У лесе каля вёскі Чырвоная Буда ў Добрускім раёне выявілі несанкцыянаваны могільнік буйной рагатай жывёлы. Як высьветлілі ў Камітэце дзяржаўнага кантролю Гомельскай вобласьці, у гаспадарцы ня толькі схавалі масавы падзеж жывёлы, але і займаліся прыпіскамі. Пра гэта, як піша Радыё Свабода, паведаміў тэлеканал АНТ.

Нелегальны могільнік выявілі дзякуючы мясцовым жыхарам, якія паскардзіліся на моцны смурод.

Целы жывёлін згніць не пасьпелі, а значыць, іх закопвалі нядаўна. Зь якой прычыны памерлі каровы, цяпер высьвятляе экспэртыза. Кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства «Чырвоная Буда» сьцьвярджае, што ня ведала пра тое, што здарылася.

«Я ня маю права хаваць. Ну, я не магу растлумачыць, як гэта адбылося. Брыгадзір без майго ведама гэта ўсё зрабіла», — заявіла журналістам галоўны вэтэрынарны лекар прадпрыемства «Чырвоная Буда» Алена Сівакова.

Падчас праверкі кантралёры выявілі, што ў гаспадарцы не хапае больш за 200 галоў жывёлы. Паколькі ў несанкцыянаваным пахаваньні выяўлена ўсяго 40 галоў, куды дзеліся яшчэ 160, пакуль невядома. Тэрыторыю будуць абсьледаваць яшчэ раз.

Таксама высьветлілася, што кіраўніцтва займалася прыпіскамі, завышаючы паказьнікі: прыбаўленьняў жывёлы ў вазе амаль на 800 тон, надояў — яшчэ на 500.

Папярэдне страт налічылі на 240 тысяч рублёў. Пад сьледзтвам цяпер знаходзяцца брыгадзір, галоўны заатэхнік, вэтэрынарны лекар і бухгальтар гаспадаркі. Дырэктар пакуль у статусе сьведкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0