Я люблю традыцыйны верш. Залішняя свабода верлібраў і вольных вершаў, нястрыманая плынь свядомасці і шчодрае нагрувашчванне складаных вобразаў эксперыментальнай паэзіі падаюцца мне своеасаблівай разбэшчанасцю творцаў: як настаўніца, я не надта люблю разбэшчанасць. Традыцыйны верш, з ягонымі патрабаваннямі да памеру, рытму і рыфмы, патрабаваннямі, якія лёгка парушаюцца, калі трэба (важнае слова — трэба), і з вонкавай (толькі вонкавай!) лёгкасцю выконваюцца, хвалююць мяне не менш за эмацыйны і разумовы складнік верша. Найвышэйшая мэта паэзіі — фармуляваць сусвет, арганізуючы навакольны хаос у слове — найлепш увасабляецца менавіта ў традыцыйным вершы.

І ад таго, што творчая думка, вольная і неўтаймаваная, вымушана біцца ў межах традыцыйнай страфы, шукаць рыфмаў, трымацца памеру, узнікае тое самае высокае напружанне, якое адрознівае нічым не кантраляваную праяву эмоцый ці тарнада разваг ад глыбокай, выпакутаванай, эмацыянальна асвечанай вершаванай думкі.

Мне блізкія спробы беларускіх паэтаў «уціснуцца» ў рамкі хоку і трыялета, танкі і вірале — закутая ў форму, паэтычная думка б’ецца больш уяўна, патрабуе ўвагі ад чытача і майстэрства ад паэта. Па-мастацку апрацаванае слова — гэтая традыцыйная філалагічная каштоўнасць для мяне — каштоўнасць паэтычная, прычым — найвышэйшага гатунку.

Да таго ж паспрабуй быць арыгінальным, паспрабуй сказаць новае, свежае, не чутае яшчэ, паспрабуй вымавіць сучаснае, калі ты так ці інакш падпадаеш пад уздзеянне традыцыйнай формы! Руйнаваць яе, не кранаючы, напаўняць новым жыццём, ахайна захоўваючы старое — найвялікшае майстэрства, якога страшэнна не хапае не толькі сённяшнім паэтам, але і гісторыкам, і філосафам, і архітэктарам, і рэстаўратарам.

Мо таму, што Святлана Куль — глыбокі ў думках і асцярожны ў метадах гісторык, яна гэта ўмее.

Напрыканцы 2017 года ў выдавецтве «ЮрСаПрынт» выйшаў другі зборнік Святланы Куль, названы без вымудраў: «Вершы, байкі, паэмы». З комплексу прычын я не брала ўдзелу ў галасаванні «Кнігі года», але гэты зборнік, безумоўна, назвала б першым сярод паэтычных кніг таго літаратурнага сезона, які мы ўсё яшчэ асэнсоўваем. Па-першае, таму што зборнік падшыхтоўвае пошукі паэткі, якія вяліся на нашых вачах, на старонках фэйсбука і «Нашай Нівы» — сабраныя пад адной вокладкай, запамінальныя, пазначаныя «яшчэ тады» як «важнае» ў закладках браўзера, вершы з сеціўных старонак чытаюцца гісторыяй «майго» часу. Па-другое, таму што кантрапункты ўнутранага жыцця аўтаркі — бег часу, хада гісторыі, каханне і адзінота ў ім, адчуванне бездані за сабой і перад сабой, асэнсаванне гэтай бездані і любоў да яе — гэта і мае кантрапункты. Па-трэцяе, таму што гэта кніга — сапраўды новае жыццё традыцыйнага верша і традыцыйнага жанра: філолагу гэтай кнігі хопіць на некалькі гадоў наперад, каб кожны дзень адкрываць для сабе не чутыя яшчэ словазлучэнні, складзеныя нібыта знаёмым, але нечаканым чынам.

«Ад аблокаў вычысціў віхур небакрай». «Мой няшчасны беларускі Бог, на крыжы павешаны пад столяй». «Яна плыве пад ветразем дажджлівым, вязе вятры кастрычніцкія ў трумах, пахмурных ранкаў куфры, злую слоту, сувоі срэбра, што саткала шэрань, для дрэваў мае медзь і пазалоту, і павуціння тонкага шпалеры». «Дом нібыта ў каленкі галаву схаваў». Я люблю такія вобразы, узятыя адсюль, са штодзённага жыцця, з таго самага «сору», з якога спакон веку «растут стихи», і складзеныя так, як яшчэ не складалі — але адначасова і так, як складалі заўсёды. Кола спрадвечнага і сённяшняга — гэта не проста прадмет цікавасці паэткі, якая ёсць гісторыкам, гэта прынцып засваення свету гісторыка, які ёсць паэтам.

Кола — асноўны прынцып пабудовы зборніка. Кола каляндарнае (восень змяняе лета ў вершах паэткі неадменна, а вясна прыходзіць абавязкова, гэтую ўласцівасць сапраўднай паэзіі — «быць разлічанай па календары» — ставіў паэтам у гонар шчэ Пушкін), кола прыроднае (нарадзіўся, расцвітаў, радзіў, паміраў, каб даць жыццё наноў), кола чалавечага жыцця, закутага паміж чужынай і Радзімай (расстанне і вяртанне, і зноў расстанне, і зноў вяртанне) — час Святланы Куль спрадвечны, народжаны тысячагоддзі таму, час чалавека, які жыве зямлёю і на зямлі, сапраўдны беларускі час.

Старая і амаль ужо сляпая,
Чырвоны колер з белым завівае
Ад тысячагадовай даўніны:
Нядоўгі мір — стагоддзямі вайны,
Усё ў адной для нас сплятае нітцы —
Часаны лён і шэрую кастрыцу,
Галадамор і пару вёснаў сытых,
Валошкі шчодра завівае ў жыта,
Суворай ніткай ў яе руках
Спагада перакруціцца ў жах,
Мы будзем жыць — у княстве ці ў калгасе,
Каб толькі нітка і далей плялася.. 

Нічога новага няма ў тым, каб на ўзор старажытных грэкаў уявіць Гісторыю папрадухай — але ж як неадменна, адзіна магчыма знітавана ў вершы беларуская гісторыя з беларускім адчуваннем часу, прыкметы беларускага сусвету з пазнавальнымі, эмблематычнымі прыкметамі беларускага наваколля. Па крышталёвай неадменнасці вобразаў, складзеных у адно ў вершы «Беларускі калаўрот», гэтыя радкі нагадваюць уступ да быкаўскага «Знаку бяды», дзе спрадвечныя і неарыгінальныя, здаецца, вобразы чыстай крыніцы, шыпшыны і каменных прыступак на месцы старой сядзібы складзены ў адзіна магчымую метафару, у якой бескампрамісна прачытваецца і беларуская гісторыя, і беларуская сутнасць, і беларускі «знак бяды» — толькі бяры і «раскручвай» гэтую метафару, асцярожна намотваючы белую нітку на белы клубочак, чырвоную — на чырвоны.

Дысцыплінаваць сябе, заўсёды адчуваць межы, асцярожна абыходзіцца з імі — вельмі беларуская рыса. Нехта ўсмешліва скрывіцца: занадта беларуская рыса. А я яе люблю. Наша гранічная шчырасць і амаль паўдзённая эмацыянальнасць (недарэмна Беларусь завуць краінай паэтаў — людзей скрозь шчырых і эмацыянальных па сваёй канфігурацыі) толькі тады набываюць каштоўнасць, калі бяруцца ў суворую самаагранку. Гэта называецца «шляхетнасць» — уменне трымаць сябе. Вершы Святланы Куль — бясконца шляхетныя, і ад таго — асабліва пранізлівыя, бо не заўважыць эмацыянальную бездань закутай эмоцыі немагчыма. Паэтцы не стае звычайных фармальных вярыгаў «цвёрдых» форм — санету і нават вянку санетаў — і яна вынаходзіць сваю цвёрдую жанравую форму: «вясёлку». Максімальныя фармальныя патрабаванні да сябе, да свайго паэтычнага натхнення, да радка, з якога рвецца невыносна шчырае, чалавечае, пра каханне, пра ягоны боль і шчасце, нараджаюць найвышэйшае напружанне думкі і пачуцця. Я чытала «вясёлкі» па адной, так, як яны публікаваліся ў сацыяльных сетках, але ж як заззялі яны, сабраныя ў адно! Форма стала зместам, жорсткая форма — ідэальна спрэсаваным, канцэнтраваным зместам.

Ступень канцэнтрацыі эмоцыі і сэнсу ў вершах Святланы Куль непазбежна нараджаюць тую асаблівую сувязь сусвету і творцы, якая ўласцівая сапраўднай паэзіі. Калі паэт сапраўды фармулюе сусвет вакол сябе, сусвет нечакана пачынае жыць па законах мастацтва — і ўлада паэта тады не ведае ані межаў прасторавых, ані межаў часавых. Цяжка забыцца мне на тое містычнае пачуццё, якое ўзнікла ў мяне раптоўна над стужкай фэйсбука, дзе я чытала адну з частак паэмы Святланы Куль «Крыж»: пачынаючы гутарку пра расстраляных у 1937 паэтаў, яна ўзяла пачатковай метафарай менскую Кальварыю — з-за чатырохкутнай формы храма, які нагадвае на плане крыж. Метафара разгортвалася, ахопліваючы прасторавыя характарыстыкі, накладаючы іх на лёс Алеся Дудара, аднаго з герояў паэмы, рыфмуючы падзеі ягонага жыцця з архітэктурай менскага храма — і неадменным, адзіна магчымым цяпер станавіўся факт, вядомы мне і невядомы паэтцы: менавіта на Кальварыі ляжаць маці і сястра Дудара, менавіта там знаходзіцца і кенатаф паэта, таблічка ягонай памяці, усталяваная сваякамі.

Кніга вершаў і паэм Святланы Куль шчодра ілюстраваная. Бліскучая праца Вольгі Бабурынай — каляровыя выцінанкі, традыцыйна беларускае мастацтва, асцярожна і ахайна пераасэнсаванае ў кнізе паэзіі. Гэтыя выцінанкі чытаюцца як вершы: у іх ёсць памер, рытм і рыфма, яны метафарычна адгукаюцца ў тэксце, а тэкст знаходзіць у іх сваё канчатковае, сціснутае ў штрых і лінію, афармленне. Калі раскрыць кнігу — раптам пабачыш матылька. Як закрыць — складзе і ён свае кужалёвыя крылы. Нават раскрываючы і закрываючы зборнік, ты чытаеш верш, такі, здаецца, зразумелы, нескладаны ў вобразах — але сфармуляваны, намаляваны прадуманы адзіна магчыма.

З усіх вершаў больш за ўсё люблю тыя, якія кажуць спрадвечнае адзіна магчымым чынам. Таму я люблю паэзію Святланы Куль. Таму наогул лічу, што паэзія ёсць найвышэйшай формай існавання слова ў сусвеце і сусвету ў слове, простым уратаваннем ад знешняй і ўнутранай энтрапіі, магчымасцю дысцыплінаваць і ўтаймаваць сусветную творчую энергію, сціснуць яе ў радок і асцярожна пакласці ў кніжную вокладку, каб яна вырвалася адтуль матыльком ці вясёлкай, ракой ці морам — у залежнасці ад патрэбаў і магчымасцяў чытача.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?