Міністэрства фінансаў не выключае магчымасці адмовы ад збору акцызаў на аўтамабільнае паліва. Пра гэта заявіў намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко ў часопісе «Фінансы, улік, аўдыт», перадае БелТА.

«Цяпер мы ўсведамляем рэальныя рызыкі значных страт даходаў бюджэту, якія могуць наступіць на працягу 3—5 наступных гадоў, і пралічваем меры па іх мінімізацыі. Найбольш маштабныя з гэтых выклікаў наступныя: завяршэнне Расіяй «падатковага манеўру» з адмовай ад збору вывазных мытных пошлін на нафту і нафтапрадукты. На 2018 год плацяжы ад экспарту нафты ўлічаныя ў памеры Br1,3 млрд, або 1,2% да ВУП (па 2017 год яны склалі Br1,8 млрд, або 1,7% да ВУП).

Сярод іншых выклікаў — неабходнасць прыняцця ўнутраных кампенсацыйных мер па забеспячэнні эфектыўнасці нафтаперапрацоўкі.

Для захавання прымальнага для эканомікі і насельніцтва ўзроўню рознічных цэн на паліва, магчыма, прыйдзецца цалкам адмовіцца ад збірання акцызаў на аўтамабільнае паліва, а гэта страты даходаў у памеры каля 0,7% да ВУП»,

— растлумачыў намеснік міністра. Акрамя таго, па меркаванні Дзмітрыя Кійко, да выклікаў адносіцца заканчэнне ў 2019 годзе перыяду пералічэння фінансавых сродкаў з Расеі ў рамках дамоўленасцей у нафтагазавай сферы, а таксама памяншэнне паступленняў у бюджэт у выглядзе дывідэндаў ад дзяржаўных прадпрыемстваў у выніку магчымай рэформы карпаратыўнага кіравання ў дзяржсектары, павышэння ролі назіральных радаў, продажу дзяржуласнасці інвестарам.

«У такой сітуацыі, якая вымалёўваецца, прыбытак будзе разглядацца перш за ўсё як крыніца развіцця такіх прадпрыемстваў. Пры матэрыялізацыі ўсіх пералічаных рызык разрыў у даходах бюджэту ў сярэднетэрміновай перспектыве можа скласці 3,8% да ВУП. У абсалютнай суме на сёння гэта Br4,3 млрд», — сказаў ён. Намеснік міністра падкрэсліў, што менавіта таму такую важнасць набывае комплексная карэкціроўка Падатковага кодэкса.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0