Без дажджоў рэгіён жыве ўжо амаль два месяцы. Б’юць трывогу аграрыі — ураджай пад пагрозай. Складаная абстаноўка і ў лясах. Цёплая вясна і гарачы чэрвень — па словах сіноптыкаў, такога засушлівага надвор’я ў вобласці ў гэты час не было больш за 70 гадоў, паведамляе ОНТ.

Стан ракі гідролагі прыходзяць праверыць двойчы на дзень. І пакуль вынікі не цешаць. Узровень вады з кожным днём усё ніжэйшы: пачаў імкліва падаць яшчэ ў траўні. І да гэтага часу сітуацыя застаецца складанай. Суднаходства на Нёмане прыпынена, прагулачны цеплаход «Вольга Соламава» прышвартаваўся да берага.

Дажджы калі і ідуць, то толькі месцамі, ды і тыя — кароткачасовыя. Ад засухі пакутуе ўся вобласць. Крыху лепш сітуацыя на поўначы рэгіёну — у Астраўцы і Ашмянах. Там яшчэ захавалася вільгаць у глебах. А вось на захадзе — у Гродне і Гродзенскім раёне — дажджоў не бачылі амаль два месяцы. Цёплая вясна, сухі май і гарачы чэрвень — такога надвор’я, запэўніваюць сіноптыкі, не было з часоў заканчэння Вялікай Айчыннай вайны.

Уздоўж берагоў стаіць непрыемны пах з-за падсыхаючага дна і ціны. Мясцовыя распавядаюць: некалі паўнаводны і нават падступны Нёман цяпер месцамі можна перайсці ўброд — вады па калена. Рака змялела настолькі, што ў межах горада на паверхню выйшлі нават апоры старых драўляных мастоў і прыстаняў, пабудаваных яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя.

Газоны ў Гродне выгарэлі

Кветнікі і пасадкі маладых дрэў паліваюць цяпер кожны дзень. Нармальна пакуль працуе толькі ГЭС. Але калі ўзровень вады ўпадзе яшчэ ніжэй — абсталяванне спыніцца. У гаспадарцы «Філіял Скідзельскі» Гродзенскага раёна ўжо падлічваюць страты: хутка жніво, толькі вось прыбіраць няма чаго. Літаральна на вачах расліны ў палях гінуць. У гаспадарцы амаль 80% земляў — пяскі і супяскі. У засуху яны першымі патрапілі пад удар. І калі кукуруза і цукровыя буракі яшчэ паднімуцца, то пшаніцу і ячмень прыйдзецца проста выкінуць. Аграрыі ў тэрміновым парадку спрабуюць выратаваць хоць нешта.

Пакутуюць ад засухі і лясы

У Гродзенскай вобласці ўстаноўлены максімальны, пяты, узровень пажарнай небяспекі. Уваход — пад строгай забаронай. У Гожскім лясніцтве зараз самая складаная ў акрузе сітуацыя — з 12 тысяч гектараў дзве траціны — іглічныя дрэвы (найбольш адчувальныя — загараюцца як запалкі). Леснікі кажуць: пасаджаны на суботніках у красавіку маладняк наўрад ці выжыве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?