Фота: vk.com

Тры маладыя расійскія біятланісткі — Аксана Маскаленка, Кацярына Бех і Анастасія Рассказава — папоўнілі апусцелы склад жаночай зборнай Беларусі, дзе пасля сыходу Дар'і Домрачавай, Надзеі Скардзіна і іншых з'явілася шмат вакантных месцаў.

У Расіі з гэтай нагоды намецілася незадаволенасць. «Савецкі спорт» называе спартсменак перспектыўнымі і здзіўляецца, як кіраўніцтва Саюза біятланістаў іх адпусціла. Усе трое займаюцца ў Іллі Лапухова. Яго бацька — Мікалай Лапухоў — у мінулым годзе быў трэнерам-кансультантам мужчынскай зборнай Беларусі па біятлоне. У траўні гэтага года з'явілася інфармацыя, што Лапухоў-старэйшы можа ўзначаліць беларускіх лыжнікаў. Па звестках «Совспорта», Мікалай Лапухоў датычны да пераезду сына і яго падапечных у Беларусь.

У Расіі адзначаюць, што ніякай афіцыйнай заявы аб звальненні з боку Іллі Лапухова і спартсменак у СБР не было агучана, аднак там у курсе сітуацыі і ўжо абмеркавалі магчымыя меры ў адказ. Спартсменкі цяпер трэніруюцца ў Раўбічах, у іх дастаткова часу, каб атрымаць беларускае грамадзянства да пачатку новага сезона. Правіла двухгадовага каранціну можа закрануць толькі адну біятланістку з трох. Аксана Маскаленка на міжнародным узроўні не выступала, у Кацярыны Бех каранцін заканчваецца ўжо ў гэтым годзе. А вось Рассказава ездзіла на юніёрскі Кубак IBU у мінулым снежні. Калі Расія не пойдзе насустрач, то Анастасія можа застацца без стартаў да канца наступнага года.

«Перамовы аб умовах пераходу яшчэ маюць адбыцца, але ў Маскве відавочна не ў захапленні ад такога павароту і ўтойлівых паводзінаў трэнера і спартсменак. Усё ж такі ў іх падрыхтоўку былі ўкладзеныя немалыя грошы, а наўзамен за такі пераход школа і рэгіён не атрымаюць нічога. Магчыма, будзе прынята нейкае рашэнне, якое прадугледжвае кампенсацыю затрат з боку спартсмена», — адзначае «Савецкі спорт».

У Беларускай федэрацыі біятлону сітуацыю не каментуюць і адказваюць стрымана: маўляў, як толькі будзе прынята рашэнне, яно з'явіцца на афіцыйным сайце. Пры гэтым экс-біятланіст Вадзім Сашурын яшчэ паўтара тыдні таму казаў пра расійскі дэсант у Раўбічах.

Што за спартсменкі да нас прыехалі, якія ў іх вынікі, ці змогуць яны замяніць Домрачаву і Скардзіна або стануць чарговай Ільчанка?

Анастасія Рассказава

Фота: vk.com

Фота: vk.com

Нарадзілася 25 лiпеня 1998 года ў Хабараўску. Майстар спорту, пераможца і прызёр усерасійскіх юніёрскіх спаборніцтваў. На міжнароднай арэне пахваліцца асабліва няма чым. Самае высокае месца на юніёрскіх чэмпіянатах свету — 25-е ў спрынце два гады таму. На этапах юніёрскага Кубка IBU дабіралася да 16-га месца ўсё ў тым жа спрынце. Менавіта гэтую дысцыпліну Анастасія любіць больш за ўсё. Праўда, на дарослым чэмпіянаце Расіі ў гэтым годзе вынік быў значна слабейшы: толькі 55-е месца ў спрынце і 28-е ў гонцы пераследу. Акрамя лыжаў, патэнцыйная беларуска любіць чытанне, вязанне і вышыванне.

Кацярына Бех

Фота: biathlonrus.com

Фота: biathlonrus.com

Нарадзілася 19 жніўня 1998 года ў пасёлку Сонечны Хабараўскага края. Майстар спорту, пераможца і прызёр ўсерасійскіх юніёрскіх спаборніцтваў. Зараз знаходзіцца на каранціне і не можа выступаць да 15 снежня гэтага года. Найлепшы вынік за мяжой — 32-е месца на маладзёжным Кубку IBU. Як і Рассказава, любіць спрынт і вязанне.

Аксана Маскаленка

Фота: vk.com

Фота: vk.com

Самая маладая з групы спартсменак. Аксане ўсяго 18 гадоў. Яна нарадзілася 1 студзеня 2000 года ў падмаскоўным Адзінцове. Пакуль яшчэ кандыдат у майстры спорту. З індывідуальных дасягненняў — срэбра чэмпіянату Расіі сярод дзяўчат. У сакавіку гэтага года выйграла эстафету ў складзе каманды Масква-1 на расійскіх міжрэгіянальных спаборніцтвах. Міжнародных стартаў у кар'еры Маскаленка пакуль не было.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?