У чацвер 21 чэрвеня пасля амаль шасцігадовай рэканструкцыі адкрываецца стадыён «Дынама» — галоўная спартовая арэна краіны.

Пабудавалі на габрэйскіх могілках

У Мінску XIX стагоддзя на месцы паміж Магазіннай і Ніжняляхаўскай (цяпер гэта Кірава і Ульянаўская) знаходзіліся вялізныя габрэйскія могілкі. Месца для пахаванняў там скончылася, габрэям адвялі новы надзел для пахаванняў на сучаснай Сухой. А старыя могілкі прыходзілі ў занядбанне.

Па ўспамінах відавочцаў, гэта было адно з самых непрывабных месцаў у Мінску. 

Бальшавікі вырашылі праблему па-свойму. У 1930-я на гэтым месцы было вырашана ўзвесці стадыён. Парэшткі людзей проста вывозілі на палігон. А надмагільныя пліты пайшлі на будаўніцтва многіх мінскіх будынкаў, у тым ліку на Дом афіцэраў.

Сам стадыён адкрыты 12 чэрвеня 1934 года. І належаў Усесаюзнаму спартыўнаму таварыству «Дынама».

Будавалі супрацоўнікі НКВД

Адметна, што будаўніцтвам стадыёна займаліся, у тым ліку, супрацоўнікі НКВД і пагранічнікі. Кожны з асабовага складу мусіў адпрацаваць на будаўніцтве па 100 гадзін. Тады сам стадыён знаходзіўся на месцы, дзе быў калісьці рэчавы рынак.

Ужо на больш традыцыйным для нас месцы «Дынама» пабудавалі пасля вайны. Стадыён быў падпалены ўжо ў першыя дні баявых дзеянняў. Згарэў сам стадыён, а таксама суседнія будынкі.

Новую арэну ўзводзілі ад 1947 да 1954. Архітэктарам быў Мікалай Джэймсавіч Колі, маскоўскі архітэктар шатландскага паходжання. Другім архітэктарам быў Міхаіл Паруснікаў, той самы, які таксама спраектаваў будынкі КДБ і Нацбанка ў Мінску.

Дарэчы, славутая вежа на будынку КДБ мае таксама «футбольнае» паходжанне. Існуе апокрыф, што Лаўрэнцій Цанава проста хацеў глядзець футбольныя матчы, не выходзячы з будынка.

Праходзіла Алімпіяда

Новае жыццё «Дынама» набыло перад Алімпіядай 1980 года. Некалькі матчаў маскоўскіх Гульняў мусіў прыняць Мінск. Менавіта тады стадыён умяшчаў найбольшую колькасць гледачоў — 50 тысяч. Справа ў тым, што тады не было крэслаў, а толькі лаўкі.

Тады ж з’явіўся і славуты казырок. Хадзіла байка, што архітэктар уцёк у Ізраіль. Таму збудаванне тэрмінова паўторна выпрабоўвалі яго на трываласць. Казырок вытрымаў. Але паўнавартаснай трыбунай так і не стаў. Яго закрылі для наведвальнікаў у 1990-я.

У 1982-м «Дынама» гуляла на гэтым стадыёне, калі станавілася чэмпіёнам СССР па футболе. Зборная Беларусі перамагала на «Дынама» галандцаў, а БАТЭ — «Баварыю». Усе самыя значныя поспехі нашага футбола звязаныя акурат з гэтай арэнай.

Калі на «Дынама» апошні раз быў Лукашэнка?

На адкрыццё нават прыедзе Аляксандр Лукашэнка, які не быў на «Дынама» ад 2001 года. Тады беларусы прымалі ўкраінцаў і рэальна прэтэндавалі на выхад на чэмпіянат свету. Трэнерам нашай зборнай на той момант быў Эдуард Малафееў. Нашы прайгралі з лікам 0:2. Абодва галы забіў легендарны бамбардзір украінцаў Андрэй Шаўчэнка.

Той матч скончыўся вялікім скандалам. Малафееў выгнаў са зборнай тагачасных лідараў Валянціна Бялькевіча і Аляксандра Хацкевіча, абвінаваціўшы іх у здачы гульні.

А галоўнае, на трыбунах масава ўзнялі бел-чырвона-белыя сцягі і скандавалі «Жыве Беларусь».

Болей Лукашэнка на футбол на «Дынама» не хадзіў, якімі б прынцыповымі ні былі гульні. Не наведваў нават першыя матчы БАТЭ ў Лізе чэмпіёнаў, якія гуляліся акурат на «Дынама», яшчэ да будаўніцтва «Барысаў-Арэны».

Што будзе новага цяпер?

Рэканструкцыя стадыёна каштавала 150 мільёнаў даляраў. Шмат якія лічбы ўражваюць. Напрыклад, за кабель заплацілі больш за 200 тысяч даляраў. Сістэма хронаметражу з фіксацыяй вынікаў абыдзецца ў 400 тысяч даляраў. Газон — амаль паўмільёна.

Самае галоўнае, што прыцягвае ўвагу мінчукоў, — гэта новыя электрычныя мачты. Іх у народзе назвалі «мухабойкамі». Зрэшты, варта прызнаць, што ўначы яны выглядаюць файна.

Хаця хапае і дурных архітэктурных рашэнняў. Напрыклад, дахам будуць закрытыя не ўсе трыбуны, а толькі тры чвэрці. У выпадку аншлагу, у дождж некаторым давядзецца мокнуць.

Цікава, якім будзе лёс у новай версіі «Дынама»?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?