Браслаўскі раён здаўна лічыцца адным з самых маляўнічых куткоў Беларусі. Узгорыстыя ландшафты і мноства азёр, злучаных паміж сабой дзівоснымі ўзорамі рачулак і вадаёмаў, надаюць краю асаблівы каларыт і непаўторнасць…

Адзіным манументальным і значным па сваіх памерах будынкам у Відзах з'яўляецца касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Марыі Панны, узведзены ў пачатку XX ст. блізу гандлёвай плошчы. Гэты будынак з чырвонай цэглы, які ўвабраў у сваю архітэктуру матывы раманскага і гатычнага дойлідства. Акрамя таго, вы пабачыце Успенскую стараверскую царкву XX ст. і магілу Томаша Ваўжэцкага (1753—1816 гг.) — грамадска-палітычнага і ваеннага дзеяча ВКЛ (актыўнага ўдзельніка паўстання 1794 г. пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі).

Нас чакае Опса з радавым маёнткам Плятэраў XX ст. Паходжанне роду графаў Плятэраў звязана з сярэднявечнай Германіяй. У 1210 г. упершыню згадваецца рыцар з Вестфаліі — Хумберт фон Плятэр. Род Плятэраў — адзін з самых магутных родаў ВКЛ. У іх родзе былі мецэнаты, кашталян, ваяводы, паслы, палітыкі і навукоўцы.

Сэрца старажытнага Браслава — і ў мінулым, і сёння — Замкавая гара. Нерэгулярная планіроўка са звілістымі вуліцамі і маляўніча раскіданымі на пагорках камяніцамі надае своеасаблівае зачараванне гэтаму кутку азёрнай сталіцы. У горадзе захаваліся ўзоры народнага драўлянага дойлідства, а таксама характэрная ансамблеевая забудова ў стылі мадэрн. Два культавыя помнікі канца XIX ст. — Царква Успення Найсвяцейшай Багародзіцы і Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі — сваімі вежамі фармуюць выразны сілуэт горада. З Замкавай гары адкрываецца незабыўная панарама Браслава.

У Слабодцы мы наведаем найпрыгажэйшы неагатычны касцёл Провіду Божага XX ст. Унікальная архітэктура і непаўторны інтэр'ер касцёла не пакінуць вас абыякавымі.

Упершыню Друя згадваецца ў Хроніцы Стрыйкоўскага пад 1386 г. Гэта быў невялікі горад, які знаходзіцца ля месца ўпадзення ракі Друйкі ў Дзвіну. Горад гістарычна складаўся з трох частак — Друі, Сапежына (часткі горада, якая належыла Сапегам) і Піедруя, якая знаходзіцца на супрацьлеглым баку Дзвіны (цяпер тэрыторыя Латвіі). Горад быў невялікім, і таму атрымаў Магдэбургскае права і герб параўнальна позна, у 1620 г. Найболей цікавай з помнікаў архітэктуры Друі, безумоўна, з'яўляецца былы кляштар і касцёл бернардзінцаў, заснаваны Сапегамі ў XVII ст. На беразе Дзвіны захаваўся самы стары помнік Друі — Барысаў камень XII ст.

Даведацца падрабязнасці і запісацца ў вандроўку па браслаўскім краі можна па тэлефонах:

(17) 203-69-70
(17) 226-03-02
(29) 682-58-07
(29) 772-77-58

Болей інфармацыі — на сайце www.zamak.by.

Фонд «Краіна замкаў». УНП 690382807

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру