Шмат шуму нарабіла відэа бойкі на мінскім трамвайным прыпынку — сышліся кантралёр і жанчына з дзіцём.

Чытайце: У Мінску кантралёр і пасажырка пасварыліся і пабіліся ВІДЭА

Канфлікт адбыўся 27 чэрвеня каля 14.40 на прыпынку «Народная» каля трамвая № 3.

Прычына заставалася невядомай. 

Але «Наша Ніва» знайшла тую жанчыну з дзіцём, якая першай атрымала ўдар ілбом.

Яе зваць Наталля, сваё прозвішча афішаваць у СМІ яна не хоча (Рэдакцыі яно вядомае — НН.)

Жанчына расказала нам, што нават не была пасажыркай трамвая. 

«Я стаяла на прыпынку і праводзіла дачку. Прыехаў трамвай — не наш. З яго кантралёры высадзілі дзвюх дзяўчынак, па выглядзе — гадоў 14, школьніцы. Ну можа, не высадзілі, а разам яны выйшлі, я не ведаю. Сутнасць у тым, што між імі адбыўся нейкі канфлікт. Кантралёры на іх крычалі, адыходзілі, вярталіся і зноў крычалі. А тыя малыя слова баяліся сказаць. Я ведаю, што школьнікам праезд бясплатны ў Мінску, падумала, што яны не могуць быць зайцамі. І пашкадавала — сказала кантралёрам, маўляў, хопіць ужо крычаць на дзяцей, адчапіцеся ад іх. Я толькі адзін сказ кінула, і яны адразу ж пераключыліся на мяне», — расказала пра развіццё падзей Наталля. 

«Я была адразу ў шоку, што на мяне так накінуліся. Пры гэтым перабранка была ні пра што. Прыехаў тым часам другі трамвай, мужчына-кантралёр хацеў сесці туды, але жанчына мяне ўжо трымала, мы сварыліся. Пры гэтым дзіця маё — 10 гадоў дзяўчынцы — спалохалася, пачала плакаць, крычаць «адпусціце маму». На яе кантралёр крыкнула нешта і тузанула. Ну а далей вы бачылі, на відэа момант, дзе мы зблізіліся і мяне яна ўдарыла лбом», — сцвярджае жанчына. 

Тыя дзяўчынкі, за якіх яна заступілася, маўляў, у гэты момант ужо селі ў той трамвай і паехалі далей, а канфлікт працягнуўся. 

«Я ўжо проста стаяла, мяне заціснулі ў кутку. Дачка ўдарыла мужчыну нагой і ён апрытомнеў — адпусціў мяне, а тая была гатовая разарваць. Тут прыехаў трэці трамвай, яны туды селі і з'ехалі. Натуральна, што пасля такога стрэсу дачка нікуды не паехала, мы пайшлі дадому», — дадае Наталля. 

Жанчына кажа, што цяпер у разгубленасці і не ведае, што рабіць. 

«Відаць, трэба пісаць скаргу ці заяву, бо гэта разляцелася па ўсім інтэрнэце, але я раней ніколі нічога не пісала, не скардзілася. Мне ўжо столькі сяброў пазваніла, кажуць, што гэта такое ўвогуле, Наташа? Хаця б у абарону сябе я мушу патлумачыць, як усё было насамрэч», — падсумоўвае яна. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?