Случчакі дапамаглі футбольнаму каментатару з Салігорска Ягору Калесніку «злавіць» 40 купюр па 10 рублёў, якія разляцеліся ў яго з-за моцнага ветру. Ягор Калеснік распавёў «Кур'еру», як гэта ўсё здарылася.

У сераду, 20 чэрвеня, хлопец ехаў маршруткай з Мінска ў Слуцк. Да 13.30 яго чакалі ў СФК «Слуцк»: яны рыхтуюць відэа да 20-годдзя футбольнай каманды. Каля 12.30 ён выйшаў на прыпынку.

«У маршрутцы дрэнна зачынялася дзверы, і, калі я выходзіў, кіроўца папрасіў пляснуць ёю з усіх сіл. Адразу зрабіць гэта не мог, таму што ў адной руцэ трымаў заплечнік, у другой — штатыў і кашалёк. Калі паспрабаваў вызваліць адну з рук, няўдала за нешта зачапіўся і выпусціў усе грошы», — распавядае Ягор.

У гэты момант да футбольнага каментатара падбеглі пяць-шэсць чалавек — жанчыны і адзін дзядуля. Яны «лавілі» грошы, падымалі іх з асфальту і клалі проста ў кашалёк Ягору. Хлопец быў упэўнены, што з-за моцнага ветру недалічыцца некалькіх купюр. Але гэтая думка яго не хвалявала, таму што ён з натхненнем назіраў, як людзі на прыпынку «аператыўна і сканцэнтравана» дапамагаюць яму.

«Мне было не шкада грошай. Сам быў бы вінаваты, калі б не далічыўся 50-100 рублёў. Ды і гэта стала б маёй платай за тое, што я ўбачыў, якія добрыя людзі знаходзяцца вакол нас», — кажа Ягор.

Паводле яго слоў, случчакі дапамаглі сабраць яму ўсю суму прыкладна за 10 секунд. Ні адна з 40 купюр не згубілася і «не паляцела».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?