Міліцыя затрымала пры атрыманні хабару начальніка Гарадскога клінічнага патолагаанатамічнага бюро Аркадзя Пучкова, паведамляе прэс-служба ведамства.

Грашовыя сродкі на суму 5245 рублёў і 300 даляраў ЗША ён атрымаў ад прадстаўніка камерцыйнай структуры за спрыяльнае вырашэнне пытанняў аб заключэнні дагавораў на пастаўку рытуальных прылад для крамы, размешчанай на тэрыторыі арганізацыі, і своечасовай аплаце за пастаўлены тавар.

Інфармацыя аб карупцыйнай дзейнасці паступіла ў канцы мая. Стала вядома, што хабары, якія перадаваліся як у беларускіх рублях, так і ў замежнай валюце, начальнік бюро атрымліваў ужо больш за дзесяць гадоў. Агульная сума склала дзясяткі тысяч даляраў ЗША. Памер штомесячнай «узнагароды» быў роўны 10% ад сумы пастаўленага тавару. Праўда, як адзначаюць аператыўнікі, у апошні час фігурант выяўляў асцярожнасць: стараўся атрымліваць грошы штоквартальна, каб паменшыць колькасць сустрэч з прадстаўнікамі камерцыйных структур.

Падазраванаму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. Ён змешчаны пад варту.

Аператыўнікамі ГУБАЗіК ужо зафіксаваныя шматлікія факты атрымання фігурантам грашовых сродкаў ад прадстаўнікоў камерцыйных структур. Інкрымінаваная сума — не менш за 200 тысяч даляраў ЗША.

Цікавы факт: грошы аператыўнікі выявілі ў маразільным аддзяленні халадзільніка. Патолагаанатам адзначыў, што не можа патлумачыць паходжанне грошай. Сваю віну ён адмаўляе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0