Луісу было сем, калі сям'я перабралася з Сальта (другога па велічыні горада Уругвая) у сталіцу Монтавідэа па лепшае жыццё. Але з працай і грашыма лепш не стала: бацькі часта сварыліся і развяліся ўжо праз два гады. Усе сямёра дзяцей — пяцёра хлопчыкаў і дзве дзяўчынкі — засталіся з мамай.

Адзінай радасцю Луіса быў футбол. Доўгую вулачку, якая праходзіць за іх домам у раёне La Comercial, ён лічыў полем мары: «З аднаго боку было лімоннае дрэва, якое пасадзіла мая бабуля. З другога — высокія шэрыя сцены, калючы дрот і вежы мясцовай жаночай турмы. Паміж дзіцячым домам, прылеглым да турмы, самой турмой і майстэрнямі побач з нашым домам была грудкаватая паверхня, абсыпаная жвірам — там мы і гулялі».

Бацькі Луіса амаль не сачылі за дзецьмі. Мама старалася хоць нешта зарабіць, падмятаючы на чыгуначным вакзале, а бацька мяняў адну дробную працу за адной. «Бацькі жылі паасобку, нас было шмат, некаторыя пакідалі сям'ю, мама працавала цэлы дзень, тата працаваў, таму цяжка пераймаць бацькоўскі досвед: як трэба жыць, як справіцца з хуткім сталеннем і як дзейнічаць, калі я даб'юся поспеху. Я быў бы шчаслівы, калі б у мяне была такая размова ў дзяцінстве».

Але размовы не было. Затое ў 15 з'явілася яна — на два гады маладзейшая за яго, з багатай сям'і і казачна добрая, быццам з паралельнага свету. «У Сафі я закахаўся з першага позірку», — заўсёды з усмешкай кажа Суарэс.

Яна прымушала яго вучыцца. А ён перажываў, што не можа рабіць падарункі

Сафі не бянтэжыла, што падчас знаёмства Луіс падпрацоўваў прыбіральшчыкам. Яны разгаварыліся на вечарыне ў агульных сяброў, і неўзабаве Суарэс прызначыў ёй спатканне ў гандлёвым цэнтры.

Сафі жыла ў Салімарэ (скарачэнне ад слоў «сонца» і «мора») — прыбярэжным мястэчку за 23 кіламетры ад Монтавідэа. Луіс любіў матацца да яе ў госці, але з грашыма на дарогу стала ўзнікалі праблемы. Прасіць у братоў і маці было бессэнсоўна, часам дапамагала толькі старэйшая сястра Джавана. Калі адмаўляла і яна, Суарэс клянчыў 40 песа (іх хапала на аўтобусны квіток у абодва бакі) у босаў «Насьёналь»: «Я прасіў грошы ў аднаго з кіраўнікоў клуба Уілсана Перэса. Калі яго не было, спонсарам маіх спатканняў станавіўся другі кіраўнік — Хасэ Луіс Эспазіта. Перад матчамі вытрасаў неафіцыйныя бонусы: «Заплоціце мне 20 песа, калі я заганю?». Гэтага хапала, каб даехаць, пра зваротную дарогу падумаю пазней. Як правіла, пасмяяўшыся, мне давалі грошы».

Бацькоў Сафі зачароўваў рамантызм Луіса, яны дзівіліся яго знаходлівасці. Часам ён паводзіў сябе занадта вольна: мог з парога панесціся да халадзільніка або, бачачы неразабраныя пакеты з крамы, пацікавіцца, што смачнага купілі яму. «На шчасце, яе мама знаходзіла мяне абаяльным. Калі мая дачка ў 13-гадовым узросце прывядзе 15-гадовага хлопца, які нагадвае валацугу з беднага раёна, я не буду з ім такім добрым. Але яе бацькі не толькі прынялі мяне — больш за тое, я ім падабаўся».

Часам Суарэс не прызнаваўся, што яму не хапае грошай на зваротны шлях, ды ехаў дадому аўтастопам — і тады раніцай ён з цяжкасцю паспяваў на трэніроўкі «Насьёналь». Падпрацоўкі і сустрэчы з Сафі наогул ледзь не пазбавілі Луіса футбола. У 14 гадоў ён забіў 8 галоў у 37 матчах і ледзь не вылецеў з каманды — трэнераў «Насьёналь» дасталі спазненні і прагулы хлопца, які па начах весяліўся з сябрамі на дыскатэках.

Клуб ўсё-такі даў Суарэсу шанец. Сафі аберагала яго ад глупстваў, кантралюючы па тэлефоне, і нават прымушала вучыцца. «Я хадзіў у школу, але на гэтым мая цяга да ведаў сканчалася. Я быў жахлівым вучнем, наогул не парыўся. Сафі пыталася: «Чаму ты да гэтага часу ў пачатковым класе сярэдняй школы?»

Суарэс двойчы заставаўся на другі год і, каб наганяць праграму, хадзіў на вечаровыя заняткі. «У свеце Сафі ты абавязаны вучыцца. Яна дапамагала мне з дамашкамі, увесь час паўтараючы: «Ты ж не дурань, ты проста лянуешся». Упершыню ў жыцці мяне нехта падтрымліваў. Сафі хацела дапамагчы, паказаць, што жыццё поўнае магчымасцяў. Не ўсё ўпіралася ў футбол — яго можна было сумяшчаць з вучобай. Яна не проста прасіла мяне ўзяцца за яе — яна прымушала мяне вучыцца. Мне даводзілася паказваць ёй сваю дамашнюю работу, у якой яна выпраўляла памылкі. З ёй я адкрываў для сябе новы свет, які адрозніваўся ад таго, дзе прадаюць тэлефонныя карткі, каб назбіраць грошай на дарогу, і гуляюць начамі напралёт».

Луіс бясконца перажываў з-за двух рэчаў: неахайнага выгляду і немагчымасці дарыць Сафі падарункі. Аднойчы ён прыдумаў манеўр, каб дастаць хоць нейкія грошы. Але план не спрацаваў: «Я вельмі хацеў зарабляць, каб дазваляць сабе эфектныя спатканні. У «Насьёналь» футбалісты збіраліся на стадыёне, адкуль на аўтобусе разам 45 хвілін ехалі на базу. Калі ты жыў далёка, клуб аплачваў табе дарогу. Я хацеў пракруціць афёру, заявіўшы, што пераехаў у іншы раён, каб мне выдзялялі грошы — на іх я б мог ездзіць да Сафі і назад. Гэта быў ідэальны варыянт — клуб аплачваў бы мне дарогу, таму я мог адкласці нейкую суму на падарунак. Але трук не прайшоў».

Ён ірваўся ў Еўропу, таму што туды пераехала Сафі

Да 16 год Суарэс цалкам засяродзіўся на футболе, адмовіўся ад ранейшых захапленняў, але раптам здарылася нечаканае. У 2002-м збяднеў банк, у якім працаваў бацька Сафі. Яго брат з Іспаніі прапанаваў перабрацца ў Барселону, і неўзабаве сям'я збірала валізкі.

Луіс быў прыгнечаны. Ён ужо губляў сяброў, што засталіся ў Сальта, перажываў разрыў бацькоў і не быў гатовы да яшчэ аднаго расстання. «У мяне забралі маё ўсё. Мне было 16, калі мы развітваліся, я думаў, што больш ніколі яе не ўбачу. За дзень да ад'езду ў яе дома сабраліся госці, і мы ўдваіх выбраліся на шпацыр. Памятаю, мы стаялі на прыпынку, і я сказаў ёй: «Паверыць не магу, што мы больш не ўбачымся». У маёй сям'і ведалі, каго я знайшоў для сябе ў асобе Сафі, і мама цаніла яе сям'ю за ўсё, што яны зрабілі для мяне, за тое, што яны не далі скіраваць з правільнага шляху. Яны ведалі, як я буду пакутаваць».

Бачачы стрэс Сафі перад ад'ездам, бацькі параілі ёй атрымаць у Барселоне прафесію і вярнуцца працаваць ва Уругвай — назад да Луіса. Сафі ніколі не марыла стаць цырульнікам, але вырашыла, што гэта самая кароткая дарога дадому. Бацька быў незадаволены, але падумаў, што дачка яшчэ зменіць планы.

У дзень ад'езду Сафі Суарэс плакаў. «Яна дала мне на разьвітанне сшытак з тэкстамі песень — я заліваўся слязьмі, калі чытаў іх. Я лічыў, што нашым адносінам прыйшоў канец. Як я мог дабрацца з Уругвая ў Барселону, калі ў мяне нават не было грошай на дарогу да Салімара? Праз месяц яна набрала мне і прызналася, што ёй вельмі дрэнна: «Калі ты не прыедзеш да канца года, мы больш не ўбачымся». Яна сказала, што я павінен прыкласці ўсе намаганні, каб мы сустрэліся».

У снежні 2003-га Луіс быў шчаслівы: яго агент аплаціў рэйс да Барселоны і назад, а старэйшы брат падкінуў 60 даляраў на дробныя выдаткі. Так Суарэс упершыню пакінуў Уругвай.

«Падарожжа не зацягнулася, але я нарэшце зразумеў, чаго хачу ад жыцця і кар'еры. Я хацеў гуляць у Еўропе, каб быць разам з Сафі».

Яна вучыла яго правільна харчавацца

У 2005-м Суарэса перавялі ў аснову «Насьёналь», а праз год у Мантавідэа прыляцелі супрацоўнікі «Гранінгена» — праўда, ім быў цікавы не Луіс, а чылійскі форвард з іншай каманды. Але галандцы выслухалі столькі добрага пра 19-гадовага Суарэса, што вырашылі зірнуць і на яго — у іх апошні вольны дзень у «Насьёналь» якраз быў матч. «Мы змагаліся за тытул, і я выдаў найлепшую гульню ў сезоне, забіў гол. Я паняцця не меў, што мяне праглядаюць, да таго ж я ніколі не чуў пра «Гранінген». Але хаця б разумеў, што гэта бліжэй да Барселоны, чым Мантавідэа».

Падпісаўшы кантракт, ён перш за ўсё махнуў да Сафі на выходныя і зразумеў, што не зможа паляцець назад адзін. Развітваючыся ў аэрапорце, Суарэс не вытрымаў:

— Паляцелі са мной. Проста зараз.

— З глузду з'ехаў? Як я палячу? Мне 16. У мяне нават квітка няма. І што наконт таты?

— Паляцелі. Я куплю білет.

«Планавалася, што Сафі прабудзе да наступнага тыдня, але ў выніку яна засталася назаўжды. Яна садзілася на самалёт, не маючы пры сабе ні сумак, ні адзення. Праз тыдзень яна вярнулася ў Барселону забраць свае рэчы», — успамінаў Луіс.

Без Сафі Суарэс мог і не затрымацца ў Еўропе. На першую трэніроўку «Гранінген» ён заявіўся з 5 лішнімі кілаграмамі і раз'юшыў трэнера Рона Янса: «Ты павінен важыць 83! Лішнія кіло — і ў камандзе цябе не будзе». Паколькі Луіс нічога не ведаў аб правільным харчаванні, за ўсім сачыла Сафі: яна тлумачыла, што піць колу кожны дзень шкодна, распавядала пра карысць вады і чытала лекцыі пра вугляводы і калорыі. «У наступны раз шалі паказалі 83,4 кг, і Рон дараваў мне лішнія 400 грамаў».

Сафі праехала паўтары тысячы кіламетраў з грудным дзіцем, каб быць бліжэй да Луіса

Неўзабаве Суарэс перабраўся ў «Аякс», дзе правёў раскошныя чатыры гады: у 110 матчах ён забіў 81 гол і станавіўся найлепшым бамбардзірам Эрэдэвізэ. Адносіны Суарэс і Сафі таксама развіваліся бурна. «Мы выдатна праводзілі час. Жылі на беразе возера, было вельмі прыемна. Наогул, у Амстэрдаме неверагодна класна».

16 сакавіка 2009 Луіс і Сафі пажаніліся, а за два месяцы да нараджэння дачкі Дэльфіны Суарэс мачыў на чэмпіянаце свету ў ПАР.

Калі ў жніўні нарадзілася Дэльфіна, Суарэс спецыяльна прыляцеў на роды ў Іспанію, прабыў там некалькі дзён і вярнуўся да каманды. Сафі так сумавала па мужу, што ў адзін момант не вытрымала, села ў машыну і прымчалася да яго ў Амстэрдам. Суарэс пераказваў іх дыялог:

— З глузду з'ехала? 24 гадзіны гадзіны за рулём. З грудным дзіцем.

— Ты там адзін, мы хочам быць з табой і таму выязджаем.

Шчасце ў Барселоне

Падтрымка Сафі была важная Луісу і ў «Ліверпулі». Пасля трансферу за 26,5 мільёна еўра Суарэс чакаў гучнай прэзентацыі і вялікай прэс-канферэнцыі. Але ўсё прайшло сціплей: «На маю прэзентацыю ніхто не прыйшоў. Я думаў, што на «Энфілдзе» збярэцца велізарная публіка, я надзену чырвоную форму і буду эфектна набіваць мяч у цэнтры поля. Але перажываць не варта было: толькі пара пытанняў, на якія мы адказвалі разам з Эндзі Кэрал».

У першым жа сезоне Луіса абвінавацілі ў расізме (знакамітае Negro, кінутае Патрысу Эўра) і дыскваліфікавалі на 8 матчаў. У 2013-м разгарэўся іншы скандал: ангельскія медыя апублікавалі фатаграфію Суарэс з каляскай, напоўненай бляшанкамі піва. «Паднялі шум, тыпу я забаўляюся на поўную катушку, але гэта не так. Мая сям'я тады прыляцела з Уругвая, сям'я Сафі — з Барселоны, у госці да нас прыйшлі Піліпе Кауціньё і Лукас Лейва са сваімі сем'ямі. У нас дома было шмат народу, прыкладна 40 чалавек».

Суарэсу многае прабачалі з-за неверагоднай выніковасці. За пару месяцаў да таго, як ён стаў самым высокааплатным гульцом клуба, Брэндан Роджэрс падзяліўся на прэс-канферэнцыі: «Учора Луіс у другі раз стаў бацькам. Ён шалёна задаволены і адчувае сябе на вяршыні свету». Сафі нарадзіла хлопчыка, якога назвалі Бенджамінам. Неўзабаве Суарэс з'явіўся на полі «Энфілд», трымаючы сына на руках. У той дзень «Ліверпуль» абыграў «Крыстал Пэлас» 3:1, а Луіс забіў першы гол.

***

У ліпені 2014 спраўдзілася мара Сафі: яны з Луісам пераехалі ў Барселону. Па ёй там невыносна сумавалі бацькі, а галоўная каманда Каталоніі якраз чакала новую зорку.

Зараз Суарэс працягвае штампаваць галы (напрыклад, у студзені ён хутчэй за ўсіх у гісторыі клуба забіў сотню), а Сафі з жонкай Месі Антанэлі займаецца абутковай крамай Sarkany, якую яны разам адкрылі ў маі 2017-га.

Луіс упэўнены: «Сафі кахала мяне яшчэ тады, калі ў мяне не было нічога. Яна практычна выратавала мяне — ад самога сябе».

Забіўшы пераможны гол Саудаўскай Аравіі (які вывеў Уругвай у плэй-оф ЧС), Луіс засунуў мяч пад футболку. Аказваецца, хутка ў іх з Сафі будзе трэцяе дзіця.

Калі сочыце за чэмпіянатам свету па футболе, раім вам зрабіць стаўку ў Букмекерскай канторы Марафон!

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?