Мазырскі НПЗ.
Расійскае спецыялізаванае выданне пра нафту «Нефть-Капитал» напісала матэрыял, у якім прааналізавала, як на Беларусь паўплывае расійскі нафтавы падатковы манеўр. Выданне апытала некалькіх экспертаў, і іх высновы для Беларусі несуцяшальныя. «Нефть-Капитал» піша, што беларуская эканоміка вычарпала ўсе рэсурсы для росту, расійскі падатковы манеўр істотна пагоршыць сітуацыю, і выйсце для Беларусі толькі адно — капітуляцыя перад Расіяй.
Расійскае спецыялізаванае выданне нагадала пра словы Лукашэнкі пра «фронт», якія ён прамовіў перад аграрыямі ў Шклоўскім раёне. «Нефть-Капитал» мяркуе, што адно з асноўных пытанняў, якое непакоіць Лукашэнку, — скарачэнне даходаў ад беларускай нафтаперапрацоўчай галіны.
Чытайце таксама: Лукашэнка прыстрашыў чыноўнікаў далучэннем да іншай дзяржавы і вайной, «як ва Украіне»
Выданне мяркуе, што цана нафты для Беларусі можа істотна павялічыцца, што пагоршыць плацежны баланс нашай краіны.
Чакаецца, што страты будуць такімі вялікімі, што іх не ўдасца кампенсаваць з існуючых крыніц валютных паступленняў.
Намеснік дырэктара групы карпаратыўных рэйтынгаў Аналітычнага крэдытнага рэйтынгавага агенцтва Васіль Тануркоў мяркуе, што найбольш імаверны сцэнар для Беларусі пасля завяршэння падатковага манеўра — зніжэнне паліўных акцызаў.
«Што тычыцца выкарыстання механізмаў ЕАЭС, то тут гарызонт магчымых рашэнняў вельмі аддалены. У пачатку 2018 года Рада Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) ухваліла праект «Аб фарміраванні супольных рынкаў нафты і нафтапрадуктаў ЕАЭС» толькі з 2025 года, гэта значыць істотна пазней, чым меркаванае завяршэнне падатковага манеўра ў Расіі»,
— піша «Нефть-Капитал».
Эксперт Васіль Калташоў лічыць, што ў Беларусі ёсць толькі адзіны шлях —
«у склад Расіі ў натуральным выглядзе, пакуль застаецца магчымасць аб'яднання беларускага капіталізму з расійскім на роўных умовах».
Далейшае развіццё падзей будзе залежаць ад таго, як будуць узаемадзейнічаць структурныя і персанальныя фактары. З аднаго боку, адзначае Калташоў, Лукашэнка на працягу многіх гадоў забяспечваў магчымасці для захавання і развіцця беларускай прамысловасці і сельскай гаспадаркі, але на сённяшнім этапе дасягнуты межы эканамічных магчымасцяў. Гэта яшчэ некалькі гадоў таму паказаў крызіс, калі адбылося абясцэньванне нацыянальнай валюты Беларусі, а эканоміку краіны ахапіла паніка. У будучыні магчымы паўтор такога крызісу, прычым у яшчэ больш жорсткім варыянце, і ў гэтай сітуацыі пытанне пра інтэграцыю Беларусі становіцца ўсё больш актуальным, сцвярджае эксперт. Але ўсё ўпіраецца ў асобу Лукашэнкі, які разглядае гэта як сцэнар анексіі. Хоць, мяркуе Калташоў, калі б ён абвясціў курс на ўз'яднанне Беларусі з Расіяй, то заняў бы вельмі высокае становішча ў новай сістэме.