8 ліпеня 2018 года парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Радашкавічах і Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрашаюць на Купалаў фэст грамадзян усёй Беларусі — землякоў Янкі Купалы.
Янка Купала, які ў далёкім 1882 годзе нарадзіўся ў Вязынцы, быў ахрышчаны ў касцёле старадаўняга мястэчка Радашкавічы. На ўспамін свайго дзеда і ў гонар найвялікшага прарока атрымаў сваё імя, і для свайго народа стаў паэтам-вестуном нацыянальнага адраджэння.
Сёлета тэма фэсту абумоўлена падзеямі 100-гадовай даўніны, калі Беларусь, як і многія народы Еўропы, зрабіла першы крок да незалежнасці: у 1918 годзе была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. Ад выхаду ў свет першага паэтычнага зборніка Янкі Купалы «Жалейка» у сакавіку 1908 года да 25 сакавіка 1918 года паэт крочыў разам з народам праз мірныя і ваенныя гады. Яго паэзія жывіла душы і заклікала да аднаўлення годнасці чалавека і годнасці народа. Пасля маўчання ў час І Сусветнай вайны у творчым лёсе Янкі Купалы новы этап пачаўся словамі «Для Бацькаўчыны-Маці буду йграць!»
Праграма фэсту:
• 10.00 — святая Імша ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы
• 11.20 — культурна-грамадская акцыя «Чытаем Купалу разам»: чытанне ўсімі жадаючымі патрыятычных вершаў Янкі Купалы
• 12.20 — перапынак на гарбатку
• 12. 45 — канцэртная праграма: «Miareža», «Ubi Caritas»
• 14.00 — малітва на завяршэнне ў касцёле





