Стаўбцоўшчына: жыхары Рубяжэвічаў і навакольных вёсак стварылі карту роднай мясцовасці. На ёй населеныя пункты — некаторыя з іх ужо зніклі назаўсёды — пазначаны шматкілаграмовымі валунамі.

След на валуне

Ансамбль «Памяць у камені» быў створаны дванаццаць год таму. Яго ўрачыстае адкрыццё прымеркавалі да значнай мясцовай падзеі — 100-годдзя закладкі першага каменя пад будаўніцтва касцёла Святога Юзафа ў мястэчку.

— Наша пакаленне таксама хацела пакінуць пасля сябе якісьці памятны знак. Параіліся з парафіянамі, са святаром — яны падтрымалі ідэю, сутнасць якой была ў наступным. На той момант ля Рубяжэвічаў было 43 вёскі, якія належалі да парафіі касцёла Святога Юзафа. Мы прапанавалі, каб кожная вёска прывезла ад сябе камень. Людзі дужа стараліся. Калі дастаўлены валун падаваўся ім не вельмі прыгожым — забіралі, прывозілі іншы. Камяні расставілі так, як размешчаны вёскі на карце, — расказвае адзін з ідэйных натхняльнікаў праекта, мясцовая настаўніца рускай мовы і літаратуры Рамуальда Сабалеўская.

Валуны знаходзяцца на невялікім пляцы цераз дарогу ад касцёла.

— На камянях пачалі выбіваць назвы вёсак. Людзі ўзважана ставіліся да напісання назвы свайго населенага пункта, — працягвае Рамуальда Ігнацьеўна. — Вось, напрыклад, камень — вёска Васілеўшчына. А называлася яна калісьці Жыдавічы. Таму жыхары старэйшага ўзросту хваляваліся — што ж выбраць? Каб не было крыўдна, вырашылі: няхай будуць адразу дзве назвы.

Навакольныя вёскі звязаны паміж сабой рознымі пуцявінамі — брукаванка, гравійка, асфальт. Сімвалічныя вёскі-камяні таксама злучылі ў адпаведнасці з картай — усе дарожкі высыпалі пяском. Ля кожнага валуна ёсць сцежка, якая вядзе да цэнтральнай. А тая ў сваю чаргу — да сімвала хрысціянскай веры — крыжа. Ён таксама выкладзены з каменю. Як і арка. Яна зроблена накшалт той, што пры ўваходзе у касцёл. Людзі не хацелі, каб тут было штосьці іншае, акрамя каменю. Каталіцкая святыня ў Рубяжэвічах цалкам пабудавана з часаных камянёў.

— Было ўрачыстае адкрыццё памятнага знака. Мы запрасілі духоўныя, свецкія ўлады — ніхто не адмовіў, усе завіталі. Кожная вёска сабрала нават тых, хто ўжо даўно перасяліўся адтуль. Усе яны папрыязджалі: хтосьці здалёк, хтосьці бліжэй. І такі каляровы людскі дыван упрыгожыў усю гэтую тэрыторыю, — з хваляваннем дзеліцца ўспамінамі настаўніца. — Адбылася наша прыгожая ўрачыс­тасць. Але, як часта бывае паміж людзьмі, пачаліся размовы: патрэбна было гэта ці не? Мы былі цярплівымі. Ведалі: толькі час скажа праўду і дасць самы справядлівы адказ. Мінула некалькі год, і ўсе пераканаліся: добрую справу зрабілі.

Сцяжынкамі памяці

Ляжыць камень — вёска Ліхачы. У 2006 годзе тут яшчэ жыў адзін чалавек — Юра Сіман. Не стала Юры. А затым хтосьці спаліў і яго хату ў полі. І следу не засталося ад гэтай вёскі. Калгас сее, калгас убірае. Нават дарога, якая калісьці збочвала да Ліхачоў, з кожным годам робіцца карацейшай: дзесьці зарастае лесам, дзесьці яе прыаралі. Але ў людской памяці вёска не знікла — толькі трошкі змяніла лакацыю.

На вялікія ўрачыстасці, асабліва 2 лістапада — на Дзяды, калі каталікі ўспамінаюць сваіх памерлых, людзі заўсёды прыходзяць да гэтых камянёў. Быццам на талаку ў сваёй вёсцы…

— Іншым разам праходзіш сярод валуноў і бачыш: дзесьці трымціць запаленая лампадка, дзесьці кветкі ляжаць — людзі прыходзілі ў сваю вёску сцяжынкамі памяці, — заўважае Рамуальда Ігнацьеўна.

На жаль, з цягам часу лёс Ліхачоў напаткаў яшчэ два населеныя пункты. Зніклі вёскі Грань і Місалі. Нямым дакорам ляжаць камяні з іх назвамі…

Паблізу памятнага знака вернікі выкапалі штучнае азярцо, якое перыядычна запаўняюць вадой. Паставілі ўмоўны калодзеж-журавель — родны вобраз дзедавай хаты… Побач паклалі чатыры вялікія камяні, на іх выбіты словы: «Вёска жыве з верай, надзеяй і любоўю».

— Моцна верым у тое, што вёска будзе ­жыць. Зразумела, Рубяжэвічы ўжо не стануць тым мястэчкам, якім былі да Вялікай Айчыннай вайны, калі там пражывала тры тысячы насельніцтва: беларусы, палякі, рускія, але большасць жыхароў — дзве тысячы — складалі яўрэі. Менавіта яны заснавалі гэтае мястэчка прыкладна ў 1530 годзе. Тут былі дзве сінагогі — зімовая і летняя, два каталіцкія касцёлы — Святога Антонія і Святога Юзафа, праваслаўны храм Мікалая Цудатворца. Нягледзячы на сваю шматканфесійнасць, вяскоўцы, паводле аповедаў старажылаў, жылі досыць згуртавана і дружна, — пад­крэслівае Рамуальда Сабалеўская.

Сёння ў мястэчку толькі каля 150 жыхароў. Гэта людзі ў асноўным пажылыя.

— Калі хтосьці з іх памірае, хаваем як свайго роднага, — кажа настаўніца. Гарэніць расстанне, моцна шкадуем, бо разумеем: адгэтуль штосьці страчваюць і наша гісторыя, самабытнасць, культура. Стараемся як найчасцей сустракацца з нашымі жыхарамі, бо пры кожнай размове — якісьці успамін, альбо фотаздымак, альбо рэч на памяць: нематэрыяльная і матэрыяльная гісторыя нашага мястэчка.

Ростань не адужаць, не адсланіць. Скончыўся час — адыходзяць вяскоўцы ў невядомыя далі. А за імі ланцужок слядоў — валуноў, знітаваных паміж сабой людской памяццю. Так, па каменьчыку, узводзяць нашы землякі храм надзеі і веры…

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру