Запароскае прадпрыемства «Мотор Січ» разьлічвае, што на працягу наступнага тыдня зможа ўзгадніць умовы перадачы беларускай дзяржаве свайго пакету акцый Аршанскага авіярамонтнага заводу, паведамляе Радыё Свабода.

«Вядома, што прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка быў на аршанскім заводзе, зрабіў заяву. Так, мы сапраўды адтуль сыходзім, а дэталі будуць узгодненыя найбліжэйшым часам. Па выніках мы абавязкова паінфармуем», — паведаміў Свабодзе дырэктар «Мотор Січ» у пытаньнях сувязяў з грамадзкасьцю Анатоль Малыш.

У той жа час ён пазьбегнуў адказу на пытаньне, ці прадугледжваецца выплата беларускім бокам кампэнсацыі за перадачу ўкраінскім інвэстарам акцый прадпрыемства: «На працягу наступнага тыдня ўсё будзе разгледжана».

Дагэтуль 60% акцыяў заводу належала ўкраінскай кампаніі «Мотор Січ», а 40% — беларускай кампаніі «Сыстэмы інвэстыцыяў і інавацыяў», якой валодае беларускі бізнэсовец Аляксандар Садовы. Але 11 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра нацыяналізацыю прадпрыемства.

У час візыту на Аршанскі авіярамонтны завод Лукашэнка заявіў, што «гэта дзяржаўнае прадпрыемства ад сёньняшняга дня», бо «ўласьнікаў тут ужо няма».

Аляксандар Лукашэнка ў часе наведваньня ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод».

Ён падпісаў даручэньне аб «аднаўленьні эфэктыўнай працы» Аршанскага авіярамонтнага заводу, але пакуль яно не апублікаванае — як будзе адбывацца нацыяналізацыя, невядома.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру