20 чэрвеня 2018 года на месцы ляснога пажару паблізу вёскі Лесань Жлобінскага раёна страціў прытомнасць пажарны ПАВЧ №2 Жлобінскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сяржант унутранай службы Яўген Стральчэня. 

Калегі спрабавалі рэанімаваць ратавальніка да прыезду брыгады хуткай медыцынскай дапамогі. У 21.29 медыкамі была канстатавана смерць.

Яўген — малады хлопец, яму было толькі 25 гадоў. 

Калегі пра яго выключна добрай думкі: ураўнаважаны, стрыманы хлопец, кажуць яны, усё як і мае быць у прафесіі. 

Вырас Яўген у Жлобіне, у 1999-м пайшоў у тутэйшую школу і скончыў там 9 класаў, яшчэ два гады вучыўся ў ПТВ. 

Потым было войска — служыў хлопец у ССА ў Мар'інай Горцы. 

Там прызвычаіўся да нагрузак, на грамадзянцы трохі патыркаўся з работай і вырашыў ісці ў ратавальнікі. 

«Гады тры ён служыў ужо, во толькі атрымаў вышэйшую адукацыю — у Смаленску на спартыўным вучыўся, дыплом абараніў. Браў адпачынак пад гэтую справу, толькі 16-га адпачынак скончыўся, толькі выйшаў на работу», — расказаў «Нашай Ніве» стрыечны брат загінулага. 

«На пажарах ён шмат бываў, людзей выносіў. Казаў, што калі першы раз чалавека выносіў, то ён быў, як тут сказаць… як шашлык, карацей, такая скура была. І яму першы раз кепска стала ад такога, а потым звыкся, рабіў работу сваю», — дадаў сваяк Яўгена. 

Родныя пакуль што не ведаюць дакладную прычыну смерці, чакаюць вынікі экспертызы і не вераць, што ў Яўгена без дай прычыны магло спыніцца сэрца. 

Калегі ж называюць папярэднія версіі смерці. 

«Там гарэла трава, падложка лесу з кустамі, дрэвы трохі. Быў зменлівы вецер, які перыядычна падымаўся, Яўген, атрымліваецца, быў у зоне задымлення. Нехта выбягаў вады папіць, абцерціся, шлем з папругай скінуць. Словам, трохі сябе прывесці да ладу. А ён, наколькі я бачыў, быў у эпіцэнтры ў баявым аддзенні, усё зашпілена. Таму, магчыма, атрымаў цеплавы ўдар або проста не змог выбегчы з зоны задымлення, бо вецер разносіў гэта ўсё. А можа, і сукупнасць гэтых фактараў, мне так здаецца», — расказаў нам калега Яўгена. 

Жлобінскія пажарныя кажуць, што такіх трагічных выпадкаў на іх памяці не было. 

«Ён служыў у трэцяй частцы Жлобіна, потым была аптымізацыя, і яго перавялі ў другую. Там у камандзіра аддзялення — 20 гадоў выслугі, але нават на яго практыцы такога, каб пажарны гінуў на рабоце, не было. Прыкра ўсё гэта», — падсумоўваюць яны. 

У загінулага не было дзяцей, у бацькоў ён адзіны сын. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?