Назваць вуліцу Валадарскага ў гонар братоў Луцкевічаў гарадзкія ўлады адмовіліся, бо «ня экстраны» выпадак. Што з устаноўкай дошкі ў гонар 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР, незразумела: прычынаў такога доўгага разгляду ў адказе не называюць, піша Радыё Свабода.

Мастак Мікола Купава атрымаў адказ ад намесьніка старшыні Менгарвыканкаму Ігара Юркевіча наконт дзьвюх ініцыятываў, зьвязаных са 100-годзьдзем абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Як расказаў Купава Свабодзе, з дошкай «пакуль не прынятае рашэньня», але прычыны таго, чаму рашэньня няма, не называюцца.

Гарадзкія ўлады далі папярэднюю вусную згоду на ўстаноўку дошкі, вырабленай 25 гадоў таму, яшчэ 1 сакавіка, але канчатковай згоды няма дагэтуль. За кошт ахвяраваньняў (патрэбную суму сабралі за тры гадзіны) скульптар Ігар Засімовіч вырабіў новую дошку, бо старая прыйшла ў непрыдатны стан.

Мастацкая рада Менгарвыканкаму яшчэ ў красавіку зацьвердзіла вонкавы выгляд дошкі, аднак, насуперак ранейшым дамоўленасьцям, афіцыйнага рашэньня Менгарвыканкаму аб устаноўцы няма дагэтуль. Купава мяркуе, што «так можна цягнуць і год, і два», але давядзецца набрацца цярпеньня.

Ідэю перайменаваць вуліцу Валадарскага ў гонар братоў Луцкевічаў, ідэолягаў адраджэньня беларускай дзяржаўнасьці, Менгарвыканкам адхіліў, бо такія перайменаваньні робяцца «толькі ў экстраных выпадках». Таксама гарадзкія ўлады спасылаюцца на тое, што нядаўна ўжо быў усталяваны мэмарыяльны знак у гонар братоў Луцкевічаў — у парку Купалы, на месцы, дзе стаяў іхны дом.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0