Апавяданьне.

Спадарыні Еве Вежнавец, якая натхніла

Слова «сволач» не люблю і ўжываю рэдка, здаецца яно мне занадта брутальным. А тут спатыкнуўся аб яго ў назове твора Евы Вежнавец. Акурат тым часам гартаў «Жыцьцё жывёлаў» Брэма і не заўважыў, як міжвольна пачаў шукаць паралеляў у інстынктах, апісаных Брэмам стварэньняў, ды інстынктах пэрсанажаў у «Шляху дробнай сволачы». Безумоўна, называць жывёліну сволаччу толькі за тое, што натура дала ёй той ці іншы накірунак паводзінаў, — мякка кажучы, некарэктна. Але што зробіш, калі паралель сама сабою напрошваецца?

Ёсьць сволач, што чыніць подлае дзеяньне, і ёсьць — што сваімі паводзінамі рыхтуе глебу для гэткага чыну.

Як бык, што выбівае падчас чысткі скуры целам у глебе яміну, і птушка нанду, што выкарыстоўвае тую яміну ў якасьці асновы для гнязда.

Сволачы няведамыя прынцыпы, апроч аднаго — выгоды. Яна лёгка прыстасоўваецца да абставінаў і памяняе гаспадара нават тады, калі ад яе гэтага і ня надта патрабуюць.

Як амёба, што можа ўвадначас рухацца зь месца ў любым накірунку.

Ці як рачная гідра, што, нават вывернутая навыварат, бы палец пальчаткі, здолее прыстасавацца да жыцьця ў новым становішчы.

Сволач плодная. Яна множыцца, сеючы наўкола семя ўласнае сволачнасьці незалежна ад абставінаў і тэмпэратуры паветра.

Як кольчаты чарвяк, размнажэньне якога адбываецца шляхам распаду цела на некалькі частак.

Ня тое дзівіць, што ёсьць сволач, а тое, як шмат тых, хто гатовы пры выпадку ёю стаць.

Як сьцярвятнік-пухнач, што без аніякага прымусу ахвотна харчуецца фэкаліямі.

Ці як згаданая птушка нанду, што харчуецца ўсім, што ні стрэне на шляху.

Сволач — майстрыца гуляць у шашкі паводле ёю ж, сволаччу, прыдуманых правілаў. Хоць ноч навылёт гуляй, хоць дзень — усё адно перахітруе.

Як гарнастай перад трусам ці зайцам, што загіпнатызуе нябогу скокамі-выкрунтасамі і тут жа разьдзярэ, схапіўшы, на дробныя шматкі.

Сволач наднацыянальная. У яе не адна, як у людзей, радзіма, а сама меней дзьве, а то і тры — узор сымбіёзу двух -ізмаў адначасова. Два, тры ў адным — у адпаведнасьці са стандартамі масвытворчасьці. Затое мова ў сволачы, як правіла, адна.

Як у паўзуноў, у якіх мозг складаецца з трох — пярэдняй, сярэдняй ды задняй — частак, але ўсё адно агулам мянуецца мозгам.

Сволач небясьпечная кепскім уплывам на моладзь, якую яна разбэшчвае ўзорам бесцырымоннасьці і непавагі да чалавека.

— И что вы будете читать, Леночка?

— Верш Рыгора Барадуліна.

— Вот как, Бородулина! И о чём он? Прочтите мне его!

Як у любога драпежніка, што найперш вучыць дзіця сволачнасьці.

Сволач бывае буйнАя і бывае — бУйная. Здараецца, што і два ў адным — тады ўжо сволачнасьць іншай сволачы ў параўнаньні зь ёю — драбяза.

Як буйнЫ страус казуар, што дэманструе бУйнасьць і злосьць без аніякай на тое прычыны.

Абавязковы экзыстэнцыйны варунак існаваньня дробнай сволачы — поўная залежнасьць ад сволачы буйной. Прычым часта — празь пераадоленьне нянавісьці да апошняй.

Як у шакала, што харчуецца аб’едкамі зь львінага стала, а пры выпадку зьеў бы і яго самога, ды — не па зубах.

Няма такой сволачы дробнай, якая не жадала б стаць буйной, і няма такой буйной, якая жадала б стаць дробнай.

Як няма гніды, якая ня марыць стаць вошшу, і як няма вошы, што марыла б вярнуцца ў стан гніды.

Габарыты сволачы не заўсёды прапарцыйныя яе разумоваму патэнцыялу. Што, аднак, не замінае ёй займаць высокае месца на сацыяльнай лесьвіцы.

Як сярод некаторых прыматаў, дзе галоўнае — памеры цела і зубоў.

Затое калібэрнасьць сволачы амаль заўжды прапарцыйная яе пасадзе. Чым вышэй пасада, тым заўважней сволач.

Як у скарпіёна, ступень атрутнасьці джала якога ўзрастае прапарцыйна ўзрастаньню камфортнасьці месца бытаваньня.

Сволач моцна трымаецца за крэсла. Так моцна, што, здаецца, пры ім нарадзілася.

Як павук, у якога шкарлупіна яйка гэтак моцна зрастаецца з плодам, што ўяўляе суцэльную, непадзельную абалонку.

Сволач вёрткая.

Як птушка анхінга, што ўскідвае падчас паляваньня голаў так хутка, што гэта можна параўнаць з нападам гадзюкі.

Ці як каршун, што лёгка скрадзе з-пад носа ў грыфа кавалак падлы і, перш чым той пасьпее зрэагаваць на крадзеж, уцячэ зь ім у хмыз.

Сволач жывучая. Яе хоць у бездань марскую кінь, а яна ўсё адно выплыве — з рыбінай у зубах.

Як рабак, яйка якога, пакладзенае ў алькаголь ці хромавую кіслату, вокамгненна пачынае разьвівацца ў праўдзівую аскарыду.

Або як клоп, зьмясьціўшы аплодненую самку якога на паўгода ў пушку без аніякага харчу, убачыш, што яна ня толькі выжыве, але і пасьпяхова ў той пушцы разрадзіцца.

Сволач любіць паразважаць на «высокія» тэмы. Пра захады ды клопат на карысьць люду паспалітага. Пра мову, якую яна гэтак любіць, што нават назовы газэтаў ды выходныя дадзеныя не забараняе на ёй писаць.

Як падманліва сымпатычны з выгляду скунс, ня толькі цела якога, а нават закапаныя парэшткі распаўсюджваюць такі смурод, што месца захаваньня і праз колькі месяцаў не ўяўляе цяжкасьці адшукаць.

Або як ласка, якая нават не зірне, дабрасьлівая, на мяса ахвяры, а толькі высмакча зь яе дарэшты кроў.

Сволач не гідлівая і пры нагодзе ўвобміг схаўрусуецца з іншай сволаччу і пры гэтым яшчэ і карысьць з таго займее.

Як лічынка жука-магільшчыка, што пры ператварэньні ў кукалку два тыдні харчуецца падлаю.

Або як жук-калаед, для якога нямашака большае асалоды, як адкласьці яйкі ў гной.

Сволач валодае прымітыўнымі інстынктамі, таму лёгка прыжываецца на любой глебе.

Як завезеная ў Амэрыку з Эўропы гесэнская муха, што, пасьпяхова адаптаваўшыся да новых умоваў, можа ўвобміг спустошыць цэлае поле.

Сволач крывадушная. Яна засыпе народ газэтнаю хлусьнёй, а скажа, што гэта сьвятая праўда і што яму, народу, толькі такая праўда і патрэбная, бо ён дурны.

Як сабака, што пазычае вочы каму заўгодна без вынятку, а потым дзівіцца, чаму гэта яго, такога добрага, у адным шэрагу зь нейкай сволаччу згадваюць.

Сволач баіцца і ўсялякімі спосабамі ўнікае галоснасьці. Ніводная сволач не прызнаецца, што гэта яна загадала газэтчыкам зь дзяржаўных мэдыяў ня згадваць у публікацыях тое і гэта. І пастараецца напусьціць на справу такога туману, што ніякі дазнаўца ня дасьць рады празь яго прадрацца.

Як жук-лізун, што выкідвае зь сябе жоўты камуфляжны пыл, каб ім жа прыкрыцца.

Сволач ня любіць праўды і заўсёды камуфлюецца пад прыстойнасьць праз дэманстраваньне чыста вымытых рук.

Як ястраб гарпія, што, перш чым праглынуць здабычу, кідае яе спачатку ў ваду, каб ачысьціць ад бруду.

Сволач подлая. Яна выканае загады якога-небудзь бандзюка «ня згадваць» ды «не пушчаць», а пасьля запытаецца: «Чаму гэта вас нібыта няма?»

Як гіена, што зжарэ жывасілам апошнюю гну, а потым запытаецца, чаму савана гэтак абязгнунела.

Сволач двурушная. Яна ўславіць словам Караткевіча ці Быкава, а назаўтра ўчынкам напаскудзіць на іх магілкі.

Як павучыха, што зьесьць падчас каітусу бацьку сваіх будучых дзяцей, а ўсім будзе даводзіць, што гэтак і было.

Сволач схільная да карпаратыўнасьці, але ў крытычны момант абараняе найперш собскі інтарэс.

Як белы сін, што гарбузуецца ў зграю са сваякамі толькі падчас кармленьня, а як толькі цырымонія паглынаньня ежы мінае, тут жа на іх забываецца.

Сволач вераломная. Заблудзіўшыся сярод трох хвояў, яна не праміне зьвінаваціць у гэтым іншых.

Як выдра, што зьесьць у рацэ ўсю рыбу, а скажа, што гэта зрабіў бабёр.

Сволач валодае прымітыўнымі інстынктамі і разам з тым фэнамэнальнай здольнасьцю да мімікрыі, то бок прыстасоўваньня, што робіць яе асобу выключна цікавай для псыхіятраў.

Як аса crabronidae, што зьнешне падобная да мухі, на якую яна палюе.

Сволач ня любіць, калі пры ёй разважаюць пра вытокі сволачнасьці. Усялякую праяву сволачнасьці ўласнай яна мянуе не іначай як цьвярозым паглядам на жыцьцё, то бок неабходнасьцю харчавацца.

Як пальмавая кошка музанг, што ня грэбуе есьці ўласных дзяцей.

Улюбёнае слова сволачы — «сволачы». У такім прыкладна кантэксьце: «Бач, што ўладзілі, сволачы, — угодкі адшчапенца Кастуся Акулы яны спраўляюць». Або: «Мяккі знак яны пішуць у слове «сьнег». Сволачы!». І г.д. — адным палам.

Як лісіца, што наракае на зайца за тое, што ў таго ўзімку футра ня цёмнае, як ёй хацелася б, а белае.

Неад’емная рыса сволачы — непераадольнае жаданьне апусьціць іншых да свайго ўзроўню.

Як то робіць расамаха, што, пазбаўленая мажлівасьці супрацьстаяць сабаку на поўны рост, кладзецца дагары на дол, хапае ворага кіпцюрамі і загрызае ўсьмерць.

Небясьпечнасьць сволачы ня ў тым, што яна жыве паводле свалачных законаў, а ў тым, што імкнецца навязаць тыя законы іншым.

Як гіена, што заганяе буйвала ў балота, а потым жарэ, бездапаможнага, жывасілам.

Сволач схільная да пісаньня даносаў. Гэткім чынам яна сьцьвярджае сваю самасьць, а разам — адданасьць сволачы ўладнай.

Як жывёліна, што яшчэ не нарадзілася і ніколі, мабыць, не народзіцца, бо фаўна на такое вычварэнства папросту ня здольная.

Сволачы дзяржаўныя інтарэсы не абыходзяць. Яна лёгка выдаткуе дзясяткі мільёнаў рублёў на выданьне якой-небудзь лухты пад грыфам сацыяльна значнай.

(Няма аналягу).

І сволач мае сваю ахілесаву пяту: сьвятло, праўда для яе — што адсутнасьць сонечных прамянёў для кактуса.

Як барсук, якога, каб забіць, дастаткова як сьлед квэцнуць па носе.

Сволач — заразная, яна сьпіць і бачыць, як бы каму перадаць бацылы сволачнасьці.

Як трапічны сцынкавы гекон, пры дотыку да якога на руцэ застануцца рэшткі ягонае скуры.

Лек ад бацылаў сволачнасьці — у іх нэўтралізацыі праз стараннае, хай сабе і да ванітаў, перажоўваньне.

Як лек ад укусу скарпіёна, што гатуецца на сумесі праванскага масла і целаў зьмешчаных у той алей скарпіёнаў.

Сволач — паскудзтва, але і яна дзеля чаго-небудзь можа прыдацца, напрыклад, для палоханьня дзяцей з мэтаю выпрацаваць у іх імунітэт супраць сволачнасьці.

Як сырны клешч акар, фэкаліі і скура якога, ператварыўшыся ў згаданым сыры ў пыл, становяцца кампанэнтам улюбёнага гурманамі прадукту.

* * *

Чытайце штодзённа ў рубрыцы «Літаратура» на сайце НН новыя творы і мініятуры. Для сэрца, для розуму, для мовы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?