Расія ўвяла дадатковыя пошліны ў памеры 25-40% на імпарт некаторых тавараў з ЗША ў адказ на амерыканскія пошліны на сталь і алюміній. Адпаведную пастанову падпісаў прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў, паведамляе ТАСС.
Фота: Прэс-служба ўрада Расіі.
У прыватнасці, пошліны ўводзяцца на некаторыя віды будаўніча-дарожнай тэхнікі і нафтагазавага абсталявання, аптычнае валакно і прылады для апрацоўкі металаў і бурэння скальных парод.
Расія ацэньвае страту ад амерыканскіх пошлін у $537,6 мільёна. Гэта дадатковая сума, якую расійскія экспарцёры павінны плаціць Злучаным Штатам. Павышэнне пошлін Расіяй на гэтым этапе дасць магчымасць кампенсаваць толькі $87,6 мільёна, паведамляюць у расійскім урадзе.





