Карціну мастака-авангардыста Казіміра Малевіча «Краявід» прадалі на аўкцыёне ў Лёндане за 7,88 млн фунтаў (10,4 млн даляраў), паведаміў аўкцыённы дом Christie’s па выніках вячэрняга гандлю «Мастацтва імпрэсіянізму і мадэрнізму».

Малевіч напісаў «Краявід» у 1911 годзе пад уплывам творчасьці францускага мастака-постімпрэсіяніста Поля Сезана.

«Работа належыць да так званай «чырвонай сэрыі» — сэрыі твораў мастака, якія вылучаюцца энэргічнымі мазкамі і выразнымі колерамі, адсылаюць гледача да спадчыны фавізму і кубізму, адначасова з гэтым апярэджваючы станаўленьне супрэматызму», — адзначаецца ў паведамленьні аўкцыённага дома.

«Краявід» упершыню быў паказаны на «Маскоўскім салёне» ў 1911 годзе. Налета ён экспанаваўся на выставе пецярбурскага «Саюзу моладзі». У 1927 годзе ў Бэрліне прайшла выстава найлепшых працаў мастака, у лік якіх увайшоў і «Краявід», які застаўся ў Бэрліне пасьля вяртаньня Малевіча ў Расею. Працу знайшлі пасьля вайны. «Краявід» набыў Базэльскі мастацкі музэй, дзе карціна знаходзілася больш за паўстагодзьдзя, а потым была вернутая нашчадкам мастака. На цяперашнія таргі карціна была выстаўленая з прыватнай калекцыі.

15 траўня 2018 году на аўкцыёне Christie’s за больш чым 85,8 млн даляраў таксама была прададзеная карціна Малевіча «Супрэматычная кампазыцыя».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру