6 ліпеня суд Савецкага раёна прыступіў да разгляду справы, якую юрысты ўжо назвалі беспрэцэдэнтнай. Маці 6-гадовай дзяўчынкі Наталля Белая падала пазоў да раённага аддзела адукацыі і дзіцячага садка № 160 Гомеля, у якім патрабуе ад іх кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 1 тысячы рублёў — чыноўнікі прыгразілі паставіць яе сям'ю ў статус сацыяльна-небяспечнай, таму што Наталля 2 тыдні не працавала. Маці дзяўчынкі кажа, што апошнія падзеі прынеслі ёй і дачцэ шмат пакут: маўляў, работнікі адукацыі яе зняважылі, абразілі, умяшаліся ў прыватнае жыццё і расказалі асабістыя даныя, піша Tut.by.

У чэрвені Наталля Белая атрымала з дзіцячага садка №160, які наведвае яе дачка, ліст, у якім сад паведамляў, што, паколькі яна не працаўладкавалася, яе сям'я знаходзіцца ў экстрэмальнай жыццёвай сітуацыі і патрабуе падвышанай педагагічнай увагі. У выпадку ж, калі Наталля не працаўладкуецца, папярэдзілі ў лісце, адміністрацыя сада «будзе вымушана паставіць яе і дзіця ў разрад сем'яў сацыяльна небяспечнага становішча». Сам ліст быў датаваны 5 чэрвеня. На той момант Наталля не працавала крыху больш за два тыдні.

Абураная і спалоханая жанчына распавяла пра інцыдэнт журналістам. Затым праз дзяржаўныя рэгіянальныя газеты ўзялі слова прадстаўнікі аддзела адукацыі. Паводле іх інфармацыі, дачка Наталлі — Аляксандра — была залічана ў дзіцячы сад у лютым, але фактычна не наведвала яго. Прычыну працяглай адсутнасці дачкі, маўляў, маці не тлумачыла. Пры гэтым, паводле звестак выканкама, 20 мая жанчына працаўладкавалася аперацыйнай санітаркай. «З кім знаходзілася дзіця ў перыяд работы мамы, калі садок дзяўчынка не наведвала?» — цікавіліся ў артыкуле журналісты. Таксама іх хвалявала крыніца даходу, на які непрацуючая жанчына ўтрымлівае сябе і дачку.

Менавіта гэтыя публікацыі, па словах жанчыны, і сталі апошняй кропляй. Наталля звярнулася ў суд. 6 ліпеня адбылося папярэдняе судовае паседжанне.

У пачатку суда яна падкрэсліла: грашовая кампенсацыя маральнай шкоды яе не вельмі цікавіць.

— У суд падала, бо хачу, каб маю сям'ю пакінулі ў спакоі, не лезлі ў асабістае жыццё, далі далей гадаваць і выхоўваць дачку, працаваць там, дзе мне зручна і там, дзе хочацца. Разумееце, гэта працягваецца ўжо вельмі шмат месяцаў, і я знаходжуся ў вялікім напружанні і моцна перажываю. Гэта былі самыя жудасныя дні ў нашым жыцці, — расплакалася ісціца.

Бок адказчыка — прадстаўнік аддзела адукацыі — з іскавымі патрабаваннямі не пагадзілася. На яе думку, сад і загадчыца не ўмешваліся ў асабістае жыццё з мэтай цікавасці, а праводзілі сацыяльнае расследаванне. Вялася работа ж на падставе тых нарматыўна-прававых актаў, якія абавязваюць сёння ўстановы адукацыі займацца раннімі выяўленнямі дрэннага становішча сям'і.

Наступнае судовае паседжанне прызначанае на 16 ліпеня.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру