Урок украінскай літаратуры ў школе Данецка, 2016 год
Фармальна ў самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» украінская мова «дзяржаўная», як і расейская. Але ў школах на падкантрольных баевікам тэрыторыях украінскую выкладаюць у разы меней, чым нават у часы татальнай русіфікацыі ў СССР, перадае ўкраінская служба Радыё Свабода.
У данецкіх школах урокі ўкраінскай мовы і літаратуры праводзяцца раз на тыдзень, а то і раз на два тыдні, у той час як у суседнім Краматорску, што знаходзіцца пад кантролем уладаў Украіны, 4—6 раз на тыдзень. Для атрымання «атэстата» ў школах на акупаваных тэрыторыях экзамены па расейскай мове і літаратуры абавязковыя, па ўкраінскай — не.
Эксперты лічаць, што тую гадзіну ўкраінскай мовы на акупаваных тэрыторыях пакінулі, каб фармальна прытрымлівацца Мінскіх пагадненняў. Ва «ўніверсітэтах» вывучэнне ўкраінскай мовы зведзенае на нуль.
У Данецкім нацыянальным універсітэце (дакладней, тым, што ад яго засталося ў Данецку пасля эвакуацыі ўніверсітэта ў Вінніцу) фармальна засталася кафедра ўкраінскай філалогіі, але ў мінулым годзе на яе паступіла толькі адна студэнтка. Дэкан філфака ДонНУ ў Вінніцы сцвярджае, што тую студэнтку ў Данецку неаднаразова прымушалі перавесціся на расейскую філалогію.
Ва ўкраінскія ВНУ штогод паступае каля тысячы абітурыентаў з тэрыторыяў, падкантрольных баевікам — ім дазваляюць здаваць уступныя іспыты паводле спрошчанай працэдуры, нават без украінскага атэстата аб сярэдняй адукацыі, але ўкраінская мова для іх абавязковая. Для дзяцей на акупаваных тэрыторыях Украіна стварыла сістэму дыстанцыйнага навучання праз інтэрнэт — ёй карыстаецца каля 2500 школьнікаў.