На гэтых выхадных пройдзе перадапошні тур першага кола чэмпіянату Беларусі па футболе. Калі БАТЭ атрымае перамогу, то стане чэмпіёнам першай паловы першынства. А ў нізе турнірнай табліцы сапраўднае пекла. Зусім няясна, хто ж пойдзе на вылет. Сем каманд вядуць жорсткую барацьбу за выжыванне.

«Наша Ніва» разам з Букмекерскай канторай Марафон працягвае сачыць за нашым нацыянальным чэмпіянатам. Не прапусціце гульні гэтага тура.

«Прамень» — БАТЭ

Мірка Іваніч пасля гульні БАТЭ — «Шахцёр».

Мірка Іваніч пасля гульні БАТЭ — «Шахцёр».

«Прамень» трапіў у дужа непрыемную серыю. Каманда не можа перамагаць на працягу апошніх сямі гульняў. Пры гэтым у пяці з іх саступала суперніку. У «Прамені» шмат маладых і амбіцыйных футбалістаў, але пакуль да вышэйшай лігі яны не дужа гатовыя. Каманда звалілася на перадапошні радок у табліцы. І шанцаў перамагчы БАТЭ ў іх, шчыра кажучы, зусім вобмаль.

БАТЭ пасля нічыйнай гульні з салігорскім «Шахцёрам» зноў крытыкаваў судзейства. Цяжка сказаць, наколькі гэта было справядлівым. На дадзены момант каманда апярэджвае мінскае «Дынама» на чатыры пункты і падпускаць да сябе дужа блізка не жадае. Тым часам стала вядома, што клуб нават не спаціў кампенсацыю былому трэнеру Алегу Дулубу за датэрміновае скасаванне кантракта.

Прагноз «НН»: Перамога БАТЭ з розніцай больш чым у адзін гол.

«Гомель» — «Дынама» (Брэст)

У трэнерскі штаб «Гомеля» ўвайшоў легендарны па беларускіх мерках футбаліст — Аляксандр Кульчы. Ён доўгі час жыў у Расіі, а цяпер вярнуўся на радзіму, каб дапамагчы «бела-зялёным». Кульчы правёў за зборную Беларусі больш за сто матчаў. Першы матч з удзелам Кульчыя прынёс «Гомелю» выяздную перамогу над «Мінскам».

Брэсцкае «Дынама» ў класнай манеры перамагло «Гарадзею», асабліва стараўся Павел Савіцкі. Але ж усім больш цікава, што там у Марадоны. Кіраўнік праўлення брэсцкага клуба зноў зганьбіўся на чэмпіянаце свету падчас гульні Аргенціна — Нігерыя. Былы англійскі футбаліст Гары Лінекер нават напісаў, што Марадона рызыкуе пераўтварыцца ў пасмешышча. Калі ўжо скандалы будуць у Беларусі?

Прагноз «НН»: перамога гасцей.

«Іслач» — «Слуцк»

Фота з vk.com.

Фота з vk.com.

Здаецца, «Іслач» канчаткова змірылася з роллю серадняка. Зусім малаверагодна, што каманда пойдзе на вылет. І абсалютна выключана, што ўключацца ў барацьбу за медалі. З навін «Іслачы» варта адзначыць удалае каментаванне чэмпіянату свету настаўнікам каманды Віталём Жукоўскім. Ён выглядае вельмі добра на фоне многіх славутых майстроў.

«Слуцк» глядзеўся вельмі файна ў матчы з мінскім «Дынама», але падвяло майстэрства выканання. Маглі б і перамагчы, а так перамогу мінчукам прынёс гол абаронцы-харвата Галавіча. Случчакі могуць быць цалкам задаволеныя сезонам. Каманда і гульню паказвае неблагую, і пункты перыядычна набірае.

Прагноз «НН»: тотал меншы за 2,5.

«Тарпеда-БелАЗ» — «Тарпеда»

Дэрбі аўтазаводцаў — гэта заўжды цікава і натхняльна. Сто працэнтаў, што фанаты каманды з гэтай нагоды павінны зладзіць нешта запамінальнае на трыбунах. Жодзіна атрымала дзве запар перамогі і цяпер дыхае ў спіну камандам, што ідуць у пяцёрцы лідараў. Чарговая перамога ўздыме іх яшчэ вышэй.

Мінчукі таксама прыедуць у госці ў бадзёрым настроі. Каманда вырвала валявую перамогу ў Магілёве. Бліскучым галявым пасам пяткай у тым эпізодзе адзначыўся беларускамоўны Павел Кляннё. Гэткім чынам каманда ў першай жа гульні парадавала свайго новага трэнера Леаніда Лагуна.

Прагноз «НН»: перамога «Тарпеда-БелАЗ».

«Нёман» — «Мінск»

Дзмітрый Анцілеўскі можа хутка перайсці ў мінскае «Дынама». Фота з vk.com.

Дзмітрый Анцілеўскі можа хутка перайсці ў мінскае «Дынама». Фота з vk.com.

Апошнім часам «Нёман» неяк чаргуе перамогі і паразы. Праўда, паразы былі не ад абы-каго, а «Шахцёра» і БАТЭ. Гродзенцы крышачку зваліліся ў турнірнай табліцы, цяпер яны пятыя. Трэнер гродзенцаў Ігар Кавалевіч змог стварыць вельмі дужую каманду, якая хоча ўзняцца яшчэ вышэй.

Стала вядома, што інтарэс да 21-гадовай зорачкі «Мінска» Дзмітрыя Анцілеўскага праяўляюць землякі-дынамаўцы. Магчыма, вельмі хутка «гараджане» пазбавяцца аднаго з ключавых гульцоў. У матчы з «Гомелем» нервы здалі ў галкіпера «Мінска» Сяргея Верамко, які стаў паказваць сярэднія пальцы рук заўзятарам суперніка.

Прагноз «НН»: перамога «Нёмана»

Калі сочыце за чэмпіянатам свету па футболе, раім вам зрабіць стаўку ў Букмекерскай канторы Марафон!

«Гарадзея» — «Віцебск»

У «Гарадзеі» ў гэтым сезоне быў толькі адзін прасвет — гульня з барысаўскім БАТЭ. У астатнім — сум і безнадзейнасць. Каманда займае апошні радок у турнірнай табліцы і вылазіць з гэтай ямы яўна не хоча. Крыўдна за мясцовых заўзятараў, якія шчыра любяць футбол. Зрэшты, дзе-дзе, а ў Гарадзеі на футбол будуць хадзіць і ў першай лізе.

«Віцебск» — гэта галоўнае адкрыццё сёлетняга чэмпіянату. Мабыць, ніхто не чакаў, што пасля 13-ці тураў каманда будзе замыкаць тройку лідараў. Прычым дружына Сяргея Ясінскага не пасуе і перад грандамі. Адзіны недахоп у гульні з «Гарадзеяй» для «Віцебска» стане адсутнасць Рафаэля Ледэсмы, які па асабістых справах паляцеў у Бразілію.

Прагноз «НН»: перамога «Віцебска».

«Дынама» (Мінск) — «Дняпро»

«Дняпро» сенсацыйна саступіў мінскаму «Тарпеда». Фота з vk.com.

«Дняпро» сенсацыйна саступіў мінскаму «Тарпеда». Фота з vk.com.

З офіса мінскага «Дынама» прыходзяць весткі, што клуб найбліжэйшым часам можа пакінуць адзін з цэнтральных футбалістаў клуба апошніх гадоў — украінец Аляксандр Наёк. Для «Дынама» гэта будзе заўважная страта. Былы нападнік мінчукоў Глеб Расадкін не дужа аптымістычны пра перспектывы сваіх экс-партнёраў. «Дынама, як заўсёды, чагосьці не хопіць у канцы — і чэмпіёнам стане БАТЭ», — сказаў Расадкін.

«Дняпро» на дадзены момант выглядае самай безнадзейнай камандай чэмпіянату. Магілёўцы і не блага пачалі першынство, але чым далей, тым болей скатваюцца ў самы падвал табліцы. Настаўнік каманды Вячаслаў Ляўчук падаў у адстаўку, яе на гэты раз прынялі. Праўда, зусім незразумела, ці дасць гэта плёну.

Прагноз «НН»: перамога «Дынама» з розніцай больш чым у адзін гол.

«Шахцёр» — «Смалявічы»

Дзесяць матчаў ужо «Шахцёр» пад кіраўніцтвам Сяргея Ташуева не ведае паразаў. У мінулым туры яны выдалі цудоўны матч з БАТЭ, адзін з найлепшых у гэтым першынстве. Засмуціла толькі, што без галоў. У «Шахцёр» зараз рыхтуецца перайсці Сяргей Балановіч, які доўгі час перад гэтым гуляў у Расіі.

З усіх навічкоў гэтага чэмпіянату «Смалявічы» адчуваюць сябе найбольш упэўнена. Зрэшты, пакуль ранавата рабіць нейкія высновы, але малаверагодна, што «Смалявічы» могуць пайсці на вылет. Тым часам найлепшы бамбардзір каманды Валерый Гарбачык адправіўся на прагляд у клуб другога шведскага дывізіёна.

Прагноз «НН»: перамога «Шахцёра».

Не мае значэння, як вы будзеце глядзець футбол: перад экранам тэлевізара, смартфона ці на трыбунах, стаўка ў Букмекерскай канторы Марафон зробіць прагляд футбола яшчэ цікавейшым!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?