У нядзелю 24 чэрвеня а 12.00 ізноў запрашаем Вас на бясплатную экскурсію «Курапаты — беларуская Галгофа».

Сустрэча а 12-й у Курапатах ля Крыжа Пакутаў. Для тых, хто не ведае, у 11.45 на рагу жоўтага аднапавярховага дамка дыспетчарскай станцыі Зялёны Луг — 7 (на канцавым прыпынку аўтобусаў №24, 87, тралейбусаў №46, 53).

А ўсім беларусам, хто не зможа гэтым разам, але хацеў бы наведаць Курапаты, пры наяўнасці групы хаця б 5—6 чалавек гатовыя правесці гэтую экскурсію бясплатна ў любы іншы час па дамоўленасці па тэлефонах: +375-44 538 62 83 (Валерыя) і +375-25 545 84 30 (viber).

Экскурсія прысвечаная 30-годдзю адкрыцця Курапатаў: 3 чэрвеня 1988 года ў газеце «Літаратура і мастацтва» быў надрукаваны знакаміты артыкул «Курапаты — дарога смерці». Менавіта з гэтага артыкула ўвесь свет даведаўся пра масавыя сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі.

Курапаты ўнесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь і маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці першай катэгорыі, то бок аб'ект міжнароднага значэння. У гэтым месцы бязвінна забітыя і пахаваныя дзясяткі тысяч ахвяраў.

У адрозненне ад Бутаўскага палігона ды Катыні ў Расеі, Быкоўні ва Украіне ды іншых аналагічных месцаў, у Курапатах да гэтага часу няма афіцыйнага мемарыялу, існуе толькі народны мемарыял «Лес крыжоў».

Курапаты часта называюць Беларускай Галгофай. І як у хрысціянстве Галгофа — сімвал і Смерці, і Уваскрасення Хрыста, так і Курапаты — не толькі памяць сталінскіх рэпрэсіяў, пакутаў і смерці нашых дзядзоў і прадзедаў, але і сімвал Уваскрасення нашай нацыі, імкнення да праўды і свабоды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0