Фота Reuters/Scanpix/LETA.

У Калінінградзе ў асноўным заўзелі за зборную Сербіі. У дзень гульні ля галоўнага праваслаўнага сабора Хрыста Збаўцы ў Калінінградзе расцягнулі сцяг з надпісам «Адны колеры — адна вера», а на верандзе кавярні ў цэнтры горада — сербскі сцяг «Мы рускіх не кінем», паведамляе Delfi са спасылкай на Sports.ru.

Перад гульнёй Сербскі футбольны саюз звярнуўся да заўзятараў з просьбай не вывешваць палітычных банераў, а швейцарцы адмянілі традыцыйны масавы праход да стадыёна. Гэтыя крокі рабіліся дзеля бяспекі — гульні прысвоілі павышаную ступень рызыкі, бо ў паліцыі асцерагаліся сутыкненняў сербаў і косаўскіх албанцаў (іх у Швейцарыі больш за 200 тысяч).

Нягледзячы на асцярогі, да гульні ў Калінінградзе было ціха і спакойна. Сербы і швейцарцы разам пілі піва і фатаграфаваліся. Але на стадыёне, калі аб'яўлялі гульцоў, сербы асвісталі ўсіх швейцарцаў. Найбольш дасталася Джака, Дземаілі, Сеферовічу (ён басніец) і асабліва — Джэрдану Шакіры і Бехрамі. Абодва ніколі не хавалі, што іх радзіма — Косава.

У складзе Швейцарыі на цяперашнім ЧС мала карэнных швейцарцаў — сабраныя або мігранты, або дзеці мігрантаў, у асноўным, былых югаславаў і косаўскіх албанцаў. Адзін з іх, Бехрамі, набіў татуіроўку з косаўскім і швейцарскім сцягамі.

У матчы ЧС супраць сербаў Шакіра гуляў у буцах з выявай сцягоў Косава і Швейцарыі. А пасля свайго пераможнага гола паўабаронца склаў на грудзях рукі ў фігуру, якая нагадвае малюнак арла на сцягу Албаніі. На албанскай мове краіну называюць «Шкіперыя» — краіна арлоў.

Падчас матча сербы абражалі Шакіры і тыкалі ў яго бок сярэднімі пальцамі і пасля фінальнага свістка — калі яго назвалі найлепшым гульцом матча.

Джэрдан Шакіры нарадзіўся ў 1991 годзе ў горадзе Гнілане на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Косава, незалежнасць якой не прызнаюць Сербія і яшчэ шэраг краін, у тым ліку Расія. Сям'я гульца імігравала ў Швейцарыю ў 1992 годзе.

На прэс-канферэнцыі Шакіры спыталі, навошта ён паказаў албанскага арла пасля гола за Швейцарыю. «Гэта проста эмоцыі. Я быў вельмі шчаслівы, што забіў гол, і цяпер не хачу пра гэта гаварыць», — адказаў швейцарскі футбаліст.

«Я ніколі не забуду, што нарадзіўся ў Косаве, — распавядаў раней Шакіры. — Гэта вельмі-вельмі бедная краіна, дзе мала працы і грошай. У маёй сям'і амаль нічога не было. Дом майго дзядзькі спалілі. Наш застаўся цэлым, але яго разрабавалі — нешта скралі, нешта зламалі або разбілі. А сцены былі залітыя фарбай. Я рады, што мы знайшлі ў Швейцарыі бяспечнае месца, дзе можам мірна жыць».

«У мяне швейцарскі менталітэт, але дома я размаўляю на албанскай. Жыць у Швейцарыі было няпроста. Мой тата не ведаў мовы і таму спачатку працаваў мыйшчыкам посуду ў рэстаране, потым будаваў дарогі. Мама была прыбіральшчыцай у офісным будынку, мы з братам дапамагалі ёй мыць вокны. Жыць у Швейцарыі і так дорага, а мы павінны былі адпраўляць грошы сваякам, якія засталіся ў Косаве», — казаў ён.

А першы гол у вароты сербаў таксама забіў этнічны албанец — паўабаронца зборнай Швейцарыі Граніт Джака. Ён нарадзіўся ў Базелі, але яго бацькі — косаўскія албанцы, а брат Таўлянт Джака гуляў на Еўра-2016 за зборную Албаніі. Пасля абодвух галоў швейцарцаў Джака складаў рукі ў фігуру, якая нагадвае малюнак арла на сцягу Албаніі.

Фота AP/Scanpix/LETA

«Для мяне гэта асаблівая гульня. Гэтая перамога — для ўсіх маіх сяброў і сваякоў, якія заўсёды падтрымлівалі мяне. Маё святкаванне — гэта не сігнал суперніку. Гэты жэст — для людзей, якія заўсёды са мной, хто ніколі мяне не падводзіў. Для маёй радзімы, дзе нарадзіліся мае бацькі. Гэта чыстыя эмоцыі», — сказаў Джака пасля матча.

Калі сочыце за чэмпіянатам свету па футболе, раім вам зрабіць стаўку ў Букмекерскай канторы Марафон!

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру