Мінулай восенню я завёў старонку на Аднакласніках, каб папулярызаваць краязнаўчыя веды праз публікацыю старых фотаздымкаў.

Фактам ёсць тое, што простыя людзі не сядзяць у фэйсбуку. Мяне на фэйсбуку не чытае ніводзін чалавек з Параф'янава, а з Докшыцкага раёна ёсць толькі адзін актыўны чытач — бачу, што час ад часу ставіць лайкі.

Дык таму я пайшоў на Аднакласнікі. Мае сябры не карыстаюцца гэтай сацсеткай, таму першай мэтай было сабраць аўдыторыю з тых, каго цікавіць гісторыя рэгіёна. Я зрабіў гэта проста: пайшоў на суполкі Глыбокага, Падсвілля, Варапаева, Дунілавічаў, Докшыц, Крулеўшчыны і стаў публікаваць там старыя здымкі гэтых паселішчаў. Хто лайкаў — тых дадаваў у сябры. У хуткім часе адміністрацыя забаніла мяне, бо палічыла маю дзейнасць (масавае дадаванне ў сябры) за спам. Пасля кароткай перапіскі адміністрацыя мяне разбаніла, а я стаў дзейнічаць больш асцярожна.

Цяпер у мяне на Аднакласніках 588 сяброў — частка з майго рэгіёна, частка выхадцы з яго. Сабраўшы аўдыторыю на сваёй старонцы, я ўжо не маю патрэбы публікаваць допісы ў мясцовых суполках: тыя, каму мясцовая гісторыя ёсць цікавай, ужо ёсць у мяне ў сябрах. Цяпер дадаю ў сябры пераважна тых, хто рэпосціць мае допісы ці хто лайкае некалькі матэрыялаў адразу. Алгарытм Аднакласнікаў такі, што калі карыстальнік паставіць адзнаку допісу, то ён становіцца бачны ўсім яго фрэндам.

У выніку — допісы з гістарычнымі здымкамі звычайна набіраюць на Аднакласніках па 3—4 тысячы праглядаў. Некаторыя набіраюць і да 10 тысяч. Звычайная справа, калі допіс набірае ад 10 да 30 рэпостаў. Ахоп аўдыторыі значна большы, чым на маёй старонцы ў Фэйсбуку.

Разам з тым, такая сістэма дазваляе зразумець, якія допісы папулярныя, а якія — не. Людзей цікавіць мясцовая гісторыя або допісы пра маю грамадскую актыўнасць. А, напрыклад, тэксты пра 100-годдзе БНР мелі значна меншую папулярнасць, хоць віншаванне з 25 Сакавіка і перапосцілі нешта каля 15 разоў.

У асноўным аўдыторыя Аднакласнікаў — людзі добрыя, хоць і малаадукаваныя, з нізкім культурным узроўнем, трохі наіўныя. Мяркуючы па каментарах, яны маюць прыхільнасць да роднага краю, іх хвалюе пытанне гістарычнай спадчыны, яны падтрымліваюць актыўнасць, накіраваную на вырашэнне мясцовых праблем. Шмат словаў удзячнасці на мой адрас пакідаюць.

Ёсць у грамадстве перакананне, што на Аднакласніках шмат «ватнікаў» — людзей, якія некрытычна паддаюцца на расейскую прапаганду. Я гэтага пабойваўся, і адразу пастанавіў усіх «ватнікаў» блакаваць без дыскусіі. Усіх, хто выказваўся рэзка ці агрэсіўна супраць беларусацэнтрычнага погляду на гісторыю, — я баніў. У бан-ліст трапіла каля пятнаццаці чалавек, а на маёй старонцы — цішыня, спакой і ніякіх сварак у каментах. Допіс з віншаваннем на 25 Сакавіка павялічыў бан-ліст усяго на двух чалавек, і тое не з маіх фрэндаў, а з выпадковых людзей, якія пабачылі допіс у стужцы сваіх сяброў. Яшчэ адзін чалавек (з некалькіх тысяч, якія пабачылі абвестку) напісаў «с этого всё начиналось в Украине» пад абвесткай курсаў «Мова Нанова» ў Глыбокім.

Многія ўражваюцца і пасмейваюцца з таго, што людзі посцяць і рэпосцяць у Аднакласніках. Скажу шчыра — я не чытаю фрэндстужку, таму не ведаю.

Агулам жа весці асветніцкую працу ў «Аднакласніках» варта. Асабліва карысны гэты інструмент для краязнаўцаў і мясцовых грамадскіх актывістаў. Адно важна — рабіць гэта трэба проста, так, каб простаму чалавеку, які стаіць на галаву ніжэй ад нас па інтэлектуальным і культурным развіцці, было зразумела. І важна ўстрымлівацца ад сварак, а гэта можна рабіць, блакуючы агрэсіўную меншасць, якая складае пару адсоткаў ад аўдыторыі, але здольная перацягнуць на сябе ўвагу і ўцягнуць у непатрэбную спрэчку. Большасць аўдыторыі будзе спакойна чытаць тое, што ёй прапануеш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?