.
Да гэта дня гісторыкі спрачаюцца пра тое, хто ўсё ж такі пабудаваў гэты суровы храм: вялікі князь літоўскі Вітаўт ці невядомы фундатар у пачатку XVI стагоддзя.
Сёння падаецца фантастыкай, але дзвесце год таму слава пра Ганненскі кірмаш у Зэльве грымела на ўсю Еўропу.
Мы наведаем гэта даўняе ўладанне Сапегаў, пабачым Траецкі касцёл, вежы-шпілі якога прабіваюцца скрозь шчыльную забудову. А з мясцовых гор адкрываецца чароўная панарама Зэльвенскага вадасховішча.
За пару кіламетраў ад Зэльвы, у Крамяніцы, захаваўся храмавы комплекс XVII стагоддзя, касцёл Святога Юрыя 1617—20 гадоў.
У храме знаходзіцца ўнікальнае рэнесанснае надмагілле роду Вольскіх: не толькі ў Беларусі, ва ўсёй былой Рэчы Паспалітай аналагаў — адзінкі.
Далей маршрут экскурсіі пойдзе на Масты. На шляху мы праз кожныя некалькі кіламетраў будзем сустракаць найцікавейшыя помнікі культуры. Гэта і сядзіба Сухадольскіх у Вялікай Рагозніцы, і праваслаўная царква ў Пацавічах, і магіла паўстанцаў 1863-га.
Непадробнае захапленне выклікае каталіцкі храм у Струбніцы.
Траецкі касцёл — помнік драўлянай архітэктуры XVIII стагоддзя. Ён стаіць у адасобленым, пустэльным месцы. Акружаны шляхецкімі пахаваннямі, саркафагамі з гербамі, храм нібы правакуе на настальгію па часах пекных паннаў і шляхотных кавалераў.
Далей — Пескі з касцёлам Маці Божай Ружанцовай, адным з самых цікавых помнікаў неаготыкі на нашых землях…
У фінале — сустрэча з сівым Нёманам. На беразе велічнай ракі, у Левых Мастах, захаваўся маляўнічы сядзібны дом пачатку ХХ стагоддзя. Тут будзе ўнікальная магчымасць пашпацыраваць па самым доўгім у краіне пешаходным падвесным мосце над ракой.
Завершыць падарожжа адпачынак на пляжы Зэльвенскага вадасховішча.
Даведацца падрабязнасці і запісацца ў вандроўку ў край, авеяны сівымі легендамі, можна па тэлефонах:
(17) 203-69-70
(17) 226-03-02
(29) 682-58-07
(29) 772-77-58
Болей інфармацыі — на сайце www.zamak.by.
Фонд «Краіна замкаў». УНП 690382807





