Рыгор Кастусёў (зьлева) і Юрась Зянковіч (справа) на пікеце супраць адкрыцьця рэстарана ля Курапатаў, 14 чэрвеня 2018

Рыгор Кастусёў (зьлева) і Юрась Зянковіч (справа) на пікеце супраць адкрыцьця рэстарана ля Курапатаў, 14 чэрвеня 2018

Лідар партыі БНФ Рыгор Кастусёў і сябар партыі, амерыканскі адвакат Юрась Зянковіч дасягнулі «прынцыповай дамоўленасці» аб правядзенні сустрэчы ўсіх зацікаўленых бакоў для дасягнення кампрамісу адносна канфлікту вакол рэстарана «Паедзем, паядзім», што за 50 мэтраў ад мэмарыялу ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Курапатах. Пра гэта Кастусёў і Зянковіч сказалі Радыё Свабода.

У сустрэчы, паводле іх, возьмуць удзел як прадстаўнікі грамадзкасьці, уладаў і буйнога бізнэсу, так і ўладальнікі рэстарану.

«Нам давялося правесьці некалькі прадуктыўных сустрэч з адным з уладальнікаў рэстарану Леанідам Зайдэсам. Ён аказаўся вельмі адкрытым да размовы і канструктыву чалавекам. Цягам перамоваў нам удалося дасягнуць узаемапаразуменьня і прыйсьці да высновы, што праблему магчыма вырашыць толькі ў сумеснай супрацы, — сказаў Зянковіч. — Сустрэча адбудзецца 29 чэрвеня або на тэрыторыі рэстарана, або на нейтральнай пляцоўцы».

Па словах прадстаўнікоў партыі БНФ, папярэдне ўзгоднена, што на сустрэчу будуць запрошаныя чыноўнікі Менгарвыканкаму, Менаблвыканкаму, Мінкультуры, дыпляматы, абаронцы Курапатаў, Таварыства аховы помнікаў, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Анісім, Канапацкая і Марзалюк, бізнэсмэны Юры Зісэр і Віктар Пракапеня.

Кастусёў і Зянковіч сьцьвярджаюць, што ў абмеркаваньні будуць удзельнічаць і тыя, хто пратэстуе супраць рэстарану. Праяўляюць зацікаўленасьць і прадстаўнікі некаторых буйных габрэйскіх арганізацый, якія «абавязкова будуць запрошаныя на перамовы».

«Падчас перамоваў уладальнік рэстарацыі прапануе некалькі варыянтаў, кожны зь якіх можа быць падтрыманы грамадзкасьцю. Напрыклад, выкуп тэрыторыі за меншы, чым балянсавы, кошт, ці правядзеньне вялікай працы па ўладкаваньні Курапатаў і ўсталяваньні папярэдне распрацаванага мэмарыяльнага комплексу, — сказалі Свабодзе Кастусёў ды Зянковіч. — Таксама спадар Зайдэс прадставіць шмат дакумэнтаў-прапановаў, зь якімі ён зьвяртаўся да Мінкульту за апошнія 5—6 год з мэтай распрацоўкі комплексу і атрымаў шматлікія адмовы».

Суразмоўцы падкрэсьліваюць, што ўсе, «хто мае прапановы, будуць сядзець за круглым сталом».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0