Амаль тры тыдні працягваецца супрацьстаянне ля ўрочышча Курапаты, дзе запрацаваў забаўляльны комплекс «Паедзем, паядзім». Актывісты штодня прыходзяць да брамы рэстарана, дзе патрабуюць закрыцця ўстановы і адкрыцця на гэтым месцы музея.

Пратэстоўцы лічаць, што ўстанова падобнага кшталту не можа знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад ўрочышча, дзе масава расстрэльвалі людзей ў 1930-я. Уласнікі «Паедзем, паядзім» стаяць на сваім.

Ініцыятар пратэстаў Павел Севярынец у фэйсбуку напісаў, што ўдзельнікам акцый прапаноўвалі грошы за спыненне пратэстаў. «Таварышы Леанід, Барыс, Аркадзь ці хто там яшчэ з вамі «ў долі». Магчыма, вы будзеце здзіўленыя, але не ўсё ў гэтым жыцці прадаецца і купляецца. Памяць і годнасць, злачынства і пакаянне не вымяраюцца грашыма», — напісаў Севярынец.

«Нашай Ніве» стала вядома, што прапанова рабілася аднаму з актывістаў апазіцыйнай палітычнай партыі праз сваяка, які працуе ў той самай структуры, якой належыць «Паедзем, паядзім». Канкрэтная сума не называлася, але гаворка вялася пра «сур’ёзныя грошы».

Актывіста прасілі звесці ўласнікаў з тымі людзьмі, якія могуць прыняць рашэнне аб спыненні пратэстаў. Аднак мужчына заявіў, што лічыць такую прапанову бесперспектыўнай і адмовіўся дапамагаць. Ён просіць не агучваць сваё імя. У выніку ніякай сустрэчы так і не адбылося.

Пратэсты ў Курапатах супраць «Паедзем, паядзім» працягваюцца і сёння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?