Фота Янкі Запрудніка

Фота Янкі Запрудніка

У горадзе Саўт-Рыверы, што ў штаце Нью-Джэрсі, прыхаджане царквы св. Еўфрасінні Полацкай ладзяць штогод пікнік, каб смачна паесці, павесяліцца, паслухаць спеваў, музыкі, папрабаваць шчасця ў традыцыйнай латарэі ды проста пагаварыць пра жыццё-быццё.

Уся гэтая падзея адбываецца каля царквы ў сваім невялікім парку. Тут жа знаходзіцца і будынак грамадскага цэнтра з паркоўкай, а ладны кавалак прастору дзесяцігоддзі таму прыхаджане, амаль кожая сям’я, засадзілі дрэвамі. Цяпер гэтыя дрэвы з размашыстымі кронамі дадаюць да агульнай прыгажосці ды прахалоды ў гарачыя дні. З усіх беларускіх цэркваў у Амерыцы саўтрыверская адзначаецца якраз сваім навакольным прасторам, які надае вялікую выгаду праводжаным тут святочным і забаўляльным мерапрыемствам.

Як і мінулымі гадамі, шмат папрацавалі над сёлетняй падрыхтоўкай і правядзеннем пікніка, які адбыўся ў мінулую нядзелю 24-га, старшыня царкоўнай рады Жорж Лешчанка, а таксама Жорж Арцішэнка, Роберт Цупрык, Жорж Навумчык, Каця Мерло ды іншыя.

Падзея прайшла гладка і прыемна, пагода паспрыяла. Сабралася чалавек пад семдзесят, ад чатырохмесячнага Крыстафара Белагловага да 92-гадовай Вілачкі Леўчук. Айцец Канстанцін блаславіў сталы і прысутных. Гаспадыням, што папрыносілі ежу, спажыўцы раздавалі кампліменты за смакавітасць страваў. Коля Бахар прадэманстраваў ізноў сваё майстэрства ў жаранні скварак. Музыка і спевы Валянціна і Тані Дзямешчкаў, Аўгена Магаліфа ды іншых лагодзілі душу слухачам і ўздымалі святочны настрой.

Коля Бахар, фота Надзеі Запруднік

Коля Бахар, фота Надзеі Запруднік

Пад канец дня, разыходзячыся, людзі былі ўдзячныя і арганізатарам і адзін аднаму за прыемна праведзены час.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?