Дубоўка: Хлопцы… Ну, дык што маўчыце? Голаса дайце, хлопцы, ну… Там за вас стаяць ужо некалькі тыдняў, мо, дапаможаце чым? Міхась, што маўчыш? Толька? Юрка? Мойшэ?

Вольны: Ай, Уладзік, адчапіся. Што скажаш тут. Як былі б мы, хаця б во як ты, трохі моцы пры жыцці набраўшыся, дык сталі б, канешне, а то і морды б пачалі біць, ты ж ведаеш, я магу, а то прастраляныя, як нам стаць…

Дубоўка: Ну гукніце хаця б ім чаго, падкажыце. А то ляжыце моўчкі.

Вольны: Годзе табе. Думаеш, лёгка? Моўчкі ляжаць, ага. Асабліва як пры жыцці звычкі такой ня мелі.

Дубоўка: Далібог, сам устаў, пабег бы стаяць за вас, але ж з Масквы не дацягнуся… Шурка, чуеш? Шурка, Дайлідовіч каторы, Дудар?

Дудар: Ну?

Дубоўка: Шурка, чуеш… Рознага паміж намі было… гаўнюк ты, канешне, быў добры…

Дудар: Так, ясна. Пайшоў ты ведаеш куды…

Дубоўка: Ды не аб тое я. За цябе таксама стаў бы сёння. Курапаты твае бараніў бы.

Дудар: Угу.

Крапіва: Усё б табе бузацёрыць. Клаўнаду развялі. Не каб спакойна, па законе, як след…

Дубоўка: Калі ты ўжо сціхнеш, Кандраце. Ніякага навару з цябе.

Крапіва: З цябе многа навару, пабачу я. Ну-ну.

Вольны: Чуеш, Уладзік? Ты як самы моцны ў нас. Скажы ім там. Ермакову іхнаму скажы, астатнім… Якія за Сталіна пішуць, пра дасягненні, маўляў, трэба пра дасягненні памятаць, а не расстрэлы… Дык ты ім перадай, Уладзік, што мы тут усе такія ляжым, якія пра Сталіна пісалі і пра дасягненні, а пра расстрэлы не пісалі, ага.

Чарот: Ну. Тыя, хто супраць Сталіна былі, на Камароўцы ў дваццатыя прастраляныя шчэ. А тут у Курапатах — толькі тыя, хто за Сталіна і за дасягненні. Каго хочаш тут спытай.

Дубоўка: Чаго пытацца. Ведаю.

Дудар: І я пісаў. Сталін, найвялікшы правадыр.

Чарот: І я пісаў.

Харык: І я пісаў. Яму асабіста нават пісаў. Верыў жа. Дык не дапамагло. Яны там пазабываліся пра гэта, ці што?

Дубоўка: А халера ведае іх. Мо, есці няма дзе, акрамя як у Курапатах. Голад, мо. Адзін рэстаран на ўсю Беларусь. Няма куды пайсці болей. Тут дзе хочаш паедзеш паесці.

Вольны: Дык ты перадай там гэтым, якія Ермаковы. Пуля —яна ўсякага бярэ. Як пачнецца — не ўратуешся. Тут толькі каб не пачынаць. А тым, хто стаіць… скажы, дапаможам. Параімся тут. Прыдумаем нешта. Няхай трымаюцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?