Як мінімум, 30 чалавек былі затрыманыя ў сталіцы Беларусі на Дзень Незалежнасці за пратэст супраць улады Аляксандра Лукашэнкі. Такія звесткі сабралі праваабаронцы-вясноўцы. Сярод затрыманых як маладыя людзі, так і пенсіянеры.
У скверы на бульвары Талбухіна мела прайсці «Акцыя вызвалення і салідарнасці», да якой заклікаў Мікола Статкевіч. Несанкцыянаваную акцыю спынілі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Затрыманых людзей даставілі ў Першамайскі РУУС. Амаль усе яны былі вечарам адпушчаныя без складання пратаколаў, але некаторых пратрымалі больш за 6 гадзінаў.
Сам Мікола Статкевіч быў затрыманы 3 ліпеня а 11:30, калі выходзіў з дому. Ноч палітык правёў у ЦІП.
Мяркуецца, што сёння ў судзе Мінскага раёна пройдуць суды над Вячаславам Сіўчыкам і Максімам Вінярскім, што ноч правялі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Затрыманы быў па дарозе ў аэрапорт і Рыгор Кастусёў, што павінен быў ехаць у Варшаву. Усе яны ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту супраць пабудаванага каля Курапат «рэстарана на костках».
У сераду, а 14-й, ля свайго дома быў затрыманы Аляксей Туровіч.
Нагадаем, што 30 чэрвеня былі затрыманыя і асуджаныя на суткі Павел Севярынец, Дзяніс Урбановіч, Вольга Мікалайчык.





