Відэаблогер з Калінкавічаў разам з некалькімі грамадзянамі Беларусі і Расіі арганізаваў у 2015 годзе дзейнасць фінансавай піраміды «Элеврус», паведамляе КДК.

Грамадзян пераконвалі укладваць грошы (у тым ліку электронныя), абяцаючы гарантаваны высокі даход (да 365% гадавых) на працягу доўгага часу. Прычым памер патэнцыйнага даходу ўзрастаў, калі чалавек прыцягваў у піраміду сваіх знаёмых, якія таксама ўкладвалі свае сродкі. Сістэма ўзнагароджання удзельнікаў за прыцягненне ўкладчыкаў сапраўды была. Таксама «Элеврус» актыўна рэкламаваўся ў сацыяльных сетках і на YouTube.

Махляр таксама абяцаў, што ўклады будуць інвеставацца ў розныя праекты, якія павінны прыносіць дадатковы даход у перспектыве. Хоць увесь даход першых укладчыкаў фармаваўся выключна за кошт прыцягнення грашовых сродкаў ад пачаткоўцаў.

У выніку злачыннай дзейнасці арганізатар і актыўныя ўдзельнікі фінансавай сеткі атрымалі даход у памеры больш за 400 тысяч рублёў. Распачата крымінальная справа па ч. 3 арт. 233 (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць, якая ажыццяўляецца арганізаванай групай) КК.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0