У Брэсце вынеслі прысуд 19-гадоваму хлопцу, якога абвінавачвалі ў прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання свайму прыяцелю.
16 мая кампанія маладых людзей адпачывала ў кватэры. Падчас застолля адзін з гасцей зняў майку, агаліўшы свой торс. Прысутныя звярнулі ўвагу на «добры прэс». Аднак кампліментаў пацярпеламу было недастаткова — і ён прапанаваў свайму таварышу ударыць яго ў жывот, каб прадэманстраваць трываласць прэса. Малады чалавек адмовіўся, але спартсмен настойваў. Тады абвінавачаны размахнуўся і ўдарыў у жывот свайму сябру. Той удар вытрымаў, а затым пайшоў спаць. Назаўтра ён папрасіў сяброў выклікаць яму хуткую — медыкі дыягнаставалі ў пацярпелага разрыў сценкі тонкага кішэчніка.
Следчыя распачалі крымінальную справу.
На этапе расследавання і пазней у судзе пацярпелы настойваў, каб крымінальную справу ў дачыненні да яго сябра спынілі. Аднак у дадзеным канкрэтным выпадку вызваленне ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з прымірэннем бакоў было немагчымым.
«Суд Маскоўскага раёна Брэста прызнаў 19-гадовага жыхара горада вінаватым у наўмысным нанясенні цяжкага цялеснага пашкоджання і прызначыў 3 гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову», — паведаміла Tut.by старшы памочнік пракурора горада Брэста Ірына Рубанава.
Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.





