«Наша Ніва» звярнула ўвагу на сітуацыю вакол санаторыя «Беларусь» у Сочы, які належыць Кіраўніцтву справамі прэзідэнта.

Як вынікае з расійскай арбітражнай базы, ад канца мінулага года санаторый «Беларусь» бясконца тарпедуюць пазовамі. 

«Сочитеплоэнерго», «Финансово-Строительная Группа Корпорация», Федэральная служба па надглядзе ў сферы сувязі, «Сочиводоканал»: вось кампаніі, якія нешта патрабуюць ад санаторыя. 

«Сочитеплоэнерго», напрыклад, спаганяе з «Беларусі» амаль 460 тысяч расійскіх рублёў ($7400) за спажыванне цеплавой энэгріі, група «Корпорация» патрабуе трохі больш за 20 мільёнаў рублёў ($319 тысяч) няўстойкі, а таксама «адстоткаў за карыстанне чужымі грашовымі сродкамі», Упраўленне па надглядзе ў сферы сувязі прыцягнула санаторый да адміністратыўнай адказнасці за ажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці без дазволу і гэтак далей. 

«Наша Ніва» пазваніла ў санаторый удакладніць, з чым звязаная вялікая колькасць пазоваў. 

На пытанні адказаў намеснік дырэктара Дзмітрый Смірноў. 

Ён запэўнівае, што судовыя справы не нясуць пагрозы санаторыю. 

«У нас усё нармальна. Што датычыць «Карпарацыі», то гэтая фірма ў нас пяць гадоў таму нешта будавала. Яны лічаць, што нарабілі на адну суму, а мы лічым, што менш, бо ў нас былі прэтэнзіі да якасці іх работы. Калі я прыехаў сюды, то мы за імі дароблівалі гэта з беларускім «Мазырпрамбудам». І вось мы ўсе гэтыя гады судзімся, штогод.

З водаканалам жа такая гісторыя: я асабіста ўзяў чатыры з паловай года таму ў іх тэхнічныя ўмовы на падключэнне вады і каналізацыі, а ваду я пусціў тыдзень таму. Гэта шмат кажа пра тое, што там за арганізацыя. Таксама раней ён быў прыватнай фірмай, а цяпер стаў муніцыпальнай. А тая — ранейшая — арганізацыя падае на нас у суд за тое, што мы іх не пусцілі браць пробы каналізацыі.

Гэта ведаеце, калі ў доме санстанцыя апырсквае падвалы супраць камароў у любым разе, ёсць яны ці няма, то рана ці позна іх у дом не пускаюць. Дык вось і ў нас так было, а яны настойваюць, што мы парушылі нейкія нормы, хоць мы іх нават не пусцілі — яны гэта так трактуюць. З электрасувяззю ў нас вечныя праблемы.

Суды — гэта нармальна для Расіі. А вось пра «Сочыцеплаэнэрга», па шчырасці, яшчэ не ведаю. У нас тут два аб'екты — санаторый у Сочы і комплекс у Чырвонай паляне. Па-першае, тут не холадна, па-другое, у нас ёсць свае кацельні. Таму я не ведаю, што яны там хочуць, пэўна, нейкая драбяза таксама», — патлумачыў Смірноў. 

Мы спыталіся ў яго, ці гэта ўсё бягучыя праблемы, ці гэта не можа быць рэхам палітычных абвастрэнняў апошняга часу? 

«Не варта ставіць нас у адзін шэраг з малаком. Хаця, канечне, я раней будаваў фермы ў Брэсцкай вобласці, працаваў на «Савушкавым», я цудоўна ведаю, як малако робіцца. І тое, што іхнія санітарныя дактары расказваюць, гэта лухта ўсё. Але ў нас не такое, не», — падсумаваў ён. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?