Вайсковец Аляксей Мянзурэнка загінуў 30 чэрвеня, а праз некалькі дзён пасля працяглай хваробы памёр яго бацька. У чацвер, 5 ліпеня, у Оршы мужчын пахавалі побач на адных могілках, паведамляе Tut.by.

— 30 чэрвеня ў 120 асобнай механізаванай брыгадзе загінуў афіцэр-капітан. Упаў на тэрыторыі парку тэхнікі, атрымаў траўму галавы. Аднак быў дастаўлены не ў медыцынскую ўстанову, а па месцы пражывання — у інтэрнат. Там і памёр, — напісаў у рэдакцыю чытач.

Як даведаўся Tut.by, памерлага вайскоўца звалі Аляксей Мянзурэнка. Яму было 29 гадоў, у яго застаўся маленькі сын.

— Учора Лёшку пахавалі разам з бацькам, у адзін дзень. Людзі ішлі за дзвюма трунамі, — распавядае Tut.by сваячка загінулага афіцэра. — З Мінска прыехалі хлопцы, калегі Аляксея, граў аркестр. Што з ім канкрэтна здарылася, толкам ніхто не ведае, здаецца, была гематома. Цела Аляксея пяць дзён праляжала ў моргу, а 3 ліпеня пасля працяглай хваробы памёр Алёшаў бацька. Іх вырашылі пахаваць побач.

Да трагедыі Аляксей Мянзурэнка жыў у пакоі ў інтэрнаце. Яго мама Святлана ўжо прыязджала з Оршы ў Мінск на размову да следчага, але, прызнаецца жанчына, была ў такім шокавым стане, што мала што памятае з той размовы.

— Калі ўсё здарылася, Лёшу адвезлі не ў бальніцу, а ў інтэрнат, паклалі ў пакоі і папрасілі суседку прыглядаць за ім. Яна прыходзіла ў 23.00 [29 чэрвеня. — Заўв. Tut.by], ён яшчэ быў жывы, спаў, а раніцай 30-га — ужо мёртвы, — плача Святлана, мама загінулага вайскоўца. — Ускрыццё паказала, што ў яго «тупая траўма галавы». Ніякіх падрабязнасцей не ведаю: ён сам упаў, яго штурхнулі ці ўдарылі. Чаму дзіцяці не далі медыцынскую дапамогу? Што я зараз магу зрабіць — у мяне ў доме было два пахаванні.

У пакой сына ў інтэрнаце жанчына не змагла трапіць, ён быў апячатаны.

— 30 чэрвеня, знаходзячыся дома, у інтэрнаце, памёр афіцэр. Прычыны смерці высвятляюцца кампетэнтнымі органамі, — пракаментаваў здарэнне Tut.by Уладзімір Макараў, прэс-сакратар Міністэрства абароны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0