У Мінску 30 чэрвеня прайшоў самы маштабны дзень нараджэння гэтага лета — беларускаму пламбіру споўнілася 80 гадоў. 15 тысяч гасцей атрымалі пашпарты і на адзін дзень сталі «грамадзянамі» «Краіны марозіва» — тэматычнага парку забаў, які пабудавалі каля «Мінск-Арэны» ў гонар юбілею.

Нягледзячы на вецер і толькі 17 градусаў цяпла за 6 гадзін свята гасцямі былі з'едзены паўтары тоны пламбіру.

Першыя пашпарты «грамадзяне» «салодкай краіны» пачалі атрымліваць яшчэ за 10 хвілін да пачатку фэсту, а гасцямі сталі не толькі мінчане. На 3-метровай карце з контурам Рэспублікі Беларусь, на якой наведвальнікі нітачкамі і стужкамі працягвалі маршруты ад сталіцы да сваіх родных гарадоў, з'явіліся Нью-Ёрк, Варкута і Ніжні Ноўгарад.

— Упершыню ў Беларусі пламбір выпусцілі на нашай фабрыцы 80 гадоў таму. Ён стаў першым марозівам, якое прадавалі ва ўсіх кутках нашай краіны, — распавядае намеснік дырэктара па маркетынгу брэнду «Белы полюс» Максім Журовіч. — Нам стала цікава, які ён — той самы смак без Е-дабавак. Мы аднавілі на прадпрыемстве аўтэнтычны рэцэпт першага беларускага марозіва. Нам спадабалася, што атрымалася, і нарадзілася ідэя ў гонар юбілею выпусціць лімітаваную партыю пламбіру без Е-дабавак — «Белага полюса 1938».

Больш за 1000 веласіпедыстаў і скейтараў наведалі фэст на сваім экатранспарце. За гэта кожны з іх атрымаў па пламбіры «Белы полюс». Цікава, што дарослыя беларусы выбіралі пераважна эскімо, а маленькія — пламбір ў вафельным «стаканчыку».

Пакаштаваць «тое самае» марозіва можна было за перамогу ў летнім кёрлінгу і ў гульні ў сапраўдныя снежкі. Двухметровая горка са снегу стала галоўным месцам для сэлфі.

З яго ляпілі снежкі, а самыя смелыя «грамадзяне» каталіся і залазілі на вяршыню. Снег, дарэчы, за цэлы дзень так і не растаў.

Зіма ў «Краіне марозіва» на гэтым не скончылася. На свяце ўпершыню адкрылі галоўны каток краіны ў «Мінск-Арэне», доступ да якога ў звычайныя дні ёсць толькі ў прафесійных спартсменаў.

Пасля актыўных забаў падзарадзіцца энергіяй можна было на першым у краіне світ-корце. Там прапаноўвалі пакаштаваць «Белы полюс» з топінгамі, малочныя кактэйлі на яго аснове і галоўную страву фэсту — дранікі з марозівам. Яны сталі настолькі папулярнымі, што ўжо ў другой палове дня ў рэстаран прыйшлося давозіць бульбу.

Нягледзячы на «нялетняе» надвор'е, змерзнуць госці фэсту проста не паспелі: 6 гадзін майстар-класаў на танцпляцоўцы і 4 гадзінны open-air на беларускай мове зрабілі сваю справу.

На галоўнай сцэне са сваімі лепшымі хітамі выступілі Akute, «Маланка Аркестр», «Разбiтае сэрца пацана» і фіналістка нацыянальнага адбору на Еўрабачанне 2018 — Shuma. Яе гадзінным сэтам завяршыўся першы юбілей беларускага пламбіру ў фармаце вялікага гарадскога фестывалю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?